Год святарства: медыя-вайна супраць духавенства |
Публіцыстычная старонка кс. Андрэя Рылкі |
25.05.2010 16:57 |
Паглыбленне працэсу секулярызацыі (бездухоўнасці) у сучасным свеце вядзе за сабой маральную дэградацыю тых, хто яму паддаецца. Убогасць духоўнага жыцця, выражаная ў адсутнасці канкрэтнай мэты, сэнсу, матывацыі, ідэалаў, прыводзіць да поўнай дэградацыі асобы. Менавіта на фоне секулярызму абвастраецца канфлікт паміж бездухоўнымі «нормамі» свецкага грамадства і духоўна-маральнымі прынцыпамі Касцёла. Чым больш бездухоўнае грамадства, тым цяжэй яму зразумець духоўны свет хрысціянства. Больш таго, высокія маральныя прынцыпы і адпавядаючыя ім прыклады жыцця вернікаў выклікаюць усё больш нястрыманую агрэсію ў прыхільнікаў секулярызму. На фоне дэпрэсіўнага раба распуснасці і залежнасцяў верны сваім прынцыпам хрысціянін выглядае як чалавек, аб якім ахвяра секулярызму можа толькі марыць. «Немагчыма быць такім радасным і шчаслівым. Гэта крывадушнасць, паказальнасць! Унутры яны такія ж сапсаваныя, як мы!», — часта ціха ў думках або гучна ў мас-медыя крычаць, не верачы сваім вачам, ворагі духоўнасці. Аслепленыя агрэсіяй, ідэолагі секулярызму шукаюць сярод хрысціянаў прыклады грахоўнасці, каб паказаць, што «ўсе яны такія». Але ва ўсёй гэтай медыя-валтузні адкрываецца ўбоства тых, хто не здольны нічога прапанаваць, а толькі паказваць пальцам на іншых і крычаць, што яны дрэнныя. Так сталася, што менавіта ў Год святарства, калі больш чым мільярдная супольнасць Касцёла дзякуе Пану Богу за дар святароў, за іх служэнне, секулярныя мас-медыя абрынуліся з небывалай хваляй агрэсіі менавіта на духавенства. Зацята выкалупваючы і «абсмоктваючы» паасобныя негатыўныя прыклады святарскага жыцця, яны імкнуцца ачарніць тых, хто найбольш радыкальна сведчыць аб хрысціянстве, прысвячаючы поўнасцю ўсё сваё жыццё служэнню справе Евангелля. Не выпадкова, што сярод розных чалавечых слабасцяў духавенства, антыкасцёльная прапаганда найбольш фіксуецца на праблемах сексуальнай сферы. Як на заезджанай пласцінцы, не перастае гучаць патрабаванне адмяніць цэлібат духавенства, дазволіць сексуальную распуснасць свецкім вернікам. Нішто так не абурае ідэолагаў секулярызму, як узнёсласць хрысціянскай маралі ў сферы сексуальнасці і яе практычная эфектыўнасць. Крычучы, напрыклад, пра выпадкі педафіліі і гомасексуалізму сярод духавенства, секулярныя мас-медыя чамусьці панічна баяцца публікаваць працэнтныя суадносіны гэтых праблем у асяроддзі настаўнікаў, палітыкаў, артыстаў і інш. Статыстыкі гавораць пра жахліва непараўнальную дыспрапорцыю ў апісанні маральных праблем сярод духавенства і, напрыклад, сярод педагогаў ці выхаваўцаў. Больш таго, часта тыя самыя мас-медыя, якія яшчэ нядаўна зацята бічавалі Касцёл за тое, што той адназначна лічыць педафілію маральным злом, цяпер, у кантэксце нападкаў на духавенства, выступаюць вялікімі абаронцамі ахвяр педафіліі. Або зусім абсурдна выглядае, калі адныя і тыя ж СМІ асуджаюць педафілію, і адначасова прапагандуюць прэзерватывы для дзяцей! Застаецца толькі паспачуваць тым людзям, якія бескрытычна вераць усяму, што пішацца і гаворыцца, бяздумна паўтараючы тое, што ў выніку аказваецца паўпраўдай або чыстай хлуснёй. Для самога Касцёла, як часта паўтарае Бэнэдыкт ХVІ, медыя-вайна супраць аўтарытэту святарства парадаксальна можа і павінна паслужыць на добрае. Паскараецца працэс ачышчэння шэрагаў духавенства ад тых, хто па розных прычынах не годны гэтага ўзнёслага стану. У выніку нападкаў і крытыкі робяцца грунтоўныя намаганні з мэтай больш сур’ёзнага адбору кандыдатаў да святарства, выключаючы ўжо на самым пачатку тых, хто мог бы запляміць аўтарытэт Касцёла і духавенства. Частыя беспадстаўныя ачарненні ў ні ў чым не павінных святароў служаць таксама таму, каб вернікі ўсвядомілі сваю адказнасць за кожнага ксяндза, які патрабуе падтрымкі і абароны. Кожны святар — гэта дар для супольнасці Касцёла. Прычыны многіх праблем духавенства крыюцца ў тым, што яны аказаліся пакінутымі, адкінутымі супольнасцю вернікаў. Кожны згублены супольны дар — гэта грэх занядбання дадзенай супольнасці. Трываючая ў Год святарства небывалая хваля медыйнай агрэсіі супраць духавенства становіцца для супольнасці Касцёла нагодай да пераасэнсавання сваіх адносін да дару святарства. Для кожнага верніка — гэта выклік і пытанне, у чым канкрэтна выражаецца яго клопат аб святары, з рук якога ён духоўна корміцца. Многія мільёны католікаў толькі цяпер пачынаюць усведамляць, што святарства — гэта не прыватны дар для нейкага мужчыны, але дар для канкрэтнай групы вернікаў. Заданне кожнай адказнай і сур’ёзнай супольнасці — цаніць, бараніць і развіваць кожны Божы дар, а тым больш такі дар, значэнне якога цяжка пераацаніць. Кожны прыклад маральнага або псіхалагічнага падзення ксяндза — гэта пытанне да супольнасці Касцёла, у якой ён знаходзіцца: што робіцца для таго, каб абараніць і не страціць дар і адоранага. Можна лёгка паддацца спакусе ўмыць рукі і перакінуць адказнасць на кагосьці іншага. Можна ўключыць рэфлекс самаабароны і траціць сілы на палеміку з тымі, каго праўда не цікавіць. А можна пазітыўна падысці да таго, каб хаця б на заканчэнне Года святарства кожны вернік зрабіў нешта канкрэтнае, каб абараніць ці пачаць бараніць бясцэнны дар, праз які ён можа вызваляцца ад грахоў, карміцца Хрыстовым Целам, няспынна атрымліваць благаслаўленне, упэўнена крочыць да Неба. Ідэолагі секулярызму добра разумеюць, што пакуль сярод нас ёсць людзі, жыццё якіх перакрэслівае ўсю іх прапаганду, цвяроза мыслячыя асобы ніколі не пойдуць за спакуслівымі абяцанкамі бездухоўнасці. Касцёльная супольнасць, якая дапамагае ксяндзу ўмацоўвацца ў дары цэлібату — поўнай адданасці Евангельскаму служэнню — будзе поўніцца пладамі, якія выплываюць з багацця дару святарства. Наглядныя прыклады гэтых пладоў і пазітыўнае сведчанне аб іх — гэта найлепшы хрысціянскі адказ тым, хто здольны толькі дзяліцца брудам. У сучасным свеце, дзе людзі перастаюць верыць словам, патрэбна дзеянне, практычнае сведчанне аб дзейснасці Касцёла, святарства і хрысціянскага жыцця. Кс. Андрэй Рылка |
tt Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара:
|