Мінулым разам, размаўляючы аб пачатках сацыяльнага вучэння, мы адзначылі, што Касцёл заўсёды шукаў адказ на актуальныя для грамадства пытанні. І таксама казалі пра тое, што існуе памылковае меркаванне, нібыта першая сацыяльная энцыкліка паклала пачатак сацыяльнай дактрыне Касцёла. Насамрэч Касцёл заўсёды, ад самага пачатку, шукаў адказы на сацыяльныя пытанні.
Сёння мы паразважаем пра першы сацыяльны дакумент Апостальскай Сталіцы, яго важнасць, кантэкст і атрыманы рэзананс.
Калі і чаму ўзнік?
У канцы ХІХ стагоддзя, адказваючы на выклікі часу, Папа Леў ХІІІ піша энцыкліку “Rerum Novarum” (“Аб новых рэчах”, 1891), публікацыя якой сапраўды сталася гістарычнай падзеяй.
Бачачы страшную беднасць і ўмовы, у якіх жылі працоўныя той эпохі, а таксама жадаючы абараніць годнасць чалавечай асобы і яе правы, Касцёл не мог не выказаць сваю пазіцыю і застацца па-за сацыяльнымі праблемамі.
Упершыню дакумент Апостальскай Сталіцы прапаноўваў глабальную візію сацыяльных праблем эпохі, робячы асаблівы акцэнт на тагачасным становішчы рабочых і заклікаючы адпаведныя інстытуты – Касцёл, дзяржаву і асацыяцыі працоўных (прафсаюзы) – адыграць сваю канкрэтную ролю ў гэтым пытанні.
Аб чым?
Леў ХІІІ меў адвагу звярнуць увагу ўсяго сусвету на праблему беднасці і несправядлівасці жыцця шматлікіх рабочых, жанчын, дзяцей і прапанаваў умяшанне Касцёла, дзяржавы і асацыяцый у вырашэнне гэтага пытання.
Коратка кажучы: энцыкліка прысвечана становішчу працоўнага класа, так званаму сацыяльнаму пытанню.
Касцёл, нагадваў Папа, мае маральны аўтарытэт спрыяць справядлівасці, дзяржава абавязана па закону абараняць правы працоўных і падтрымліваць закон аб асацыяцыях (прафсаюзах). Апошнія са свайго боку павінны аб’ядноўваць рабочых у абароне іх правоў і супрацьстаяць несправядлівасці, беднасці і бесчалавечным умовам працы.
Энцыкліка адкрыта крытыкуе злоўжыванні ліберальнага капіталізму і ілюзіі сацыялізму той эпохі.
Каманда аўтараў. А хто эксперты?
Некалькі слоў пра аўтара: Вінчэнца Джоакіна Печы, які пасля выбару на пасад св. Пятра выбраў сабе імя Леў ХІІІ, італьянец, атрымаў цудоўную адукацыю ў езуітаў, святарскае пасвячэнне прыняў у 1837 годзе, пасля доўгі час знаходзіўся на папскай дыпламатычнай службе. Выконваў абавязкі паскага легата ў Бэнэвэнто (Італія), а атрымаўшы ў 1843 годзе біскупскую сакру, стаў Апостальскім Нунцыем у Бруселі. Быў абраны Папам у 1878 годзе.
Маючы багаты пастырскі вопыт, Пантыфік бачыць бездань, якая распасціраецца паміж Касцёлам і сучасным светам, і пачынае шукаць адказы на выклікі часу, пацвярджэннем чаго з’яўляюцца сацыяльныя дакументы і першая энцыкліка па сацыяльным пытанні.
Даследчыкі адзначаюць той факт, што сам падыход да праблемы ў папскім дакуменце базуецца на тэалагічнай рэфлексіі над пытаннем і глыбокім сацыяльным аналізе. Па апошнім можна беспамылкова распазнаць вельмі кампетэнтны ўклад навукоўцаў у сацыяльных навуках і гісторыкаў.
Адметным таксама з’яўляецца факт, што да працы над энцыклікай былі пакліканы міжнародныя эксперты, каб унесці свой уклад праз даследваннні і навукова-практычны падыход да напісання дакумента.
Важнасць дакумента
Энцыкліка “Rerum Novarum” сапраўды сталася знакавай падзеяй канца ХІХ стагоддзя. Хаця таксама нельга сказаць, што гэтая энцыкліка з’явілася спантанна, — лепш сказаць, што яе з’яўленне стала вынікам багатага і доўгага вопыту ў развіцці навучання і сацыяльнага мыслення.
Гістарычную важнасць энцыклікі адлюстроўвае і той факт, што гадавіна яе выхаду звычайна адзначаецца Касцёлам. Папы пісалі энцыклікі, у назве адлюстроўваючы, колькі год мінула з першай сацыяльнай энцыклікі (“Centesimusannus” Яна Паўла ІІ — у стагоддзе энцыклікі, “Quadragesimo Anno” Пія ХІ — у саракавую гадавіну), а таксама ўзгадвалі яе ўжо ў тэксце сваіх энцыклік (“Pacem in terrіs” Яна XXIII, 1963 год) Ганна Страшкевіч
|