Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Баранавічах адбылася апошняя ў гэтым навучальным годзе сустрэча моладзі
Беларусь - Пінская дыяцэзія
18.05.2010 18:03

15–16 мая 2010 г. у кляштары сясцёр місіянерак Святой Сям’і ў Баранавічах (Пінская дыяцэзія) адбылася апошняя ў гэтым навучальным годзе малітоўная сустрэча моладзі. Перад святам Пяцідзесятніцы маладыя людзі разважалі над прысутнасцю і дзеяннем Духа Святога ў іх асабістым жыцці, задумваліся над тым, чаго чакае Бог ад кожнага хрысціяніна ў сучасным свеце.

Паглыбіцца ў атмасферу малітвы, сустрэцца з Хрыстом у сакрамэнце пакаяння і Эўхарыстыі дапамагаў маладым людзям а. Алег Шэнда OFMCap. У сваёй канферэнцыі святар адзначыў, што Дух Святы прыходзіць для таго, каб нашае жыццё было сапраўдным, каб дапамагаць нам рабіць правільны выбар. Айцец Алег Шэнда прапанаваў моладзі задумацца над іх уласным пакліканнем як хрысціяніна і адказаць самім сабе на пытанне: ці сапраўды гатовы я быць паслухмяным натхненням Духа.

Пасля малітоўнай часткі сустрэчы моладзь сабралася каля вогнішча, дзе ў размовах і гульнях прайшоў вечар.

Наступны дзень быў таксама багаты на падзеі. Моладзь уключылася ў святкаванне ўрачыстасці ў парафіі Маці Божай Фацімскай: праводзіліся конкурсы і гульні для дзяцей. Пасля адбылося падвядзенне вынікаў усіх сустрэчаў на працягу года. Размаўлялі аб тым, што новага за гэты час даведаліся пра сябе, пра тое, што змянілася за гэты час у іх жыцці.

Удзельнікам сустрэчы не хацелася расставацца на цэлае лета. Аднак кожны выязджаў з Баранавіч удзячны Богу за тое, што за гэты год крыху больш наблізіўся да Яго, за тое, што сустрэчы вучылі адкрывацца на Божую прысутнасць штодня і шукаць Божай, а не сваёй волі ў жыцці. Удзячныя былі маладыя людзі і за тое, што на гэтых сустрэчах яны сустрэлі новых сяброў. Няхай Божае благаслаўленне спадарожнічае кожнаму з іх на працягу летняга адпачынку!

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.