Вернасць Хрыста — вернасць святара |
Публіцыстычная старонка кс. Андрэя Рылкі |
08.04.2010 10:22 |
Сучасная эпоха постмадэрнізму, у якім апынулася беларускае грамадства пасля дзесяцігоддзяў панавання савецкай сістэмы, становіцца сур’ёзным выклікам як для вернікаў, так і для святароў. Мінулае стагоддзе паставіла такія словы: праўда, любоў, дабро і зло ў залежнасць ад каньюнктуры грамадскіх працэсаў, волі палітыкаў і патрэб спажыўцоў. Ідэолагі «свету без Бога», выцясняючы Божую Праўду са свядомасці масаў, прапаноўвалі замест яе праўду «пад заказ». Эксперыменты над грамадскай свядомасцю парадзілі чалавека постмадэрнізму, які ўжо нікому не давярае, ва ўсім сумняваецца, губляецца ў акіяне спакуслівых прапановаў. Менавіта з такім чалавекам сустракаецца сучасны Касцёл і святар. Што ж значыць быць святаром у эпоху постмадэрнізму? Якога ксяндза патрабуе Хрыстовы Касцёл у постсавецкім грамадстве? Святы Айцец Бэнэдыкт ХVІ звёў усе пытанні аб сучасным святарстве да аднаго слова — вернасць. Словы «Вернасць Хрыста — вернасць святара» Папа абвясціў лозунгам бягучага Года святарства. Уся важнасць закліку Святога Айца да вернасці становіцца зразумелай, калі прыгледзецца да свету, у якім прыходзіцца нам жыць, і ў якім выконваюць сваю ўзнёслую місію святары Касцёла ХХІ стагоддзя. Зменлівасць і непастаянства — гэтыя антыподы вернасці становяцца своеасаблівым лозунгам сучаснай эпохі. Няспынная зменлівасць тэхнікі, матэрыяльных умоваў жыцця так захапіла чалавека, што амаль не застаецца часу на духоўнае жыццё. Спакуса матэрыяльнага прагрэсу, знешняй дасканаласці, жаданне паспець за ўсё больш імклівымі інавацыямі ставіць чалавека перад парадоксам асабістай дэградацыі. Наколькі ж дыяметральна супрацьлеглым выглядае духоўнае жыццё — няўлоўнае для спажывецкай эфектнасці, якое не абяцае імгненнага рэзультату, а патрабуе сілы волі, працы розуму, стрыманасці эмоцый. Духоўнасць — не для слабых. Ці не таму ў аслабленых спажывецкасцю грамадствах Захаду можна сустрэць неахвоту да сур’ёзнага хрысціянства і моду на антыклерыкалізм? Святар, верны свайму пакліканню, становіцца выклікам для грамадства, за знешняй пышнасцю якога крычыць убогасць і бязвольнасць душы. Колькасны крызіс святароў у некаторых краінах — гэта не крызіс Касцёла, а духоўны крызіс грамадства. У Бога няма праблем з пакліканнямі. Ён не перастае заклікаць усіх вернікаў да святасці, прызываючы некаторых з іх служыць святарамі. Праблема паўстае з боку чалавека. Пачуе пакліканы голас Хрыста ці не — гэта пытанне аб тым, ці чалавек увогуле ўмее слухаць, а калі так, то каго ён слухае? Святарства пачынаецца з духоўна-псіхічнага здароўя чалавека. Навучыцца слухаць і слухаць Бога — гэта першы выклік як для будучага ксяндза, так і для святара, якога няспынна спрабуюць заглушыць галасы гэтага свету. Святарскае ўменне слухаць мае вертыкальнае і гарызантальнае вымярэнні. Вертыкальнасць хрысціянскага жыцця зводзіцца да адносін паміж вернікам і Богам. Уменне слухаць Бога — фундаментальная патрэба і ўмова веры. Няма веры без умення слухаць Голас Айца на малітве і ў Святым Пісанні. Нездарма кожны святар прымае на сябе абавязак штодзённай цэлебрацыі Літургіі гадзінаў (брэвіярый), дзе ўменне слухаць Бога пераплятаецца з малітвай і са словамі Святога Пісання. Час, прысвечаны святаром для таго, каб слухаць Голас Таго, Хто яго паклікаў, становіцца часам праяснення будучыні, высвятлення сэнсу абранага шляху, часам павучання, як і куды ісці далей. Вернасць малітве ў святарскім служэнні становіцца абсалютнай умовай яго функцыянавання. Наколькі важна, каб вернікі дапамагалі святару ў малітве, вызваляючы яго ад неабавязковых заняткаў і даючы яму час на кантакт з Богам — Крыніцай духоўнай моцы і мудрасці. Немагчыма ўявіць святарства без гарызантальнага вымярэння. Гэта — узровень адносінаў паміж вернікамі і ксяндзом. У першую чаргу гарызантальнасць святарства выражаецца ва ўменні слухаць голас душы тых, да каго паклікаў Бог. Немагчыма дапамагчы таму, каго не ведаеш і не чуеш. Але як бы святар не стараўся, ён не зможа дапамагчы верніку, які не ўмее адкрыцца на дапамогу. Кожныя адносіны становяцца паўнавартаснымі толькі тады, калі ўзнікае зваротная сувязь. Адносіны як з Богам, так і з кожнай асобай — гэта зваротная сувязь, уменне і гаварыць, і слухаць. Здаецца, неспасцігальнасць Божай Любові да чалавека найбольш праявілася ў тым, што Ён вырашыў збаўляць чалавека праз чалавека. Найбольш яскрава гэта выражаецца ў святых сакрамэнтах. Святарскае служэнне — гэта пакліканне ўдзельнічаць у найбольш інтымнай сферы адносін паміж Богам і чалавекам — сакрамэнтальным дзеянні ласкі Пана ў душы верніка. Найбольш важнае і адказнае заданне ксяндза — быць не толькі сведкам, але і непасрэдным дарыцелем Божай ласкі ў кожным сакрамэнце. Ніхто з вернікаў не можа замяніць святара, з дапамогай якога Бог адпускае грахі, прыходзіць у св. Камуніі, асвячае хворых. Нідзе святар так не адчувае сваю невялікасць і тое, што ён — слуга, як здзясняючы скрамэнты, дзе дзейнічае Бог, а ён толькі служыць, раздае, дапамагае, з’яўляецца сведкам Збаўлення. Пра святарства, як і пра кожны дар Бога, можна гаварыць бясконца. Але бясспрэчна адно: чым больш хворы свет, тым больш пільна ён патрабуе дарыцеляў Аздараўлення. І чым больш спакушаныя прапагандай спажывецкасці і бездухоўнасці людзі, тым больш іх душы прагнуць ясных арыенціраў і канкрэтных прыкладаў жыцця. Сучасны Касцёл патрабуе святара — чалавека, вернага Хрысту і Яго пакліканню. Няпроста быць верным і непахісным ксяндзом у сучасным свеце. Але ў моры антывартасцяў яшчэ большую вагу набірае нават найдрабнейшая каштоўнасць. І ў нашыя часы так неабходна салідарнасць кожнага верніка Касцёла з кожным святаром. Ксёндз, як асаблівы ўдзельнік справы Збаўлення, становіцца аб’ектам нападкаў ворагаў Бога і чалавека. Таму кожны абраннік Пана патрабуе няспыннай падтрымкі малітвай, словам і дзеяннем. Заданне кожнага верніка: падтрымліваць таго, хто незалежна ад сваіх чалавечых слабасцяў, зводзіць Неба на зямлю і адкрывае для кожнага брамы Раю. Варта выказаць словы ўдзячнасці кожнаму ксяндзу за тое, што ён, нягледзячы на сваю чалавечую слабасць, не пабаяўся адказаць на голас Хрыстовага паклікання і верна крочыць абраным шляхам. |
tt Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара:
|