Прыняць праўду пра чалавечае жыццё |
Усяго патроху |
01.05.2012 08:29 |
Сёння, як ніколі раней, паддаюць аналізу і навуковым даследаванням не толькі тэму чалавечага жыцця, але і самога чалавека. Колькасць поглядаў і гіпотэз пра паходжанне і прадвызначэнне чалавека такая вялікая, што людзі самі ўжо не ведаюць, якія з іх праўдзівыя. Вызначыць гэта нялёгка, але неабходна. Стаўленне чалавека да ўласнага жыцця і жыцця іншых людзей залежыць ад таго, якую канцэпцыю на тэму чалавечага жыцця ён прымае. Сёння, у час вялікіх навуковых і тэхнічных дасягненняў, а асабліва дзякуючы развіццю медыцыны, чалавек усё часцей становіцца прадметам маніпуляцый. Чалавечае жыццё хоць і не перастае быць таямніцай, але пачынае губляць сваю святасць і непарушнасць, таму што чалавек сам хоча быць абсалютным яго гаспадаром. Інакш кажучы, мы жывём у час, калі «чалавечае жыццё пераходзіць у рукі чалавека». У такой сітуацыі варта задаць сабе пытанне і адказаць на яго: «Ці не лепш зноў прыняць праўду, што чалавечае жыццё з’яўляецца дарам самога Бога, і заўсёды з гэтым лічыцца, чым пагадзіцца з крайняй паставай, што чалавечае жыццё цалкам знаходзіцца ў руках чалавека?!» На жаль, гэта адна з абсурдных пастаноў сучаснага свету: з аднаго боку, паўсюдна абвяшчаецца права на жыццё як фундаментальнае права кожнага чалавека, а з іншага — можна вельмі лёгка пазбавіць чалавека годнасці і зрабіць яго прадметам (інструментам) для навукі і тэхнікі. Для больш глыбокага роздуму над гэтай тэмай варта зрабіць некалькі параўнанняў, якія пакажуць, на чым асноўваецца вучэнне Касцёла, які заўсёды абвяшчаў Евангелле жыцця, і што прапануе сучасны свет, абапіраючыся на новыя дасягненні медыцыны і тэхнікі. Варта пры гэтым памятаць, што рана ці позна гэтыя справы могуць закрануць кожнага з нас ці блізкіх нам людзей. На які бок я стану тады? Якую праўду я прыму?
На заканчэнне ўзгадаем словы бл. Яна Паўла II: «Кожны чалавек, шчыра адкрыты на праўду і дабро, праз святло розуму і таямнічае ўздзеянне ласкі можа распазнаць у натуральным праве, запісаным у сэрцы, святасць чалавечага жыцця ад зачацця ажно да канца і пераканацца, што кожная чалавечая істота мае права чакаць абсалютнай пашаны да гэтага свайго асноўнага дабра. Прызнанне гэтага дабра з’яўляецца фундаментам чалавечага суіснавання [...]. Абаронцамі і заступнікамі гэтага права павінны быць асабліва тыя, хто верыць у Хрыста [...]» («Evangelium vitae», № 2). Кс. Мікалай Ціхановіч |