| 
  Перш за ўсё варта адзначыць, што святочны адпачынак з’яўляецца правам кожнага. Бог на сёмы дзень адпачыў ад усёй сваёй працы, якую зрабіў. Мы створаны на Яго вобраз і павінны выкарыстоўваць адпаведны адпачынак і вольны час, што дазволіць нам паклапаціцца пра сваё сямейнае, культурнае, грамадскае і рэлігійнае жыццё. Гэтаму і садзейнічае ўстанаўленне дня Пана. 
Катэхізіс Каталіцкага Касцёла адзначае, што вернікі ў нядзелю і іншыя ўстаноўленыя святочныя дні павінны ўстрымлівацца ад выканання працы або дзейнасці, якія перашкаджаюць здзяйсненню належнага культу Бога, радасці, уласцівай дню Пана, ажыццяўленню ўчынкаў міласэрнасці і неабходнаму духоўнаму і фізічнаму адпачынку. 
  Сямейныя патрэбы або патрабаванні на карысць грамадства маюць моц вызваліць ад абавязку нядзельнага адпачынку, але яны не павінны фарміраваць звычак, якія шкодзяць рэлігійнаму і сямейнаму жыццю, а таксама здароўю. 
  Нядзеля з’яўляецца днём, які трэба святкаваць з дзейснай міласэрнасцю, прысвячаючы ўвагу сям’і і родным, а таксама хворым, калекам і пажылым. Нельга забываць пра тых братоў, якія маюць тыя ж самыя патрэбы і тыя ж самыя правы, але не могуць адпачываць з прычыны беднасці і нястачы.  
  Акрамя таго, нядзеля – гэта добры час для разважання, цішыні, заняткаў, якія садзейнічаюць узбагачэнню духоўнага і хрысціянскага жыцця. Вернікі ў гэты дзень павінны практыкаваць умеркаванасць, пазбягаць усялякіх злоўжыванняў і свавольстваў, якімі часта адзначаюцца масавыя гулянні. 
  Грамадскія ўлады павінны сачыць за тым, каб грамадзяне з-за эканамічна-вытворчых меркаванняў не былі пазбаўлены часу, прызначанага на адпачынак і на ўдзел у здзяйсненні Божага культу. Працадаўцы маюць аналагічны абавязак у адносінах да падначаленых. 
  Хрысціяне павінны клапаціцца, дзеля павагі да рэлігійнай свабоды і агульнага дабра ўсіх, каб нядзелі і літургічныя ўрачыстасці былі прызнаны заканадаўствам выходнымі днямі. Яны павінны даваць усім відавочны прыклад малітвы, павагі і радасці, а таксама бараніць свае традыцыі як каштоўны ўклад у духоўнае жыццё чалавечай супольнасці. 
  Кожны хрысціянін павінен пазбягаць навязвання без патрэбы іншаму таго, што перашкодзіла б яму захаваць дзень Пана. 
  Ганна Страшкевіч
 
  
 |