Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сям’я як калыска жыцця і любові
Сацыяльнае вучэнне Каталіцкага Касцёла
05.11.2014 13:11

Чаму менавіта сям’я лічыцца першай ячэйкай грамадства? Чаму Святое Пісанне заўсёды падкрэслівае прыярытэт сям’і? Якую важнасць нясе ў сабе сям’я для асобы і грамадства?

Ужо на падставе тэкстаў аб стварэнні першых людзей становіцца зразумелым, што паводле Божага намеру мужчына і жанчына ствараюць першую форму супольнасці асоб. Ева была падобная да Адама, як тая, хто ў сваёй адметнасці дапаўняе яго, каб утварыць з ім адно цела. Адначасова першыя людзі атрымоўваюць заданне стаць супрацоўнікамі Стварыцеля — «Пладзіцеся і размнажайцеся, напаўняйце зямлю».

Сям’я згодна з намерам Стварыцеля з’яўляецца першым месцам «гуманізацыі» асобы і грамадства. У сям’і чалавек вучыцца пазнаваць любоў і вернасць Пана і ўсведамляе, што на іх трэба адказваць, дзеці атрымліваюць першыя і найбольш важныя ўрокі практычнай мудрасці, з якой звязаны цноты. Таму Пан робіць сябе задаткам сужэнскай любові і вернасці.

Касцёл разглядае сям’ю як першае натуральнае грамадства, якое з самага пачатку мае асабістыя правы, і ставіць яе ў цэнтры грамадскага жыцця. Змяшчэнне сям’і з цэнтральнага месца ў грамадстве можа сур’ёзна пашкодзіць ёй, яе сапраўднаму развіццю.

Сям’я мае сваё асаблівае грамадскае вымярэнне як першапачатковая прастора міжасабовых адносін, першая жыццёва важная ячэйка грамадства.

Сям’я — гэта Божая ўстанова, якая закладвае фундамент для жыцця асоб як першы прыклад усялякага грамадскага ладу.

З прыходам у свет кожнага дзіцяці грамадства атрымлівае ў дар новую асобу, якая паклікана да супольнасці з іншымі, а таксама да ахвяравання сябе іншым.

У сям’і ўзаемны дар мужчыны і жанчыны стварае асяроддзе, у якім дзіця можа развіваць свае магчымасці, паступова ўсведамляць сваю годнасць і рыхтавацца да сустрэчы са сваім адзіным і непаўторным лёсам. У сям’і асоба спазнае, чым ёсць дабро і зло, даведваецца, што значыць любіць і быць любімым і што азначае канкрэтна — быць асобай.

Сям’я як натуральная супольнасць, у якой рэалізуецца сацыяльнасць чалавека, уносіць свой непаўторны і незаменны ўклад у дабро грамадства.

Грамадства, пабудаванае па тыпу сям’і, з’яўляецца найлепшай гарантыяй супраць адхіленняў у бок індывідуалізму  або калектывізму, таму што ў такім грамадстве асоба заўсёды знаходзіцца ў цэнтры ўвагі як мэта і ніколі не выкарыстоўваецца як сродак.

Сям’я дзякуючы пракрэатыўнай функцыі з’яўляецца ўмовай існавання грамадства. Таму яна адыгрывае першасную ролю, і не сям’я існуе для грамадства і дзяржавы, а наадварот — грамадства і дзяржава для сям’і.

Ганна Страшкевіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.