Вытокі і сутнасць сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла |
Сацыяльнае вучэнне Каталіцкага Касцёла |
12.11.2013 10:56 |
Касцёл заўсёды прапаведваў вучэнне аб годнасці чалавека, яго грамадскім і духоўным пакліканні і жыцці ў супольнасці. І таму можна казаць, што сацыяльнае вучэнне Каталіцкага Касцёла – гэта арганічная частка хрысціянскага вучэння. Гэтаму назапашанаму стагоддзямі корпусу сацыяльнага вучэння і будзе прысвечана нашая рубрыка. Хрысціянін ведае, што ў сацыяльным вучэнні Касцёла ён можа знайсці прынцыпы разважання, крытэрыі суджэння і напрамкі дзеяння, якія з’яўляюцца зыходным пунктам для развіцця цэласнага і салідарнага гуманізму (Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла, 7). У нашай рубрыцы праз прызму сацыяльнай дактрыны Касцёла мы звернемся да такіх важных паняццяў, як права і годнасць чалавека, праца, заробак, сям’я, экалагічныя пытанні, мір і вайна і многае іншае. Сёння ж паразважаем над вытокамі сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла.
Важна адзначыць адразу той факт, што сацыяльная дактрына Касцёла не можа разглядацца альбо быць параўнанай з пэўнай ідэалогіяй. Гэтая дактрына прадстаўляе сабой рэфлексію Касцёла над сацыяльнай рэальнасцю, даючы ацэнку ў свеце Евангелля і прапануючы прынцыпы для практычнага дзеяння ў грамадстве. Сацыяльная дактрына Касцёла не з'яўляецца ані ідэалогіяй, ані сацыяльнай тэорыяй, ані ўніверсальным клішэ для ўсіх сацыяльных і эканамічных сістэм, ані ідэальнай утопіяй, ані маральным абстрактным каталогам сацыяльных норм для чалавецтва. Таксама было б памылковым звузіць разуменне сацыяльнай дактрыны Касцёла як трэцяга шляху паміж марксізмам і капіталізмам. Як ужо было адзначана, Касцёл не прапаноўвае нейкую ідэалогію альбо сацыяльную, эканамічную, палітычную сістэму, бо гэта не ўваходзіць у яго кампетэнцыю. Асаблівая роля Касцёла тут – інтэрпрэтаваць сацыяльную рэальнасць, маральны аспект сацыяльнай дзейнасці і прапанаваць ключавыя прынцыпы, згодныя з евангельскім разуменнем чалавечай годнасці. Таму сацыяльная дактрына Касцёла не належыць да паняцця пэўнай ідэалогіі, а больш да тэалогіі – а менавіта маральнай тэалогіі.
Кажучы пра сутнасць і характар сацыяльнага вучэння Касцёла, неабходна адзначыць, што гэта не статычны кодэкс сацыяльных норм, але гэтае вучэнне знаходзіцца ў пастаянным развіцці і дапрацоўцы, адказваючы на актуальныя выклікі часу і духоўна суправаджаючы сацыяльны вопыт чалавецтва. Існуе нязменная трывалая база, але са з’яўленнем новых рэалій, кантэкстаў Касцёл шукае і дае адказ таксама на новыя пытанні. Гэтая дактрына не з’яўляецца чыстай тэорыяй, але мае практычнае прымяненне да канкрэтных праблем і паняццяў. З другога боку неабходна прызнаваць, што Касцёл не імкнецца толькі “навучаць” грамадства, але таксама гарманічна ўпісваецца ў яго, бо Касцёл і грамадства маюць няспынны ўплыў і ўзаемадзеянне.
Многія аўтары, якія пішуць аб развіцці сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла, звязваюць узнікненне гэтага вучэння з так званым “сацыяльным пытаннем” ХІХ ст. і зводзяць яго толькі да сацыяльных дакументаў Касцёла двух апошніх стагоддзяў. Разам з тым існуе мноства даследванняў, прысвечаных сацыяльнаму вучэнню Святога Пісання і вучэнню Айцоў Касцёла, а таксама даследванні, якія адлюстроўваюць увесь комплекс сацыяльных поглядаў ранняга Касцёла. Маюцца працы па сацыяльнаму вучэнню схаластаў, асабліва Тамаша Аквінскага, што таксама з’яўляецца неад’емнай часткай дакументаў па сацыяльнай дактрыне Касцёла.
1) Святое Пісанне З’яўляецца крыніцай і сведчаннем вучэння – адтуль даведваемся, якімі былі погляды тагачаснай Сінагогі, а пазней Касцёла на грамадскія праблемы. Мы аналізуем і інтэрпрэтуем іх у культурным і гістарычным кантэксце, каб зразумець сэнс і сутнасць гэтага вучэння і паспрабаваць зразумець іх лагічную сістэму. Таму менавіты гэты гістарычны ракурс і кантэкст так важны для правільнай інтэрпрэтацыі дакументаў. Без уліку гэтай сувязі ўсёй сацыяльнай дактрыны Касцёла з кантэкстам разуменне тэкстаў было б няпоўным. 2) Дакументы Сабораў і Сінодаў. 3) “Пастырскія” дакументы, якія з’яўляюцца непасрэдным інструментам евангелізацыі (папскія і біскупскія пасланні). Гэта ў першую чаргу пасланні біскупаў і папскія дакументы, асабліва тыя, якія падпісаны самім Папам – энцыклікі, настаўленні, motu proprio, пасланні Апостальскай Сталіцы, дагматычныя канстытуцыі, а таксама прамовы Папаў пры розных нагодах. Усё большую распаўсюджанасць апошнім часам набываюць і матэрыялы Сіноду Біскупаў, дзе варта размяжоўваць працоўныя матэрыялы ад выніковага дакумента, які набывае ранг папскага дакумента апостальскага значэння. 4) Працы каталіцкіх навукоўцаў, тэолагаў, філосафаў, сацыёлагаў і эканамістаў.
Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла падае комплексны агляд асноўных напрамкаў дактрынальнага “корпуса” сацыяльнага каталіцкага вучэння. Мэта гэтага дакумента – поўна і сістэматычна прадставіць, хаця і ў форме агляду, сацыяльнае вучэнне, якое з’яўляецца плёнам глыбокіх разважанняў Настаўніцкага Інстытута і выразам пастаяннага клопату Касцёла, каб захаваць вернасць ласцы Хрыстовага збаўлення і з любоўю клапаціцца пра лёс чалавецтва. Ганна Страшкевіч |