Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«100 пытанняў — 100 адказаў». Як Ватыканскі банк быў уцягнуты ў фінансавыя інтрыгі?
Рубрыка Ватыканскага радыё
01.08.2012 11:42

Напэўна, самым гучным здарэннем канца ХХ ст., якое цёмнай плямай лягло на Каталіцкі Касцёл, стала праблема, звязаная з дзейнасцю Інстытута рэлігійных спраў, больш вядомага як Ватыканскі банк. У выніку некампетэнтнасці і няўважлівасці яго тагачаснага кіраўніцтва Ватыкан быў уцягнуты ў шэраг фінансавых авантур, выбрацца з якіх каштавала вялікіх намаганняў.

Менавіта гэтыя праблемы сталі нагодай для шматлікіх абвінавачванняў у адрас Касцёла, але таксама і стымулам для глыбокіх перабудоў фінансавай структуры Святога Пасаду і далучэння да міжнароднай сістэмы кантролю за празрыстасцю і адкрытасцю ў эканоміцы.

У 1970-я гг. вакол Апостальскай Сталіцы сталі з’яўляцца чуткі аб удзеле ў адмыванні грошай і фінансаванні крымінальных арганізацый. У цэнтр увагі паліцыі трапіў арцыбіскуп Пол Казімір Марцынкус — амерыканскі каталіцкі іерарх літоўскага паходжання, які з 1971 г. з’яўляўся дырэктарам Ватыканскага банка. Гэтая структура з’яўляецца незалежнай з юрыдычнага пункту гледжання. У сваёй дзейнасці яна падпарадкоўваецца Пантыфіку, а грашыма падтрымлівае дзейнасць Касцёла ў розных кутках свету. Заснаваны банк быў у 1942 г. папам Піем ХІІ з мэтай захавання грошай, якія выплаціў Святому Пасаду Мусаліні, у якасці кампенсацыі за канфіскаваную ў Касцёла маёмасць на тэрыторыі ўсёй Італіі. У гады ІІ Сусветнай вайны існавала небяспека, што грошы могуць патрапіць у рукі нацыстаў. Каб не дапусціць гэтага, палова сродкаў была перавезена ў ЗША і ўкладзена ў золата, валюту і акцыі. На пачатку грошы інвеставаліся пераважна ў буйныя амерыканскія кампаніі, а пасля вайны таксама і ў італьянскія.

Інвеставанне ў буйныя кампаніі патрабавала вялікай пільнасці, бо напрыклад у 1968 г. адбыўся першы непрыемны інцыдэнт. Стала вядома, што Ватыканскі банк з’яўляўся галоўным акцыянерам фармацэўтычнай кампаніі «Serono», якая менавіта ў год выдання энцыклікі «Humanae vitae» пачала выпускаць кантрацэптыўныя сродкі. Калі ў Апостальскай Сталіцы даведаліся пра гэта — адразу адмовілася трымаць свае грошы ў акцыях гэтай кампаніі.

У 1971 г., праз некалькі месяцаў пасля свайго прызначэння, арцыбіскуп Марцынкус набыў у Нью-Ёрку акцыі на агульную суму ў 14,5 мільёнаў долараў. Але праз месяц, калі не прыйшлі абяцаныя дывідэнды, арцыбіскуп зразумеў, што яго падманулі. На яго просьбу ФБР правяло расследванне і раскрыла, што іерарху былі ўручаны фальшывыя «каштоўныя паперы». Першапачаткова паліцыя пачала правяраць нават самаго арцыбіскупа — ці сапраўды ён з’яўляўся толькі ахвярай? Але хутка стала зразумела, што падазрэнні былі неабгрунтаваныя.

Другая непрыемная сітуацыя, у якую патрапіў арцыбіскуп Марцынкус, адбылася, калі ён, карыстаючыся парадамі вядомага сіцылійскага банкіра, аўтарытэтнага эканаміста і фінансіста Мішэля Сіндоны, набыў акцыі пяці італьянскіх банкаў, не ведаючы аб тым, што яны былі замешаны ў адмыванні грошай мафіі. Як было адкрыта пазней, Мішэль Сіндона сам з’яўляўся кіраўніком вялікай крымінальнай структуры, а супрацоўніцтва з Ватыканам яму было неабходна для пазітыўнага іміджу.

Сіндона пазнаёміў арцыбіскупа Марцынкуса са сваім калегай, генеральным дырэктарам міланскага «Амбразіянскага банка» Рабэрта Кальві. Апошні таксама заахвоціў іерарха ўкласці ватыканскія грошы ў сваю фінансавую імперыю. Праз два гады гэты банк абанкроціўся, а Ватыкан, як галоўны акцыянер структуры, быў вымушаны выплаціць 240 мільёнаў долараў крэдыторам. Акрамя таго, стала вядома, што «Амбразіянскі банк» фінансаваў крымінальныя структуры і спрыяў гандлю зброяй і валютай. Сам Кальві скончыў жыццё самагубствам.

Калі паліцыя пачала расследваць гэту справу, то выйшла на яшчэ аднаго ўдзельніка крымінальнага італьянскага падполля — дырэктара прадпрыемства па вытворчасці матрацаў Ліцыа Джэлі. Падчас вобыску ў яго доме быў знойдзены спіс удзельнікаў сакрэтнай масонскай ложы «Прапаганда 2» («Р2»), у якой Джэлі быў галоўным магістрам. У спісе значыліся 932 члены — самыя багатыя і ўплывовыя людзі Італіі, уся эканамічная і палітычная эліта, у тым ліку так званыя «партнёры» арцыбіскупа Марцынкуса — Сіндона і Кальві. Гэтыя фінансавыя акулы выкарысталі даверлівасць і непрафесійнасць каталіцкага іерарха, каб дабрацца да грошай Інстытута рэлігійных спраў і карыстацца аўтарытэтам і гарантыямі Ватыкана пры заключэнні сваіх пагадненняў. Ян Павел ІІ вельмі добра гэта разумеў і таму не дазволіў арыштаваць іерарха. Арцыбіскуп Марцынкус на працягу доўгіх гадоў жыў за ватыканскімі мурамі, а ў 1990 г., калі з яго былі зняты абвінавачванні, вярнуўся ў Амерыку, дзе працаваў пробашчам адной з парафій у штаце Арызона да самай смерці ў 2006 г.

Паводле рашэння Святога Айца, адразу пасля ад’езду арцыбіскупа Марцынкуса ў Ватыканскім банку адбыліся вялікія перамены. Ён быў рэструктурызаваны паводле міжнародных стандартаў, далучыўся да шэрагу канвенцый па барацьбе з фінансавымі злачынствамі і з кожным годам усё больш набліжаецца да максімальнай празрыстасці і адкрытасці. Таксама было прынята важнае рашэнне — цяпер пасаду дырэктара Ватыканскага банка могуць займаць толькі спецыялісты і эксперты ў галіне эканомікі. Як адзначыў нямецкі гісторык Міхаэль Хэзэман, «святары па свайму пакліканню павінны верыць у дабрыню людзей, а дырэктары банкаў — ведаць, што рабіць з найгоршымі з іх».

 

 Адкрыць у новым акне Download (7Мб)


Паводле кнігі Міхаэля Хэзэмана «Contro la Chiesa» падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.