Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфікат Паўла VI (1963–1969) і сацыяльныя дакументы гэтага перыяду
Сацыяльнае вучэнне Каталіцкага Касцёла
22.03.2014 13:51

Сацыяльна-палітычны кантэкст Пантыфікату

Павел VI быў Папам Другога Ватыканскага Сабору, хоць і не ён адкрываў гэтую падзею. Менавіта падчас яго Пантыфікату і пад яго непасрэдным уплывам нараджаліся ідэі Сабору, якія пазней атрымоўвалі форму афіцыйных дакументаў і Папа сам іх падпісваў і садзейнічаў публікацыі.

Сярод сацыяльных праблем тагачаснага грамадства найбольш ярка ўсплываюць і патрабуюць пільнага рашэння праблема адносін паміж краінамі трэцяга свету і краінамі высокаразвітымі эканамічна, а такім чынам гаворка і ідзе пра катэгорыі сацыяльнай справядлівасці сусветнага маштабу. Гэтыя праблемы, канешне, не былі новымі, і папярэднікі Паўла VI звярталі ўвагу таксама на іх спадчыну і рознабаковы аналіз і разгляд праблемы.   

У 1967 годзе Павел VI засноўвае Папскую камісію “Iustitia et Pax”, выконваючы гэтым жаданне Айцоў Сабору, якія лічылі “вельмі важнай справай стварэнне ў Паўсюдным Касцёле пэўнай арганізацыі, якая б абуджала каталіцкую грамадскасць падтрымліваць слабаразвітыя краіны, якія церпяць нястачу, а таксама клапаціцца пра сацыяльную справядлівасць паміж народамі”. Па ініцыятыве Паўла VI, пачынаючы ад 1968 года, Касцёл адзначае ў першы дзень года Сусветны дзень міру. Гэты Пантыфік даў пачатак традыцыі штогадовага паслання, прысвечанага тэме, што выбіраецца на кожны Сусветны дзень міру, папаўняючы гэтым “корпус” сацыяльнага вучэння Касцёла.

Сацыяльныя дакументы Паўла VI


Сярод сацыяльных дакументаў гэтага Пантыфікату вылучым два – „Octogesima adveniens” – апостальскі ліст, дзе Папа выражае сваё стаўленне да актуальных грамадскіх праблем, якія не абмяркоўваліся раней Апостальскай Сталіцай, і сацыяльную энцыкліку “Populorum progressio”, якая пабачыла свет у 1967 годзе.  

Галоўныя тэмы і аспекты навучання

У пачатку 70-х у бурлівай атмасферы жорсткіх ідэалагічных пратэстаў Павел VI  звяртаецца да сацыяльнага вучэння Льва ХІІІ і развівае яго ў апостальскім лісце “Octogesima adveniens”, складзеным з нагоды васьмідзясятай гадавіны “Rerum novarum”. І хоць пасля Другой сусветнай вайны быў усталяваны супакой, аднак свет надалей патрабуе еднасці і справядлівасці. Папа разважае пра постіндустрыяльнае грамадства з усімі яго складанымі праблемамі, паказваючы няздольнасць ідэалогіі даць адказ на такія выклікі, як урбанізацыя, умовы жыцця моладзі, становішча жанчыны, беспрацоўе, дыскрымінацыя, эміграцыя, дэмаграфічны рост, уплыў сродкаў масавай камунікацыі, праблемы прыроднага асяроддзя.

“Развіццё – новае імя спакою”, - сцвярджае Павел VI у энцыкліцы “Populorum progressio”, якую можна лічыць свайго роду пашыраным варыянтам раздзела аб эканамічным і сацыяльным жыцці з “Gaudium et spes”, хаця тут з’яўляюцца некаторыя новыя істотныя элементы. У прыватнасці, гэты дакумент акрэслівае “каардынаты цэласнага развіцця чалавека і салідарнага развіцця чалавецтва”. Гэтыя дзве тэмы трэба лічыць стрыжнем усёй  структуры энцыклікі.

Жадаючы пераканаць сваіх чытачоў у пільнай патрэбе салідарных дзеянняў, Папа прадстаўляе развіццё як “пераход ад менш чалавечных умоў жыцця да больш чалавечных” і ўдакладняе іх характарыстыкі. Гэты пераход не абмяжоўваецца выключна эканамічнымі і тэхнічнымі рамкамі, але прадбачыць атрыманне кожным чалавекам культуры, павагі да годнасці іншых людзей, прызнанне “найвышэйшых каштоўнасцяў і Бога як іх крыніцы і мэты”. Развіццё, якое ідзе на карысць усім, адпавядае патрабаванню ўстанавіць у сусветным маштабе такую справядлівасць, якая гарантавала б спакой на ўсёй планеце і дазволіла б рэалізаваць “усеагульны гуманізм”, заснаваны на духоўных каштоўнасцях.

Ганна Страшкевіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.