Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рэкалекцыі для студэнтаў у Сапоцкіне: евангелізацыя — гэта нішто іншае, як быць веруючымі сярод людзей
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
02.10.2012 12:49

28–30 верасня 2012 г. у Сапоцкіне адбыліся рэкалецыі для студэнтаў катэхетычных курcaў пры Аддзеле навучання і выхавання ў Гродзенскай курыі. Папа Бэнэдыкт XVI абвясціў у паўсюдным Касцёле Год веры, які распачнецца 11 кастрычніка. З гэтай нагоды студэнты на працягу трох дзён разважалі пра веру. Рэкалекцыі праводзіў кс. Юрый Марціновіч.

«Кожны аспект і кожная хвіліна нашага жыцця пабудаваны на веры ў нешта. Вера з’яўляецца асновай усіх пачынанняў. Калі б мы не верылі, што нешта нам удасца, то не варта было б брацца ні за якую справу», — адзначыў кс. Марціновіч.

У першы дзень рэкалекцыяніст прапанаваў паразважаць на тэму «Вера — гэта дар, якога трэба дабівацца». «Бог даў нам ключ, які адкрывае перад намі Яго боскі свет. Гэтым ключом з’яўляецца вера. Дзякуючы веры мы можам увайсці і пасяліцца ў свеце ўнутранага жыцця Айца, Сына і Духа Святога. Хто не верыць, той не ўвойдзе ў асабістыя і глыбокія адносіны з кожнай з Божых Асоб. Хто ж прыме дар веры і скарыстае з гэтай выключнай здольнасці, якую мае ў сабе, той заўсёды будзе жыць у абліччы Бога, свядомы таго, што з’яўляецца дзіцём нябеснага Айца, удзельнікам сыноўства Езуса Хрыста і святыняю Духа Святога», — нагадаў святар і заахвоціў студэнтаў на працягу першага дня паўтараць за апосталамі: «Пане, павяліч нашую веру» (пар. Лк 17, 5–10).

У другі дзень рэкалекцыяніст прапанаваў для разважання наступную тэму: «Вера без учынкаў мёртвая. Як можам яе паглыбіць?» «У кожную хвіліну нашага жыцця мы павінны паглыбляць нашую веру і ўсцяж, нібы нанава, адкрываць вобраз Бога — любячага Айца. Мы павінны бачыць Бога не толькі ў малітве, але і ва ўсім, што адбываецца вакол нас, у кожным чалавеку, ва ўсіх здарэннях, звязаных з нашым жыццём», — заўважыў кс. Марціновіч.

«Верай дзяліцца, як хлебам» — такою была тэма трэцяга дня. «Маючы веру, мы не можам захоўваць яе толькі для сябе, не можам быць эгаістамі, але нам трэба дзяліцца вераю, як хлебам», — заахвоціў прысутных святар. «Евангелізацыя — гэта нішто іншае, як быць веруючым сярод людзей», — падкрэсліў рэкалекцыяніст.

Падчас рэкалекцый студэнты мелі час на малітву, адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, шпацыр, адпачынак, размовы. У цэнтры кожнага дня была Эўхарыстыя. Кажучы пра значэнне ўдзелу вернікаў у святой Імшы, рэкалекцыяніст прывёў за прыклад хрысціянаў з Паўночнай Афрыцы, якія ў 304 годзе былі арыштаваны за ўдзел у нядзельнай Эўхарыстыі. Тады яны далі публічнае сведчанне, сказаўшы: «Без дня Пана не можам жыць».

Падчас адарацыі ў апошні дзень удзельнікі рэкалекцый урачыста вызналі сваю веру, а таксама даручылі ўсіх студэнтаў, выкладчыкаў катэхетычнага курса пры Аддзеле каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай курыі, чарговы год здабывання ведаў пра Створцу Божай Міласэрнасці.

Падчас сведчанняў многія з прысутных падзяліліся сваёю верай, а таксама тым, як перажываюць веру. Можна спадзявацца, што, узбагачаныя чарговым досведам веры, студэнты будуць яе адважнымі сведкамі. Развітваўся рэкалекцыяніст з вернікамі словамі бл. Яна Паўла ІІ: «Жывіце так, каб іншыя пыталі вас пра Бога».

Удзельнікі рэкалекцый, у сваю чаргу, выказалі падзяку а. Андрэю Шчупалу CSsR за іх арганізацыю, а таксама за клопат і велізарны ўклад у развіццё веры свецкіх, якія рыхтуюцца да служэння ў Касцёле ў якасці катэхетаў.

Сваімі думкамі дзеляцца ўдзельнікі рэкалекцый:

Таццяна Кахно (парафія Ліда — Фара): «Вера — гэта дар ад Бога. Без веры не было б жыцця. Гэта паветра, напоўненае жывым Богам, якім мы дыхаем і жывём. Так, як паветра патрэбна кожнаму, так і вера: ёю трэба дзяліцца з кожным чалавекам у тваім жыцці праз Божае слова, усмешку і добрыя справы».


eКася Гайдукевіч (Шчучын): «Бог любіць усіх людзей. Людзі паварочваюцца да нас спіной, але Бог ніколі. Божая дабрыня не адкідвае людзей, якія каюцца, і шукае тых, чые сэрцы ачарсцвелі. Божая любоў цалкам прызначана для нас. Божая любоў — гэта мёд, які робіць салодкім наш шлях да святасці. Пан Бог хоча, каб мы заўсёды шукалі Яго. Няхай Бог будзе Панам у нашых сэрцах».


eНаталля Палтарак (Шылавічы): «Вера без учынкаў мёртвая. Так, як цела без душы мёртвае, так і вера без учынкаў, — гэтаму вучыць нас святы Якуб. Нават нашы простыя ўчынкі адкрываюць чалавечыя вочы і сэрцы. А для таго, каб рабіць добрыя справы, мы павінны быць вернымі Богу — бо хто з кім павядзецца, ад таго і набярэцца».


yТаццяна (парафія Свв. Пятра і Паўла ў Гожы): «У гэтым свеце нас акружае вельмі вялікая колькасць зла: на працы і нават дома. Кожнае слова, кожны дрэнны ўчынак іншага чалавека пакідаў ўнутры след, як накіп на чайніку. Катэхетычныя курсы — гэта месца, дзе я „зараджаюся“, як батарэя мабільнага тэлефона. Кожная доўгачаканая сустрэча — гэта нібы глыток паветра пасля прабывання ў душным і зачыненым памяшканні. На гэтых курсах я бачу побач з сабою добрых, адкрытых людзей, якія разумеюць мяне, гатовыя дапамагчы добрым словам і перш за ўсё малітвай. Веды, атрыманыя на гэтых курсах, — бясцэнныя. Мудрасць выкладчыкаў і ўменне ёю дзяліцца проста захапляе. Перад пачаткам кожнага навучальнага года ў нас праходзяць рэкалекцыі, і, шчыра кажучы, я заўсёды іх чакаю, як пустыня Сахара — дажджу. Яны неабходныя для мяне, як рука Хрыста Пятру, які тоне».
tАндрэй і Алёна Беланінікі: «Трэба дзяліцца верай, як хлебам. Менавіта дзяленне хлебам вылучала першых хрысціян з кагорты іншых людзей. І хрысціяне ХХІ стагоддзя таксама працягваюць гэтую традыцыю, толькі ў іншым праяўленні. Цяпер хрысціяне дзеляцца сваёй верай. Вера, як хлеб, насычае кожнага, хто адчуў яе незабыўны смак. Рэкалекцыі — гэта лепшы час для таго, каб смакаваць кожную крошку нашай веры. Маем надзею, што ўсе, хто ўдзельнічаў у рэкалекцыях у Сапоцкіне, і надалей будуць паглыбляць сваю веру і стануць сведкамі жывога Хрыста для сваіх родных, блізкіх, а можа нават для тых, хто яшчэ не паспрабаваў хлеба нашай хрысціянскай веры».

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме