Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Ужо», але «яшчэ не канец»
Жыць з Богам. Старонка с. Нунэ Цітаян
07.12.2012 08:04

З таго часу, як Езус знайшоў мяне, я з нецярплівасцю чакаю Яго. Ён абяцаў, што вернецца, але Яго ўсё яшчэ няма. Штодзённыя сустрэчы з Ім у Слове, у Эўхарыстыі і ў таямніцы бліжняга напаўняюць маё сэрца незразумелай тугой.

Гэта ўсё роўна што доўгая, карпатлівая падрыхтоўка да вяселля, а я хачу вяселля — Нябеснай Гасціны. Пачынаю чарговы Адвэнт майго жыцця, і ў мяне няма ніякіх гарантый таго, што гэта, нарэшце, здзейсніцца. Знакі, якія суправаджаюць Яго прыйсце, відавочныя, але пры гэтым у чарговы раз усведамляю, што я не ведаю ні дня, ні гадзіны, калі Ён вернецца за мной. Будзе страшна, так яно і ёсць. А калі нам было не страшна? Езус вернецца ў хвале. Ён сказаў, і так будзе. Што ж рабіць? Як Яго чакаць?

Ён прыйдзе з моцай і хвалою. Святыня майго сэрца чакае Яго. Што з ёю будзе? Што будзе «з тваімі каштоўнымі камянямі і ўкладамі»? Езус кажа, што не застанецца каменя на камені, усё будзе разбурана… Разбурыцца мой храм зямны. Застанецца толькі тое, што ў ім здзейснілася, што бліжнія адчулі ў ім і вынеслі як сведчанне Божай любові і Яго прысутнасці. Ну а астатняе? А якое гэта мае значэнне? Новае неба, новая зямля, новы чалавек… Хочацца спытаць у цябе (сябе), каго ўшаноўваеш ты ў святыні твайго сэрца? Што знаходзіцца ў тваім табэрнакулюме? Перад кім і чым ты гатовы нястомна ззяць, як вечная лампада? Для каго ты гатовы губляць і траціць? У нашай веры важней сказы, якія заканчваюцца пытаннем, чым сказы, якія заканчваюцца дэфінітыўнай кропкай. Чаго ты чакаеш? Апішы свой Адвэнт… На што ты разлічваеш? Давай паразмаўляем пра патаемнае, толькі шчыра, бо самая лепшая абарона — гэта шчырасць, ці не праўда? На што ты спадзяешся? Для мяне сумненні страшней за нявер’е. Перапыні стопар маўчання і паразмаўляй з Ім шчыра. Ты хочаш, каб Ён прыйшоў, вярнуўся за табой? У нас гучыць збітае алібі: «Я не гатовы…» Гэты сказ можа працягнуць кожны з нас, і ў іх вы знойдзеце класіку маладушша і тамы апраўдання грахоў. Нам падабаецца быць негатовымі, так бы мовіць, «заспетымі знянацку», хоць прычынна-выніковы механізм няўмольна дзейнічае ў нашым жыцці. Калі ж ты будзеш гатовы? Што яшчэ павінна адбыцца з табой, каб ты ўсвядомлена здзейсніў выбар і, жывучы ў згодзе з верай, якую вызнаеш, мог каштаваць плады збаўлення?

Чарговы Адвэнт твайго жыцця. Чым ён скончыцца для цябе?

С. Нунэ Цітаян MSF

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.