У мінулым выпуску рубрыкі мы спыніліся на энцыкліцы “Quadragesimo Аnno” (“Саракавы год” ад 15 мая 1931 года) Пія ХІ – адным з найважнейшых сацыяльных дакументаў гэтага Пантыфікату.
Кіраванне Папам Піем ХІ Касцёлам прыходзіцца на 20-30-я гады ХХ стагоддзя (1922–1939), у вельмі неспакойную міжваенную эпоху ўзмацнення класавай барацьбы. Папа не прамінуў узняць голас супраць таталітарных рэжымаў, якія ў гэтыя часы пачалі панаваць у Еўропе.
Папа Пій ХІ з’яўляецца аўтарам 20 энцыклік, з якіх назавем толькі тыя, што маюць сацыяльную накіраванасць.
Дзве першыя энцыклікі Пія ХІ – “Ubi Аrcano Dei” (1923) (Энцыкліка аб шуканні Хрыстовага Супакою) i “Quas Рrimas” (Энцыкліка аб Валадарстве Хрыста) (1925) сканцэнтраваны на аналізе пасляваеннай сітуацыі. Папа бачыць крыніцу праблем у натуралізме і практычным матэрыялізме – у цэлым комплексе памылак, якія зводзяцца да галоўнай бяды – секулярызацыі.
У 1929 годзе з’явілася энцыкліка “Divini Іllius Magistri”, прысвечаная пытанням хрысціянскага выхавання. У дакуменце Папа нагадвае пра асноўныя прынцыпы хрысціянскага персаналізму, а таксама пра адказнасць у першую чаргу бацькоў, а пасля ўжо Касцёла і дзяржавы ў гэтым працэсе. 29 чэрвеня 1931 г. – энцыкліка “Non Аbbiamo Bisogno” (“Не маем патрэбы”), напісаная на італьянскай мове, дзе Папа выступіў супраць самавольнага фашысцкага рэжыму ў Італіі.
У 1937 годзе з’яўляецца энцыкліка на нямецкай мове “Mit Вrennender Sorge” (“З гарачым клопатам”) , прысвечаная становішчу Каталіцкага Касцёла ў нямецкім Рэйху. Тэкст энцыклікі быў распаўсюджаны ў поўнай сакрэтнасці і прачытаны з амбонаў усіх каталіцкіх касцёлаў у Германіі. Энцыкліцы папярэднічалі гады злоўжывання і акты насілля.
А папрасілі аб ёй Пія ХІ нямецкія біскупы пасля таго, як у 1936 годзе Рейх прыняў яшчэ больш жорсткія і рэпрэсіўныя меры, скіраваныя, у прыватнасці, супраць моладзі, якую прымушалі ўступаць у фашысцкую арганізацыю “Гітлерюгенд”.
Папа звяртаецца да святароў, законнікаў і законніц, а таксама да свецкіх вернікаў са словамі падтрымкі і заклікам да супраціўлення злу з мэтай вяртання сапраўднага супакою паміж Касцёлам і дзяржавай. У 1938 годзе ва ўмовах распаўсюджвання антысемітызму Пій ХІ заявіў: “Духоўна мы з’яўляемся семітамі”.
У энцыкліцы “Divini Redemptoris“ (“Боскі Адкупіцель”), прысвечанай бязбожнаму камунізму і хрысціянскаму сацыяльнаму вучэнню, Пій ХІ выступіў з сістэматычнай крытыкай камунізму, назваўшы яго “па самой сваёй сутнасці сапсаваным”, і ўказаў на асноўныя сродкі для залечвання нанесеных атэістычным камунізмам ран: аднаўленне хрысціянскага жыцця, ажыццяўленне евангельскай міласэрнасці, выкананне патрабаванняў справядлівасці на ўзроўні міжасабовых і сацыяльных адносін дзеля агульнага дабра, заснаванне прафесійных арганізацый і міжгаліновых працоўных аб’яднанняў. Ганна Страшкевіч
|