Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прадпрымальніцтва па-хрысціянску
Сацыяльнае вучэнне Каталіцкага Касцёла
29.09.2014 12:07

Прадпрымальнікі павінны служыць агульнаму дабру ўсяго грамадства праз вытворчасць карысных дабротаў і паслуг – такую фармулёўку падае нам Кампендый сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла.

Гэтае азначэнне вынікае з тыпова эканамічнай функцыі — задавальнення патрэб розных суб’ектаў і стварэння багаццяў для ўсяго грамадства, прапаноўваючы паслугі і даброты ў адпаведнасці з прынцыпамі эфектыўнасці.

Апрача гэтай функцыі, прадпрымальніцтва выконвае таксама грамадскую функцыю, ствараючы для задзейнічаных асоб магчымасць сустракацца, супрацоўнічаць, развіваць свае здольнасці.

Падсумоўваючы, можна сказаць, што эканамічнае вымярэнне ў прадпрымальніцтве абумоўлівае дасягненне не толькі эканамічных, але і сацыяльных і маральных мэтаў, да якіх трэба імнуцца разам.

Хоць прадпрымальніцтва павінна быць рэалізавана у адпаведнасці з эканамічнымі крытэрыямі, але нельга ігнараваць таксама сапраўдныя каштоўнасці, якія садзейнічаюць канкрэтнаму развіццю чалавека і грамадства. Бо прадпрымальніцтва — гэта не сума капіталаў, але аб’яднанне асоб, якія розным чынам і з рознай адказнасцю ўдзельнічаюць і ўносяць неабходны для дзейнасці прадпрымальніцтва капітал, а таксама тыя, хто ў гэтую дзейнасць укладвае сваю працу.

Члены прадпрыемства павінны памятаць, што супольнасць, у якой яны дзейнічаюць, з’яўляецца агульным дабром, а не структурай, дзе задавольваюцца чыесьці асабістыя інтарэсы.

Сацыяльнае вучэнне прызнае значэнне прыбытку як першага паказальніка добрага развіцця прадпрыемства, але прыгадвае, што не заўсёды прыбытак указвае на тое, што прадпрыемства адэкватна служыць грамадству. Напрыклад, у сітуацыях, калі, нягледзячы на добрыя эканамічныя рахункі, людзі, якія ствараюць найвялікшае багацце прадпрыемства, прыніжаны і зняволены (эксплуатацыя людзей).

Неабходна, каб унутры прадпрыемства законнае імкненне да прыбытку было спалучана з абавязковай аховай годнасці людзей, якія на гэтым прадпрыемстве выконваюць розныя функцыі.

Касцёл катэгарычна падвяргае маральнаму асуджэнню ліхвярства. Праз ліхвярства і імкненне да нажывы спекулянты правакуюць голад і смерць сваіх братоў, ускосна здзяйсняюць забойства і павінны адказаць за яго.

Сёння прадпрымальніцтва развіваецца ва ўсё больш шырокіх эканамічных межах. Яшчэ ніколі да гэтага часу роля прадпрыемстваў не была такой важнай для сапраўды салідарнага і цэласнага пазвіцця чалавецтва. А сапраўднае развіццё альбо тычыцца усіх нацый свету, або яно не з’яўляецца сапраўдным.  

Ганна Страшкевіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.