Сацыяльна-палітычны кантэкст
Сярод сацыяльных дакументаў Бэнэдыкта XVI вылучым энцыкліку “Caritas in veritate”, якая была падпісана 29 чэрвеня 2009 года.
Насамрэч энцыкліка планавалася да юбілею выхаду энцыклікі “Populorum progressio” ў 2008 годзе, але эканамічны крызіс пачатку года ўнёс свае папраўкі і дапрацоўкі ў змест і структуру энцыклікі.
Адметным пры напісанні энцыклікі з’яўляецца таксама і тое, што Папа звярнуўся за парадамі не толькі ў Папскую раду «Iustitia et Pax», да вядомых кардыналаў і біскупаў – экспертаў у сацыяльнай дактрыне Касцёла, але і да эканамістаў, спецыялістаў у галіне этыкі і фінансаў.
Папа прапануе ў гэтым сацыяльным дакуменце падсумаваць спадчыну Касцёла і паразважаць над тэмай сацыяльнай справядлівасці. Асаблівыя акцэнты Папа ставіць на тыя сферы, дзе праяўляюцца вельмі яўныя наступствы сацыяльнай несправядлівасці і граху – а менавіта на эканоміку, і заклікае хрысціян нанова адкрыць этыку эканамічных і камерцыйных адносінаў.
Галоўныя тэмы і аспекты навучання
Гэтая энцыкліка Бэнэдыкта XVI вельмі цесна звязана з усім корпусам сацыяльнага вучэння, а асабліва з энцыклікай “Populorum progressio” Паўла VI і ўсім яго сацыяльным вучэннем. Абодва Папы падкрэсліваюць неад’емную важнасць евангельскіх прынцыпаў у будаванні грамадства на фундаменце свабоды, справядлівасці і любові.
Любоў у праўдзе з’яўляецца той вялікай сілай і імпульсам для сапраўднага развіцця кожнага і ўсяго чалавецтва ў цэлым.
Любоў (“карытас”) - гэта самая вялікая сіла, якая падштурхоўвае людзей дзейнічаць з адвагай і шчодрасцю ў сферы справядлівасці і супакою. Гэтая моц мае свае карані ў Богу – Вечнай Любові і абсалютнай Праўдзе.
Толькі ў праўдзе любоў можа быць перажыта ў поўні. Праўда надае сэнс і каштоўнасць любові. Без праўды любоў звужаецца да сентыменталізму.
Таксама і ў грамадстве без праўды, веры і любові няма свядомасці і сацыяльнай адказнасці. Без гэтых цнотаў сацыяльная дзейнасць абмяжоўваецца асабістымі амбіцыямі і зацікаўленасцямі, логікай сілы і першынства з усімі цяжкімі наступствамі і вынікамі.
Любоў пераўзыходзіць саму справядлівасць, таму што любіць азначае даваць, ахвяроўваць “маё” іншаму.
Папа разважае пра краіны, якія знаходзяцца на шляху развіцця. Адной з прычын такога становішча Бэнэдыкт XVI называе адсутнасць братэрства паміж людзьмі і народамі. Таму, кажучы пра інтэгральнае развіццё асобы, Папа прыгадвае, што яно немагчыма без Бога.
Гэта першая энцыкліка, якая кажа пра праблемы глабалізацыі. Глабалізацыя павінна яднаць усё чалавецтва ў вялікію адзіную сям’ю, а не раздзяляць. Кажа Папа і аб праве людзей выбіраць лепшае жыццё ў працэсе эміграцыі.
Пантыфік таксама звяртае ўвагу на прынцыпы кіравання эканомікай. Як ад Бога мы ўсё атрымліваем дарма, то і павінны ўмець вучыцца дзяліцца з іншымі, вучыцца бачыць іншых. Патрэбны таксама глыбокія змены ў спосабе разумення прадпрыемства: яно павінна мець сацыяльны характар, сацыяльную адказнасць. Кіраванне прадпрыемствам не можа ўлічваць толькі інтарэсы яго ўладальнікаў, але павінна таксама клапаціцца пра ўсе іншыя катэгорыі суб’ектаў, якія робяць уклад у жыццё прадпрыемства. Мэнэджэры не павінны задавальняць толькі інтарэсы інвестараў.
Таксама Пантыфік нагадвае пра экалагічныя праблемы. Часам Бэнэдыкта XVI называюць “зялёным” Папам, бо вельмі шмат увагі ў дакументах і прамовах ён надзяляў праблемам экалогіі, заклікаючы задумацца ўжо сёння, што мы пакінем для наступных пакаленняў. Новае паняцце “справядлівасць паміж пакаленнямі” азначае даць іншаму тое, што яму належыць, таксама і ў ракурсе будучых пакаленняў у справах рэсурсаў, экалогіі і г.д.
Ганна Страшкевіч
|