Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сацыяльныя дакументы Касцёла ХХ стагоддзя: ваенныя часы і пасляваенная аднова, прадвесце Другога Ватыканскага Сабору і асоба Папы Пія ХІІ
Сацыяльнае вучэнне Каталіцкага Касцёла
04.02.2014 15:52

Сацыяльна-палітычны кантэкст Пантыфікату
 
Пантыфікат Пія ХІІ (1939–1958 гг.) прыпадае на асабліва цяжкі час знешнепалітычнай сітуацыі – гады Другой сусветнай вайны і так званай халоднай вайны і пасляваенны доўгі працэс аднаўлення.

Сацыяльныя дакументы Пія ХІІ

Папа Пій не пакінуў пасля сябе энцыклік яўна сацыяльнага характару, але асаблівай увагі, даследуючы навучанне Касцёла гэтай эпохі, заслугоўваюць пасланні Пантыфіка з розных нагодаў, а канкрэтна - выступленні Папы па радыё на Божае Нараджэнне падчас вайны.

Хоць Папа і не пісаў сацыяльных энцыклік, але пастаянна ў розных сітуацыях выказваў занепакоенасць з прычыны парушэння міжнароднага ладу: у ваенныя гады і ў пасляваенны перыяд сацыяльнае вучэнне Пія ХІІ было для многіх народаў на ўсіх кантынентах, для мільёнаў вернікаў і тых, хто не верыць, голасам усеагульнага сумлення, патрабаванні якога Папа тлумачыў і абвяшчаў у цеснай сувязі з Божым словам.

Галоўныя тэмы і аспекты навучання

Радыёпасланні Пія ХІІ на Нараджэнне Пана разам з іншымі важнымі выступленнямі на сацыяльныя тэмы паглыбляюць разважанні Настаўніцкага Інстытута Касцёла пра новы грамадскі лад, заснаваны на маральнасці і законе, дзе цэнтральнае месца займаюць справядлівасць і спакой.

Адной з характэрных рыс выступленняў Пія ХІІ з’яўляецца асаблівае падкрэсліванне сувязі паміж маральнасцю і законам. Папа робіць акцэнт на разуменні натуральнага закону, бо менавіта гэты закон павінен надаваць сэнс сацыяльнаму ўладкаванню як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні.

Асаблівай увагі сярод шматлікіх і розных па тэматыцы выступленняў Пія ХІІ па радыё заслугоўваюць выступленні Папы на Божае Нараджэнне, асабліва падчас вайны. На адным з іх затрымаемся асаблівым чынам  - радыёпасланне 1942 года, бо ў ім змяшчаецца свайго роду персаналісцкая сацыяльная праграма. Мы яшчэ вернемся, і не раз, да навучання гэтага Папы, а сёння коратка пералічым асноўныя сацыяльна-палітычныя акцэнты, на якія звяртае асаблівую ўвагу Папа:

1) Годнасць і права чалавечай асобы
2) Абарона сацыяльнай еднасці, асабліва сям’і
3) Праца, яе годнасць і правы
4) Аднаўленне прававога парадку
5) Хрысціянская канцэпцыя дзяржавы.

Папа падвяргае крытыцы традыцыйную канцэпцыю дзяржавы, адзначаючы, што ў сучасных умовах яна не дасягае сваёй мэты – яна не ў стане забяспечыць грамадзянам знешні супакой. Зыходзячы з гэтага, Пій ХІІ прапаноўвае новую канцэпцыю прызнання наддзяржаўнай агульнасусветнай арганізацыйнай структуры, якая павінна мець уладу, неабходную для захавання супакою і забеспячэння плённага супрацоўніцтва паміж народамі.

Важным аспектам вучэння Пія ХІІ таксама з’яўляецца скіраванне ўвагі на прадстаўнікоў розных прафесійных катэгорый і на прадпрымальнікаў, якія пакліканы асаблівым чынам супрацоўнічаць дзеля дасягнення агульнага дабра.

За ўважлівасць і дальнабачнасць у распазнаванні “знакаў часу” Пія ХІІ можна лічыць непасрэдным прадвеснікам Другога Ватыканскага Сабору і сацыяльнага вучэння наступных Папаў.

Ганна Страшкевіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.