Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Чаму Бог стаў чалавекам?
Жыць з Богам. Старонка с. Нунэ Цітаян
24.12.2011 18:46

У маўклівасці ночы нараджаецца Езус Хрыстус. Ён прыходзіць у наш свет зямны, каб адкрыць у нас праўду. Але якую? Якую праўду пра нас адкрые наш Добры Езус? І хто мы побач з Ім у гэтай ночы і ў гэтым жыцці? Хто мы ёсць па задуме Пана і якія ў Яго на нас планы?

«Мы павінны памятаць, што Божае Нараджэнне — гэта не толькі калядкі, падарункі, святочны стол. Перш за ўсё — гэта найвялікшае свята душы, дзень, калі нашы душы знайшлі свабоду ад цемры і знайшлі святло Збаўлення» (З размовы на занятках па рэлігіі).

З пяцігадовымі дзецьмі мы гулялі ў гульню «Для чаго Бог даў чалавеку рукі?» Калі я ім казала: «Пан Бог стварыў рукі для таго, каб імі будаваць, пісаць, маляваць, пячы бліны, прыбіраць і г. д.», яны з радасцю і энтузіязмам выяўлялі гэтыя дзеянні рукамі. А калі я ім казала: «Нашы рукі створаны для таго, каб біць, разбураць, пагражаць…», яны хутка хавалі рукі за спіну, паказваючы гэтым, што чалавечыя рукі не створаны для насілля і разбурэння. А як на самой справе? Чалавек, створаны на вобраз і падабенства Божае, пакліканы любіць і ствараць, ненавідзіць і знішчае…

Хто такі чалавек?

«Ціхай ноччу Езус прыйшоў на нашу зямлю, каб асвятліць гэты свет сваёй дабрынёй і каб кожны чалавек, які верыць у Яго, меў жыццё вечнае. Гэтая цёмная ноч асвятлілася святлом Панскім і стала святой ноччу для ўсіх людзей. У гэтую ноч сам Бог стаў чалавекам, не патрабуючы ўшанаванняў і пакланення, але пакорна зраўняўшыся з усімі людзьмі» (З размовы на занятках па рэлігіі).

У чалавека, хоць ён і з’яўляецца вянцом стварэння, няма свайго, асаблівага дня стварэння. Жывёлы і чалавек былі створаны Панам Богам у адзін і той жа дзень. Чаму? Якую праўду пра чалавека хоча нам адкрыць Святое Пісанне? Чалавек, з’яўляючыся жывёлай, адначасова створаны на вобраз і падабенства Божае. І ў гэтым парадокс чалавека, у гэтым яго слабасць і веліч. Ён знаходзіцца паміж Богам і жывёламі. Гэтае месца вызначае місію чалавека на зямлі. Як і жывёлы, чалавек атрымлівае тое жа самае благаслаўленне: «І благаславіў іх Бог, і сказаў ім: Пладзіцеся і размнажайцеся…» (Быц 1, 28). Чалавек атрымлівае такую ж ежу, што і жывёлы: «І сказаў Бог: Вось Я даю вам усялякую траву, што рассявае насенне па ўсёй зямлі, і ўсялякае дрэва, плод якога рассявае насенне, каб яны былі вам на спажытак. А ўсім жывым істотам на зямлі і ўсялякаму нябеснаму птаству, і ўсяму, што поўзае па зямлі і мае ў сабе дыханне жыцця, Я даю на спажытак усялякую зеляніну» (Быц 1, 29–30). Чаму гародніна ў ежу? Таму што жыццё без насілля, без кровапраліцця. (Толькі пасля патопу Бог дазваляе чалавеку харчавацца жывёламі.)

«Яму хапіла ўсяго толькі цёмнага і беднага хлява, дзе пакорныя жывёлы сагравалі Яго сваім цёплым подыхам і пяшчотныя рукі Марыі клапаціліся пра Яго. Так захацеў Пан, каб паказаць, што Езус прыйшоў не для таго, каб судзіць, але даць Збаўленне і жыццё вечнае» (З размовы на занятках па рэлігіі).

Чалавек атрымлівае ад Пана Бога дадатковую місію — «няхай пануе над рыбамі марскімі, над птаствам нябесным, над жывёламі, над усёю зямлёю і над усялякім паўзуном, што поўзае па зямлі», чалавек створаны для таго, «каб апрацоўваць Эдэмскі сад і захоўваць яго». Гэтую ўладу ён атрымаў ад Бога і гэта дар ад Пана, на які ён павінен адказаць паслухмянасцю. Чалавек у такой меры валадарыць і пануе над створаным светам, у якой ён усведамляе, што з’яўляецца прадстаўніком Пана Бога на зямлі. Але чалавек заўсёды спакушаецца: або быць жывёлай, або стаць як Бог. Калі чалавек імкнецца стаць як Бог, тады настае патоп, вяртаецца хаос — «цемра над безданню», і тады ўсё перамешваецца — «воды над зямлёй» з «водамі пад зямлёй»…

Што значыць быць чалавекам?

«Марыя ні на хвіліну не адводзіла ад Яго сваіх уважлівых і пяшчотных вачэй, саграваючы Яго ў сваіх цёплых абдымках, — бо менавіта ёй Бог даручыў свайго каштоўнага Сына, які павінен быў стаць Збаўцам усіх людзей. Першымі сведкамі нараджэння Езуса былі не вялікія цары і магутныя людзі, а простыя пастухі. І гэта паказвала, што за стол Панскі запрошаны ўсе — і бедныя, і багатыя» (З размовы на занятках па рэлігіі).

Чалавек не ведае, хто ён такі, што такое быць па-сапраўднаму чалавекам. Ён не памятае свайго Стварыцеля, ён заблытаўся ў сваім быцці. Ён забыўся, што чалавек — гэта Божае стварэнне і што жыццё, крыніца жыцця знаходзяцца па-за ім. Кожны раз, калі вы сядаеце за стол, каб паесці, усвядомце, што крыніца жыцця знаходзіцца па-за вамі. Што здарыцца, калі мы перастанем прымаць ежу? Што адбываецца з людзьмі, якія адмаўляюцца прымаць нябесную, праўдзівую ежу — Цела і Кроў Пана нашага Езуса Хрыста?

«Патрэбна была менавіта ноч, каб убачыць цудоўную зорку, якая вядзе да Збаўлення, і пачуць песню ўсхваляючых Яго Анёлаў. Езус стаў нашым сонцам, якое асвятляе цёмнае неба і чалавечыя душы. Езус паказаў, што Ён блізка да нас і Яму не чужыя нашы радасці і смуткі і што ў кожным чалавеку жыве Бог» (З размовы на занятках па рэлігіі).

Пан Бог бачыць нашу згубленасць, Ён разумее: для таго, каб мы маглі стаць людзьмі па Яго задуме, нам неабходна з кімсьці ідэнтыфікавацца. Калі мы ідэнтыфікуемся са злом або жывёлай у нас, тады мы становімся падобнымі да іх. Пан жа пасылае нам свайго Сына ўмілаванага, у якім Ён мае ласку, каб кожны чалавек стаў на вобраз Сына Ягонага. Езус Хрыстус для нас стаў чалавекам, каб выратаваць у нас чалавека. Уцелаўленне Сына Божага з’яўляецца найвялікшым дарам для кожнага чалавека.

«Якія шчаслівыя павінны быць усе людзі, усведамляючы, што мы не сіроты і што ў нас ёсць Айцец, які прабачае нам усё, бясконца любячы нас, які за людзей аддаў Сына свайго адзінароднага» (З размовы на занятках па рэлігіі).

І калі скончылася непаўторная ноч і сціхла песня Анёлаў, цуды не скончыліся, а шлях да перамогі Езуса толькі пачынаўся…

С. Нунэ Цітаян MSF

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.