«Тыя, хто любіць лодку Пятра, павінны трымацца ўбаку ад машыннага аддзялення» |
Пераклады |
15.10.2014 17:19 |
Пасля з’яўлення паслядэбатнай справаздачы Сінода можна заўважыць пэўную істэрыю. Джон Тэвіч, ватыканскі рэпарцёр-ветэран, які нібыта павінен добра ведаць справу, акрэсліў сітуацыю як «вялікі землятрус, што здарыўся пасля некалькіх месяцаў невялікіх штуршкоў». Некаторыя кансерватыўныя каментатары, заламваючы рукі, пачалі аплакваць глыбокую здраду вучэнню Касцёла. Адзін нават выказаў меркаванне, што гэты даклад з’яўляецца «самым бязглуздым дакументам, выдадзеным Каталіцкім Касцёлам», а некаторыя прызналіся, што часовы дакумент перакрэслівае вучэнне Яна Паўла II. Між тым Нью-Ёрк Таймс упэўнена абвясціў, што Касцёл перайшоў ад «асуджэння нетрадыцыйных сямейных сітуацый да разумення, адкрытасці і міласэрнасці». Я думаю, што кожны павінен зрабіць глыбокі ўдых. Даклад, які толькі што з’явіўся, нават не наблізіўся да канчатковага, фармальнага выкладання Каталіцкага Касцёла. Гэта справаздача аб тым, што абмяркоўвалася да гэтага часу на Сінодзе двухсот біскупаў з усяго свету. Ён перадае пэўны кансэнсус па асноўных тэмах, тэндэнцыі, якія былі відавочныя ў размовах, акцэнты ў дэбатах і г.д., але ён зусім не азначае «вучэнне» Папы ці біскупаў. «Святы Дух накіроўвае працэс» Адна з самых вялікіх таямніц, якія існуюць у эклезіялогіі Каталіцкага Касцёла, у тым, што Хрыстус прамаўляе праз даволі брудны і непрадказальны працэс касцёльнай аргументацыі. Вядома, Святы Дух накіроўвае працэс, але не абвяргае і не абмінае яго. Менавіта ў доўгатэрміновым, крапатлівым прасейванні ідэй праз час і дысцыплінаваныя абмеркаванні паступова адкрываецца праўда пра Божую волю. Калі вам патрэбныя доказы, проста паглядзіце на запісы абмеркаванняў асноўных Сабораў Касцёла, пачынаючы з так званага Ерусалімскага Сабору ў першым стагоддзі аж да Другога Ватыканскага Сабору ХХ стагоддзя. На кожным з іх аргументы былі вельмі розныя, і кансэнсусу дасягалі толькі пасля працяглых і часта вострых дыскусій паміж зацікаўленымі бакамі. Пачытайце Джона Генры Ньюмана маляўнічую гісторыю пра Нікейскі Сабор у IV стагоддзі, і вы знойдзеце апавяданні аб беспарадках на вуліцах і ўзаемныя цяганні за бароды сярод апанентаў. У Іва Конгара ёсць вельмі цікавы дзённік Другога Ватыканскага Сабору, з якога вы даведаецеся пра яго крытыку ўмяшання ў працу Сабору ўплывовых кардыналаў і канкурыруючых багасловаў. Або можна праглядзець Джона О'Мэллі – гісторыю Трыдэнцкага Сабора, і ўбачыць, што раннія праекты заяў па ключавых дактрынах першароднага граху і апраўдання былі прадстаўлены, абмеркаваны і адхілены задоўга да зацвярджэння канчатковых варыянтаў. «Абмеркаванні будуць працягвацца» Да Другога Ватыканскага Сабору гэтыя папярэднія развагі і размовы былі вядомыя толькі ўдзельнікам і некаторым спецыялістам-гісторыкам. Вялікія вучэнні Сабораў сталі шырокавядомымі і ўшанаванымі, але працэс, які выпрацаваў іх, быў, трэба сказаць – на шчасце, асуджаны застацца ў ценю. Я хацеў бы працытаваць вялікага Ньюмана, які меў даволі нездавальняючы вопыт афіцыйнага касцёльнага жыцця ў Рыме: «Тыя, хто любіць лодку Пятра, павінны трымацца ўбаку ад машыннага аддзялення!» Гэта некалькі ўдасканаленая версія вядомага выказвання: «Тым, хто атрымлівае асалоду ад каўбасы, ніколі не трэба глядзець, як яна робіцца». Прамежкавы даклад Сінода ўяўляе сабой вельмі раннюю стадыю працэсу «па вырабе каўбасы», і не дзіўна, што гэта выглядае не зусім прывабна.
Яшчэ тыдзень абмеркаванні будуць працягвацца; затым на працягу цэлага года вынікі Сінода будуць дапрацоўвацца, абмяркоўвацца і ўдакладняцца; за гэты перыяд да пачатку Сінода з’явяцца іншыя аргументы і контраргументы; і, нарэшце, праз некалькі месяцаў, можа быць, нават год або каля таго, пасля яго заканчэння, Папа напіша Постсінадальную адгартацыю, што стане заключным этапам усяго працэсу і прапануе канчатковы варыянт погляду на гэтае пытанне. На маю думку, толькі тады нешта падобнае да ядомай каўбасы будзе дасяжна для нашага спажывання. А да таго часу мы ўсе павінны быць цярплівымі і ўстрымлівацца ад шматслоўя. Гісторык і багаслоў Марцін Марці адзначыў, што нашы дэбаты сёння пра секс і аўтарытэт аналагічныя аргументацыі першых стагоддзяў Касцёла, якая датычылася хрысталогіі, а таксама падобныя да спрэчак аб антрапалогіі і выратавання ў часы Рэфармацыі. Каб вырашыць гэтыя два спрэчныя пытанні, спатрэбілася некалькі стагоддзяў, і Марці мяркуе, што мы, магчыма, зараз знаходзімся якраз у векавой палеміцы, якая чарговы раз разгарэлася. Я рады, што Папа Францішак на пачатку гэтага Сінода заклікаў біскупаў выказваць свае думкі выразна і бясстрашна. Ён не хацеў самацэнзуры, што неапраўдана перашкодзіла б абмеркаванню і тым самым перашкодзіла б усталяванню праўды. Гэта ні на хвіліну не азначае, што Папа будзе згаджацца з любым выказаным пунктам гледжання, і насамрэч ён не здолее, таму што многія з гэтых пунктаў з’яўляюцца ўзаемавыключальнымі. Але гэта гаворыць аб тым, што ён мае давер і цярплівасць, якія дазваляюць Святому Духу працаваць такім чынам, які Ён сам выбірае. Айцец Роберт Баран (Паводле www.wordonfire.org) Пераклад з англійскай Тэрэсы Клімовіч |