Рэкалекцыі для сем’яў з Іўя адбыліся ў Сапоцкіне |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
15.05.2012 12:09 |
У іўеўскай парафіі Свв. Апосталаў Пятра і Паўла за апошнія гады з’явілася шмат традыцый, якія дапамагаюць парафіянам вызначаць важныя грані жыцця сапраўднага хрысціяніна, узмацняюць веру і жаданне ўдасканальваць сябе. У апошнія выхадныя кс. дэкан Ян Гавецкі арганізаваў для сем’яў парафіі рэкалекцыі. Сем сем’яў — чатырнаццаць дарослых і пятнаццаць дзяцей — з 11 па 13 мая знаходзіліся ў Сапоцкіне. Час, які мы перажылі разам, адной сям’ёй, прымаючы ўдзел у рэкалекцыях, пакінуў у нашых сэрцах самыя добрыя ўражанні і незабыўныя ўспаміны. Мы мелі магчымасць духоўна ўзбагаціцца падчас сустрэч з біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам, святарамі, сёстрамі законнымі, з іншымі сем’ямі, цікавымі людзьмі. Наш дзень пачынаўся з сумеснай малітвы ў прыгожай капліцы, і тут жа ўвечары мы дзякавалі Богу за пражытыя імгненні вялікай радасці адчуваць Божую апеку і ласку. Мы звярталіся да Бога, каб прасіць сардэчнай цеплыні і згоды ў нашых сем’ях, здароўя для нашых дзетак і для дарагіх нашаму сэрцу людзей. Магчыма, некалі на жыццёвай дарозе камусьці з нас успамін аб гэтых рэкалекцыях дапаможа знайсці патрэбныя словы для мужа ці жонкі, сына ці дачкі, стрымаць гнеў, не разбурыць каштоўны мір у сям’і. |
Фотарэпартаж |