Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Чым з’яўляецца агульнае дабро паводле вучэння Касцёла?
Сацыяльнае вучэнне Каталіцкага Касцёла
12.06.2014 11:42

Агульнапрынятае паняцце “агульнае дабро” Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла падае наступным чынам: гэта сукупнасць умоў грамадскага жыцця, якія дазваляюць супольнасцям ці індывідуумам паўней і лягчэй дасягаць уласнай дасканаласці.

У агульнае дабро ўваходзіць:

• Шанаванне і падтрымка асноўных правоў асобы
• Узрастанне духоўных і зямных дабротаў асобы і грамадства
• Спакой і бяспека ўсіх.

Касцёл навучае, што ніводная грамадская форма – сям’я, прамежкавая сацыяльная група, асацыяцыя, эканамічнае прадпрыемства, горад, рэгіён, дзяржава, аж да супольнасці народаў і нацый  - не можа пазбегнуць пытання пра сваё агульнае дабро, якое акрэслівае  яе значэнне і якое ўяўляе сапраўдную прычыну яе існавання.

Агульнае дабро - не проста сума прыватных дабротаў кожнага суб’екта грамадства. Будучы дабром усіх і кожнага, яно з’яўляецца і застаецца агульным, паколькі яно непадзельнае, і толькі разам яго можна дасягнуць, павялічыць і захаваць, у тым ліку і на будучыню.

Асоба не можа эгаістычна абмяжоваўвацца сабой, сваімі інтарэсамі і не можа дасягнуць паўнаты ў самой сабе, адкідваючы існаванне “з” іншымі і “для” іншых. Гэтая праўда абавязвае людзей не толькі да суіснавання на розных узроўнях грамадскага жыцця і адносін, але і да няспыннага пошуку – у практыцы, а не толькі ў сферы ідэй, - дабра, а значыць, сэнсу і праўды ў рэальных формах грамадскага жыцця.

Чаго датычаць патрабаванні агульнага дабра, якіх сфер? Перш за ўсё гэта пытанні ўсталявання супакою, арганізацыі дзяржаўнай улады, трывалай прававой сістэмы, аховы прыроднага асяроддзя, забеспячэння істотных для чалавека патрэб, якія ў некаторых выпадках з’яўляюцца адчасова яго правамі: харчаванне, жыллё, праца, адукацыя і доступ да культуры, транспарт, ахова здароўя, свабодны абмен інфармацыяй і захаванне рэлігійнай свабоды. Сюды ж можна і аднесці клопат аб нашчадках – будучых пакаленнях.

Хто павінен клапаціцца пра агульнае дабро?


Клопат пра агульнае дабро з’яўляецца абавязкам кожнага, ніхто не вызвалены ад удзелу ў гэтым, кожны па сваіх магчымасцях павінен клапаціцца пра яго развіццё і дасягненні з усёй адказнасцю.

Агульнае дабро – гэта вынік самых узнёслых чалавечых памкненняў, але гэтае дабро цяжка дасягальнае, бо патрэбны адпаведныя здольнасці і пастаяннае імкненне да дабра для іншага, як для самога сябе.

Агульнае дабро грамадства не з’яўляецца самамэтай. Яно мае каштоўнасць настолькі, наколькі суадносіцца з рэалізацыяй канчатковых мэт асобы і з універсальным агульным дабром усяго стварэння.

Падсумоўваючы, адзначым, што кожны чалавек згодна са сваёй пасадай і роляй, якую ён выконвае, удзельнічае ў развіцці агульнага дабра, калі паважае справядлівыя законы і клапоціцца аб сферах, за якую нясе асабістую адказнасць, такіх, як уласная сям’я і ўласная праца. Абавязкам кожнага з’яўляцца таксама па магчымасці і ўдзел у грамадскім жыцці.

Ганна Страшкевіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.