Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гродна: у супольнасці сэрцанаў адбылося святарскае пасвячэнне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
02.05.2012 13:26

1 мая 2012 г., ва ўспамін св. Юзафа рамесніка, у парафіі Божай Міласэрнасці ў гродзенскім мікрараёне Вішнявец біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў святарскае пасвячэнне дыякану Эдварду Сінкевічу, які належыць да Ордэна Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса. Падзея такога маштабу адбылася ў маладой парафіі, заснаванай 5 снежня 1995 г., упершыню.

Урачыстая Імша сабрала шматлікіх святароў, якія жадалі падзяліць радасць з дыяканам Сінкевічам. Прысутнічала і духавенства з Польшчы: правінцыял польскай правінцыі айцоў сэрцанаў кс. Артур Санецкі і рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі сэрцанаў у Стадніках кс. Роберт Птак.

«Ты будзеш служыць Хрысту, людзям, будзеш абвяшчаць Божае слова. Няхай тваё навучанне будзе ежай для народу Божага», — з такімі словамі звярнуўся біскуп Кашкевіч да новапрэзбітэра. Іерарх таксама заахвоціў святара словам і прыкладам свайго жыцця будаваць Дом Божы, гэта значыць Касцёл.

Эдвард Сінкевіч нарадзіўся 14 красавіка 1987 года ў Баранавічах. У супольнасць сэрцанаў уступіў у 2004 годзе пасля заканчэння школы, вечныя шлюбы склаў у 2010 годзе ў Стадніках каля Кракава. У 2012 годзе скончыў Вышэйшую місійную духоўную семінарыю сэрцанаў у Стадніках, абараніўшы магістэрскую працу.

Паколькі ордэн сэрцанаў з’яўляецца місіянерскай супольнасцю, напрыканцы літургіі біскуп Кашкевіч асвяціў місійны крыж, які затым быў уручаны новапрэзбітэру.

На заканчэнне набажэнства іерарх адзначыў, што дадзеная падзея з’яўляецца вельмі важнай не толькі для ордэна сэрцанаў і Гродзенскай дыяцэзіі, але мае паўсюднае вымярэнне, бо яшчэ адзін чалавек будзе рэалізоўваць у сваім жыцці евангельскія парады паслухмянасці, убоства і чысціні.

Ордэн Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса заснаваў а. Леў Дэхан, які жыў на рубяжы XIX i XX стагоддзяў. Гэты святар глыбока перажыў праўду аб Богу-Любові, які аб’явіў гэтую любоў чалавеку праз таямніцу Уцелаўлёнага Слова і праз прабіты бок і сэрца Хрыста.

Працятыя кап’ём бок і сэрца Збаўцы былі для а. Дэхана найлепшым выразам любові і адзінай крыніцай збаўлення. Чулы да ўсялякага граху і зла, існуючага ў грамадстве, святар уважліва даследаваў іх прычыны ў чалавечым і грамадскім маштабе, у выніку чаго выявіў, што найглыбейшая прычына крыецца ў адмаўленні ад любові Хрыста. Зачараваны гэтай любоўю, душпастыр жадаў адказаць на яе глыбокім з’яднаннем з Сэрцам Хрыста і будаваннем Яго Валадарства ў чалавечых душах і ў грамадстве. Заснаваўшы ордэн, святар патрабаваў ад законнікаў быць прарокамі любові і слугамі з’яднання людзей і свету ў Хрысце.

Айцец Дэхан быў перакананы, што праўда аб любові Сэрца Езуса — найлепшыя лекі ад духоўнай хваробы чалавека, дзякуючы якім можна адрадзіцца да новага жыцця. Падобна і ў грамадстве, агорнутым несправядлівасцю, роспаччу, Сэрца Езуса дапамагае аздаравіць чалавецтва.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме