«Жаданне аднавіць адзінства ажыццяўляецца праз навяртанне сэрца, малітву, узаемнае братэрскае пазнанне, тэалагічны дыялог». Святая Імша — гэта крыніца і вяршыня ўсяго хрысціянскага жыцця1, таму веруючы католік, разважаючы пра магчымасць аб’яднання з праваслаўнымі, можа пачаць ад пытання: а ці ёсць у праваслаўных святая Імша і ці яна ў іх правільная?
Вельмі часта ад чалавека непадрыхтаванага, які выпадкова трапіў на праваслаўнае набажэнства, можна пачуць: «Я там нічога не зразумеў». Але калі прыгледзецца да людзей, якія моляцца на набажэнстве ў царкве, то можна заўважыць даволі значную частку вернікаў, якія ўдзельнічаюць свядома, са зразуменнем і найчасцей ад пачатку да канца даволі доўгай службы. Яны крыху папрацавалі, каб зразумець, і Пан даў ім ласку разумення і жывога спаткання з Богам. Для такіх вернікаў усё, што адбываецца ў святыні, мае сваё месца і сэнс. І гэтым праваслаўным можна задаваць пытанні.
Звычайна ў цэрквах набажэнствы адбываюцца раніцай і вечарам. Святая Імша, якая ў праваслаўных называецца «Літургія», амаль заўсёды служыцца толькі раніцай. Нягледзячы на вонкавую розніцу абрадаў, праваслаўныя маюць — можна нават так сказаць — па-каталіцку правільную святую Імшу2 (чаго нельга сказаць адносна іншых канфесій у нашай краіне).
Вось некалькі момантаў, па якіх католік, знаходзячыся ў царкве на Літургіі, мог бы зарыентавацца, што адбываецца. Так, як і ў касцёле, пасля спеву «Аллелюя» чытаецца фрагмент Евангелля (а перад «Аллелюя» было чытанне з Новага Запавету). Келіх і віно, якія ў касцёле звычайна прыносяць на алтар міністранты, у праваслаўных прыносяцца больш урачыста святарамі, успамінаючы пры гэтым Патрыярха і епіскапа. Падобна як у касцёле, спяваецца «Святы, Святы, Святы» («Свят, Свят, Свят Господь Саваоф, исполнь небо и земля славы Твоея; осанна в вышних, благословен Грядый во имя Господне, осанна в вышних»), і пасля гэтага святар прамаўляе словы Езуса Хрыста: «Приимите, ядите, Сие есть Тело Мое...». Пасля супольнага спеву «Ойча наш» даецца некаторы час (10–15 хв.), каб святары маглі прыняць Цела и Кроў Хрыста, а свецкія падрыхтавацца. Пасля гэтага адбываецца св. Камунія (Причастие).
У гэтым месцы добра было б зрабіць рахунак сумлення: ці мы не патрабуем навяртання сэрца ў нашых адносінах да святой Імшы? Ці разумеем да канца, якой вялікай святыняй яна з’яўляецца? Тут Хрыстус яднае нас з сабою і паміж сабою ў сваёй ахвяры, Эўхарыстыя змяшчае ў сабе ўсё духоўнае дабро Касцёла: самога Хрыста — нашу Пасху. Еднасць Божага жыцця і адзінства Божага народу выяўляюцца і здзяйсняюцца ў ёй3. І вось Пан Езус у Найсвяцейшым Сакрамэнце глядзіць на адну групу хрысціян, якія збіраюцца ў каталіцкіх касцёлах, і на другую — у праваслаўных цэрквах, а паміж сабой яны падзелены і разам каля алтара Пана не сустракаюцца. Ці не павінна з сэрца вырвацца гарачая малітва: дапамажы, Езу, нам, грэшным, выйсці з гэтай хворай сітуацыі!
Хтосьці можа падумаць: «А можа, проста пачаць прымаць св. Камунію і там, і там?» Не, гэта не выхад, бо супольная св. Камунія з’яўляецца вонкавым знакам, за якім павінна стаяць сапраўднае адбудаванае адзінства .
А што ж тады нас увогуле дзеліць? Крыху аб гэтым паразважаем у наступным артыкуле. Бр. Яраслаў Крыловіч
- Пар. Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла 274
- Пар. Дэкрэт пра экуменізм ІІ Ватыканскага Сабору 15
- Пар. Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла 287, 274
|