Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«100 пытанняў — 100 адказаў». Хто такія ватыканісты?
Рубрыка Ватыканскага радыё
06.03.2013 16:00

На працягу апошніх некалькіх тыдняў увага большасці сусветных СМІ безумоўна звернута да падзей у Ватыкане. Напэўна, не адзін выпуск вячэрніх навінаў не праходзіць без узгадкі таго ці іншага факту, звязанага з актуальнымі падзеямі, якія адбываюцца ў сэрцы Каталіцкага Касцёла.

 Адкрыць у новым акне Download (8Мб)

28 лютага прайшла першая галоўная медыйная падзея — заканчэнне Пантыфікату Бэнэдыкта XVI. Цяпер тысячы журналістаў чакаюць пачатку іншага важнага мерапрыемства — абрання новага Папы. Каб паспець сваечасова, а калі пашчасціць, то і першымі, паказаць белы дым з трубы на Сікстынскай капэле, у Рым прыбылі шматлікія прадстаўнікі розных СМІ. У некалькіх кроках ад плошчы Св. Пятра ўстаноўлены спецыяльныя пляцоўкі, з якіх зручна здымаць і весці рэпартажы. Можна сказаць, што журналісты тут «жывуць» яшчэ з таго дня, як Бэнэдыкт XVI абвясціў аб сваім рашэнні пакінуць пасаду Біскупа Рыма.

Падчас аднаго з апошніх брыфінгаў у Прэс-службе Апостальскай Сталіцы яе кіраўнік кс. Фэдэрыка Ламбардзі падзяліўся, што для асвятлення канклаву ў Ватыкане ўжо атрымалі акрэдытацыю больш за 3600 журналістаў. Канешне, многія з іх прыбылі ў Вечны Горад толькі дзеля, скажам так, адной падзеі. Але на самой справе вялікая колькасць журналістаў займаецца ватыканскімі навінамі не толькі ад часу да часу. Пастаянную акрэдытацыю пры Прэс-службе Апостальскай Сталіцы маюць каля 450 журналістаў з розных краін свету. Жыццё Каталіцкага Касцёла, прызначэнні ў Рымскай Курыі, словы, сустрэчы і жэсты Папы, апостальскія падарожжы — усё гэта знаходзіцца ў цэнтры вялікай увагі асобнай групы працаўнікоў СМІ, якія называюцца «ватыканістамі». Аб іх пойдзе гаворка ў нашай сённяшняй праграме.

Тэрмін «ватыканісты» ўзнік у другой палове ХХ ст. у дачыненні да журналістаў, якія асвятлялі падзеі, звязаныя з Другім Ватыканскім Саборам. Аднак трэба адзначыць, што асобная катэгорыя журналістаў, якія займаліся выключна «ватыканскімі справамі», з’явілася яшчэ ў міжваенны час, незадоўга пасля стварэння дзяржавы Ватыкан у 1929 г. Гэта была невялікая група — прадстаўнікі некалькіх інфармацыйных агенцтваў, акрэдытаваных пры Прэс-службе ватыканскай газеты «L‘Osservatore Romano». Яны апрацоўвалі навіны, змешчаныя ў гэтым выданні, а таксама часам маглі прысутнічаць на папскіх аўдыенцыях. Іх працоўнае месца нават некаторы час знаходзілася на тэрыторыі самога Ватыкана — гэта быў асобны кабінет у рэдакцыі ватыканскай газеты. Адзін з самых знакамітых у свеце ватыканістаў, Бэні Лай, узгадваў, што ў той час існавала вялікае жаданне «зразумець Ватыкан», а ў буйных газетах было амаль зарэзерваванае месца для навін Апостальскай Сталіцы.

З правядзеннем Другога Ватыканскага Сабору журналістаў, якія атрымалі акрэдытацыю ў Ватыкане, стала нашмат больш. У сувязі з гэтым з’явілася і новая форма камунікацыі паміж імі і прадстаўнікамі Святога Пасаду. Яна ажыццяўлялася праз Прэс-службу Папскай цэнтральнай падрыхтоўчай камісіі Другога Ватыканскага Сабору, якая арганізоўвала штодзённыя інфармацыйныя брыфінгі. Падчас іх кампетэнтныя прадстаўнікі Касцёла распавядалі аб тэмах, якія абмяркоўваліся на Саборы. Менавіта ў той час у адносінах да журналістаў, якія сталі спецыялізавацца на гэтай тэме, пачаў выкарыстоўвацца тэрмін «ватыканісты».

Гэтыя журналісты імкнуліся не толькі пераказаць тое, што адбываецца ў Ватыкане, але таксама зразумець і патлумачыць людзям сэнс, мэты і перспектывы пераменаў, якія перажываў Касцёл. Так яны сталі не толькі інфармаваць аб ватыканскіх падзях, але таксама выступаць у якасці экспертаў і крытыкаў. Можна сказаць, што ватыканісты сталі працаўнікамі асобнай, унікальнай журналісцкай прафесіі. Пацвярджэннем гэтага з’яўляецца той факт, што на сённяшні дзень нават існуе Міжнародная асацыяцыя журналістаў, акрэдытаваных пры Ватыкане, якая налічвае каля 500 чалавек.

У Папскім універсітэце Святога Сэрца было правядзена спецыяльнае даследаванне, якое паказала, што большасць ватыканістаў — каля 70% — гэта мужчыны. Іх сярэдні ўзрост — 50 гадоў. Большасць з ватыканістаў з’яўляецца італьянцамі, але таксама ёсць шмат амерыканцаў, немцаў, іспанцаў і французаў. Акрамя таго, ватыканісты ёсць у польскіх, японскіх, мексіканскіх выданнях.

Паводле вынікаў даследавання, ватыканісты маюць адзін з самых высокіх адукацыйных узроўняў сярод усіх журналістаў — 9 з 10 маюць прынамсі адну вышэйшую адукацыю. Тэалагічную адукацыю маюць толькі каля 5% ватыканістаў, але 80% з іх вучыліся на спецыяльных тэалагічных курсах. Амаль усе яны ведаюць 4 мовы: італьянскую, англійскую, французскую і іспанскую. А вось лацінскую мову ведаюць нямногія. Напрыклад, калі Бэнэдыкт XVI аб’явіў аб сваім рашэнні пакінуць Пасад св. Пятра, дасканалае веданне лацінскай мовы дапамагло ватыканістцы італьянскага агенцтва «Ansa» хутка зразумець словы Папы і першай даць навіну аб гэтай падзеі, у той час як іншыя чакалі перакладу ці яго пацвярджэння.

Канешне, нягледзячы на тое, што амаль 40% членаў Міжнароднай асацыяцыі журналістаў, акрэдытаваных пры Ватыкане, займаюцца выключна навінамі Апостальскай Сталіцы, у многіх з іх адчуваецца недахоп кампетэнцыі ці пэўная прадузятасць у падачы інфармацыі.

Галоўны рэдактар часопіса «La Civiltà Cattolica» кс. Антоніо Спадара, які таксама з’яўляецца дарадчыкам Папскай рады па сродках масавай камунікацыі, выкладчыкам і вядомым блогерам, вылучыў дзве сферы, у якіх сучасныя ватыканісты праяўляюць сваю некампетэнтнасць.

Першая датычыцца недакладнасцяў у тэрмінах і паняццях. Часам можна пабачыць у іх артыкулах такія выказванні, як «атрымаў кардынальскае пасвячэнне» (можна атрымаць кардынальскую годнасць) або «ўсё духавенства Рыма — мужчынскае і жаночае» (духавенства ў Касцёле бывае толькі мужчынскім). Калі бачыш такія недарэчнасці, адразу разумееш, што аўтару не хапае кампетэнцыі ў нялёгкім свеце касцёльнай тэрміналогіі.

Іншы слабы бок сучасных ватыканістаў звязаны са спробамі прадставіць жыццё Касцёла праз прызму палітычных катэгорый. Таму ў адносінах да іерархаў яны часам выкарыстоўваюць такія стэрэатыпныя і зусім недарэчныя словы, як «кансерватар» ці «рэфарматар», «левы» і «правы» і г.д. У іх артыкулах пастаянна ёсць месца змовам, інтрыгам, унутранай барацьбе і іншым фактам, якія не маюць нічога супольнага з рэальнасцю.

Нарэшце, апошнім слабым месцам сучаснай ватыканістыкі з’яўляецца павярхоўны позірк на многія падзеі ў жыцці Касцёла. Напрыклад, Папа здзяйсняе апостальскае падарожжа, праводзіць шмат сустрэч і прамаўляе вельмі важныя для ўсяго чалавецтва словы, а ўвага ватыканістаў бывае засяроджана на адным выразе Пантыфіка, асабліва калі ён звязаны з пэўнай вострай тэмай, ці на пратэстах якой-небудзь маленькай групы незадаволеных.

Канешне, такі стыль працы датычыцца не ўсіх ватыканістаў. Сярод іх ёсць шмат кампетэнтных спецыялістаў, якія добра адчуваюць рытм жыцця Апостальскай Сталіцы і маюць здольнасць перадаць сапраўдны і глыбокі сэнс таго, чым жыве Касцёл.

 Адкрыць у новым акне Download (8Мб)

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.