Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Чаму чалавек з’яўляецца сэрцам і душою каталіцкай сацыяльнай думкі?
Сацыяльнае вучэнне Каталіцкага Касцёла
12.05.2014 16:03

Усё сацыяльнае вучэнне будуецца на прынцыпе, які сцвярджае непарушную годнасць чалавечай асобы. Галоўная навіна Святога Пісання абвяшчае, што чалавечая асоба з’яўляецца Божым стварэннем, і ўказвае на элемент, які яе характарызуе і адрознівае, а менавіта што чалавечая асоба створана паводле Божага вобразу.

Касцёл бачыць у чалавеку, у кожным чалавеку, жывы вобраз самога Бога, які мае і павінен заўсёды знаходзіць сваё тлумачэнне - усё больш глыбокае і поўнае, у таямніцы Хрыста, які з’яўляецца дасканалым Божым Вобразам і які адкрывае чалавеку Бога і самога чалавека.

Шматразова выказваючы гэтую праўду, Касцёл імкнуўся перш за ўсё бараніць чалавечую годнасць ад кожнай спробы абмежаваць або сказіць яе вобраз. Акрамя таго, Касцёл шматразова выкрываў пытанне гэтай годнасці.

Падабенства чалавека да Бога выразна ўказвае на тое, что сама сутнасць і само існаванне чалавека звязана з Богам самым глыбокім чынам. Гэтая сувязь існуе сама па сабе. А значыць не даецца праз нейкі час і не прыходзіць звонку. Усё жыццё чалавека – гэта пытанне пра Бога і пошук Бога.

Усё сацыяльнае жыццё сканцэнтравана на асобе чалавека – бясспрэчным пратаганісце. Касцёл шматразова і многімі спосабамі даваў аўтарытэтнае тлумачэнне гэтай праўды, прызнаючы і пацвярджаючы цэнтральнае месца чалавечай асобы ў кожным асяроддзі і ў кожным праяўленні сацыяльнасці.

Чалавек не з’яўляецца самотнай істотай, ён “па сваёй глыбокай сутнасці – грамадская істота, таму без адносін з іншымі не можа ні жыць, ні развіваць сваіх дараванняў” (“Gaudium et spes”, 12). Чалавечае грамадства ўяўляе сабой прадмет сацыяльнага вучэння Касцёла, паколькі не стаіць ні па-за людзьмі, якія ўтвараюць грамадства, ні па-над імі, але існуе выключна для іх. Гэтая важная заўвага знаходзіць сваё адлюстраванне ў сцвярджэнні, што “чалавек не з’яўляецца аб’ектам і пасіўным элементам сацыяльнага жыцця, але ёсць і павінен заўсёды быць яго суб’ектам, падмуркам і мэтай”. Ад чалавека бярэ пачатак сацыяльнае жыццё, і менавіта чалавек павінен быць мэтаю ўсіх праяў грамадства.

Асоба з самага пачатку паклікана да грамадскага жыцця. Бог стварыў чалавека не як самотную, але як грамадскую істоту. Грамадскае жыццё не з’яўляецца чымсьці знешнім у адносінах да чалавека. Чалавек можа развівацца і рэалізоўваць сваё пакліканне толькі ў адносінах з іншымі людзьмі.

Чалавечая асоба па сваёй сутнасці з’яўляецца грамадскай істотай, бо менавіта такой яе задумаў Бог, які яе стварыў.  І таму належыць падкрэсліць, што грамадскае жыццё з’яўляецца прыроднай характарыстыкай, якая адрознівае чалавека ад усіх астатніх зямных стварэнняў.

Паколькі на абліччы кожнага чалавека ззяе водбліск Божай славы, яго годнасць перад Богам служыць падставай для годнасці чалавека перад іншымі людзьмі.  Гэтая галоўная падстава істотнай роўнасці і братэрства паміж людзьмі не залежыць ад іх расы, нацыянальнасці, полу, паходжання, культурнай і класавай прыналежнасці.

Да чалавека, які ад самога Бога атрымаў непараўнальную і неад’емную годнасць, звяртаецца Касцёл і служыць яму найвышэйшым і непаўторным чынам, пастаянна паказваючы яму самае ўзнёслае пакліканне, каб ён усё больш поўна ўсведамляў яго і быў вартым гэтага паклікання.

Ганна Страшкевіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.