Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мой Эмаус
Жыць з Богам. Старонка с. Нунэ Цітаян
07.04.2012 19:00

Уваскрасенне Езуса Хрыста — галоўны фундамент і прадмет хрысціянскай веры і надзеі. «Калі Хрыстус не ўваскрос, то марнае і прапаведаванне нашае, і вера ваша марная», — кажа святы Павел (1 Кар 15, 14). Хрысціянам даручана ўслед за апосталамі абвяшчаць свету гэтую Добрую Навіну: «Хрыстус уваскрос!»

…Чаму вы шукаеце больш цяжкі адказ, чым той, які прыходзіць сам?

«Я думала, што мне стане лягчэй, як толькі я перастану бачыць акрываўлены твар любімага Настаўніка. Але выйшла інакш: калі ён схаваўся ад маіх вачэй, я адчула, што мне яго не хапае, што калі я яшчэ раз не ўбачу яго — то памру; памру ад голаду, ад смагі, ад агіды да ўсяго, што не гэты твар. Вы ведаеце, як можа выглядаць твар замучанага чалавека; вы ведаеце, якія пачуцці звычайна ўзнікаюць, калі глянеш на сляды падобных катаванняў. Але калі твар Настаўніка знік, я раптам адчула глыбокую патрэбу, нягледзячы ні на што, як мага хутчэй да Яго вярнуцца. Не тое, каб ён да мяне вярнуўся, а я да Яго! Гэта быў быццам заклік з валадарства мёртвых. Гэты твар заклікае мяне! Пры жыцці ён быў светлым, прыгожым і добрым; пасля смерці ён прасякнуты болем і абяцае боль. Я не столькі баюся таго, што ёсць, колькі таго, што будзе… Але боль Ягоны заклікае мяне. Вам гэта зразумела? Вы разумееце, як боль можа заклікаць?» (Маналог Марыі Магдаліны са сцэнкі «Сустрэча»)

«Вось двое з іх вучняў у той жа дзень ішлі ў вёску, якая называлася Эмаус. А калі яны размаўлялі і разважалі між сабою, сам Езус наблізіўся ды ішоў разам з імі» (Лк 24, 13–14).

Горкі смак вялікага паражэння і чарговага расчаравання. Наша хрысціянства — гэта шлях, які мы павінны прайсці, каб здолець распазнаць твар уваскрослага Пана. Вера — гэта пілігрымаванне, яе немагчыма набыць назаўсёды, наша вера дынамічная, яна развіваецца.

«Яны не пазналі Яго» (Лк 24, 16).

Пасля доўгага расстання, калі я бачу майго бацьку і маму, ува мне штосьці ўздрыгвае там, глыбока ўнутры. Я гляджу на іх з радасцю і хваляваннем, яны мне настолькі родныя і блізкія, што я гляджуся ў іх, як у люстэрка. Задаю часта сабе пытанне: «Чаму нам, веруючым людзям, Езус не родны? Чаму мы Яго не пазнаём?» Калі чытаю Стары Запавет, здзіўляюся таму, што богаабраны народ не мог слухаць голас Пана Бога. Яны ўмольвалі Майсея, каб Бог перастаў прамаўляць да іх, каб праз яго — Майсея — Ён не перадаваў свае запаведзі і настаўленні. Чаму голас Бога, нашага Айца і Стварыцеля, палохае нас да смерці? Чаму мы не пазнаём Езуса? Адказ, на мой суб’ектыўны погляд, вельмі просты: мы не ведаем Яго. Мы не ведаем нашага Бога, Ён нам як чужы, не родны. Мы чуем аб Ім, як сіроты слухаюць цікавыя гісторыі пра сваіх бацькоў, але на самой справе іх не ведаюць. Мы адзічэлі ў сваёй амаральнасці, мы развучыліся Яго слухаць, мы адвярнулі сэрца, заблукалі, сталі пакланяцца «чужым», мы не пазнаём роднае. Можна быць вельмі блізка ад Езуса і, як Пётр, адрачыся ад Яго: «Я не ведаю Яго». Нам прасцей адрачыся, чым паверыць, нам прасцей шукаць складаныя адказы, чым згадзіцца з рэальнасцю «пустой грабніцы». Нашы «грабніцы» не могуць пуставаць.

«Чаму вы смуткуеце?» (Лк 24, 17)

Мы ўмеем, а дакладней прывыклі пакутаваць, мы прывыклі да думкі аб смерці, несправядлівасці і безвыходнасці. Бо мы здзейснілі свой выбар: жыццё — дабро або смерць — зло. Мы чуем першую частку сказа: «Сын Чалавечы будзе аддадзены ў рукі людзей, і яны заб’юць Яго», але застаёмся абсалютна глухімі да словаў: «але праз тры дні (пасля таго), як заб’юць (Яго), Ён уваскрэсне». Не разумеем словаў Езуса, а спытаць Яго баімся. Парадокс. Мне часам здаецца, што мы баімся адказаў Езуса, таму што яны здольныя разбурыць наш унутраны замак, пабудаваны на пяску.

«А мы спадзяваліся, што Ён той, хто павінен вызваліць…» (Лк 24, 21)

У пачатку свайго духоўнага жыцця я вельмі часта трапляла ў пастку гэтых словаў, дакладней, гэтага спосабу мыслення пра Бога. «Я спадзявалася, што Ён той, хто павінен…», замест гэтага шматкроп’я звычайна я ставіла развязку згодна з маім сцэнарам. Бог ніколі не расчароўваў мяне, Ён звычайна ўражваў, а часцей за ўсё — ашаламляў мяне. Мой сцэнар не ўвасабляўся ў жыццё.

«Але Яго не бачылі» (Лк 24, 24).

Падзеі, звязаныя з уваcкрасеннем Езуса Хрыста, неяк не ўкладваюцца для нас ў агульную карціну. Жанчыны распавядаюць, як дрыжыць зямля, хоць больш ніхто гэтага не адчувае, гром падае з яснага неба, з’яўляюцца людзі або анёлы ў ззяючым адзенні, дзесятак рымскіх салдат у жаху разбягаюцца. Іншыя кажуць, што яны Яго бачылі і чулі… Грабніца пустая… Цела няма! Там нікога няма! Усе покрывы, у якія завярнулі цела, засталіся… На вялікім саване бачныя сляды Яго крыві. Нават тканіна, якой прыкрылі Яму твар, ляжала ўбаку, скручаная… Ясна адно: цела знікла з гробу. Але мы, людзі, ахвотна верым толькі ў тое, што можна змерыць, узважыць, памацаваць рукой. А калі чалавек уваскрос і знік — то ў гэта ўжо паверыць мы не ў стане! Нам прывычна шукаць Жывога сярод мёртвых.

«О неразумныя і марудныя сэрцам, каб паверыць усяму, што казалі прарокі!» (Лк 24, 25)


У палоне ў саміх сябе. Часам я задаю сабе пытанне: «Чаму ты баішся? Чаму ты шукаеш больш цяжкі адказ, чым той, які прыходзіць сам?» Дзе і ў каго ты шукаеш адказы на свае пытанні?

«Ён зрабіў выгляд, што хоча ісці далей. Але яны настойвалі, кажучы: „Застанься з намі…“» (Лк 24, 28–29)

Каму з нас не вядомае пачуццё быць жаданым? Бог хоча, каб мы Яго ўтрымлівалі, Ён хоча быць жаданым.

«Калі сядзеў з імі за сталом, узяў хлеб, благаславіў, паламаў і даў ім» (Лк 24, 30).

За сталом Езус здзяйсняе знакавыя дзеянні: бярэ хлеб, благаслаўляе яго, ламае і дае вучням. Да гэтага моманту гэтыя ж дзеянні Езус здзяйсняў з вучнямі, калі цудоўна памножыў хлеб (пар. Лк 9, 16) і падчас устанаўлення сакрамэнту Эўхарыстыі (пар. Лк 22, 19). Менавіта гэтыя жэсты, вельмі добра знаёмыя вучням, адкрылі ім вочы. Яны пазналі Хрыста, але Ён стаў нябачным для іх. На гэты раз знікненне Езуса не напоўніла сэрцы вучняў сумам і расчараваннем, але яны зразумелі самае галоўнае: Езус жывы! І не важна, якім чынам прысутнічае Уваскрослы Езус сярод нас, самае галоўнае — Ён жывы.

«У гэтую раніцу я не мог плакаць. Немагчыма плакаць пасля таго, як ты адчуў дотык Сына Божага… Радасць, якой Ён мяне авеяў, падобная да павеву ветру, які ласкава слізгануў па нашых шчоках — і вось ужо знік… Нам не схавацца ад болю, як не схавацца ад свету. Але і свет, і боль сталі цяпер іншымі. Я даведаўся толькі аб тым, што было неабходна мне. Цяпер перада мной адкрыўся прамы прадвызначаны шлях. Я ведаю, куды ісці і што рабіць» (Маналог Пятра са сцэнкі «Сустрэча).

С. Нунэ Цітаян MSF 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.