Што нас дзеліць? |
Экуменічная старонка бр. Яраслава Крыловіча |
13.09.2011 14:53 |
«Жаданне аднавіць адзінства ажыццяўляецца праз навяртанне сэрца, малітву, узаемнае братэрскае пазнанне, тэалагічны дыялог». У звычайнай сям’і, калі здараецца развод, муж і жонка ўжо задоўга перад гэтым жывуць нібыта чужыя. Ці не адбывалася штосьці падобнае і ў вялікай хрысціянскай сям’і? У гісторыі падзелу з праваслаўнымі менавіта так яно і адбывалася. Да разрыву ткані адзінства дайшло не па прычыне пытання пра ўладу або нейкага здарэння палітычнага1, але праз узрастаючае адчужэнне, калі розніцы двух вялікіх хрысціянскіх традыцый — заходнееўрапейскай і ўсходняй візантыйскай — пачалі ўспрымацца (у тэалогіі, абрадах, спосабе жыцця і мыслення) не як супольнае багацце, а як несумяшчальнасць. На жаль, цяпер, у XXI стагоддзі, мы часта з’яўляемся спадкаемцамі і паслядоўнікамі таго драматычнага разводу. Ці ж так рэдка можна пачуць высакамерныя выказванні: «Гэтыя праваслаўныя...», «А ў гэтых праваслаўных...» — і наадварот, падобныя выказванні ў бок католікаў. І найгорай тое, што часам розныя павярхоўныя асуджэнні, без добрага пазнання і паважання іншай традыцыі, дазваляюць сабе людзі актыўныя ў касцёле ці царкве, нібыта веруючыя, бывае, нават і пастыры, якія лічаць, што такім чынам дбаюць пра дабро хрысціянскай супольнасці. Смела можна сказаць, што такая псеўдакаталіцкая і псеўдаправаслаўная стараннасць з’яўляецца вялікай перашкодай на шляху да адбудавання адзінства. Бр. Яраслаў Крыловіч |
tt Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: bratjaroslav@gmail.com |