Справядлівы заробак з’яўляецца законным плёнам працы. Заробак - найважнейшы інструмент устанаўлення справядлівасці ў працоўных адносінах.
Сур’ёзную несправядлівасць здзяйсняе той, хто адмаўляе яго ці не дае заробак у патрэбны час і прапарцыянальна да выкананай працы.
Заробак – гэта інструмент, які адкрывае працаўніку доступ да зямных дабротаў.
Таму Касцёл вучыць, што трэба так узнагароджваць за працу, каб гэта давала чалавеку сродкі для забяспячэння сабе і блізкім годнага матэрыяльнага, грамадскага, культурнага і духоўнага жыцця, улічваючы род заняткаў кожнага, прадуктыўнасць працы, спецыфіку вытворчасці і агульнае дабро.
Звычайнай дамовы паміж працаўніком і працадаўцам наконт памераў заробку недастаткова, каб кваліфікаваць узгодненую ўзнагароду як “справядлівую”, паколькі яна павінна быць дастатковай для ўтрымання. Натуральная справядлівасць папярэднічае свабодзе дамоваў і пераўзыходзіць іх.
Касцёл таксама кажа пра сямейную заработную плату, маючы на ўвазе заробак, дастатковы для ўтрымання сям’і і забеспячэння ёй годнага жыцця. Гэты заробак павінен дазваляць рабіць зберажэнні, дзякуючы якім можна будзе набыць якую-небудзь уласнасць як гарантыю свабоды.
Права на ўласнасць цесна звязана з існаваннем сем’яў, якія абараняюцца ад беднасці дзякуючы зберажэнням і ўладкаванню сямейнай уласнасці. Канкрэтныя формы сямейнага заробку могуць быць рознымі. Яго вызначаюць некаторыя важныя сацыяльныя меры, напрыклад, дапамога сем’ям ці іншыя датацыі для асоб, якія знаходзяцца на ўтрыманні, а таксама ўзнагароджванне за хатнюю працу аднаго з бацькоў.
Ганна Страшкевіч
|