Маскі цывілізацыі смерці: фемінізм |
Абарона жыцця і сям’і. Старонка Ул. Валаховіча |
21.09.2011 13:30 |
Здавалася б, што можа быць агульнага паміж цывілізацыяй смерці, пра якую казаў Ян Павел ІІ, і сучасным рухам за правы жанчын? Што дрэннага ў гэтых правах? Упершыню аб правах жанчын загаварылі пасля Французскай рэвалюцыі, калі масонскі заклік да «свабоды, роўнасці і братэрства» стаў лозунгам новай пабудовы свету. У кодэксе Напалеона 1804 года жанчына, якая да таго часу практычна ніякімі правамі не валодала, упершыню атрымала права быць ініцыятарам разводу ў выпадку непрыстойных паводзін мужа. Ужо ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя ўзнік рух жанчын, якія змагаліся за выбарчыя правы, што на пачатку ХХ стагоддзя пераўтварыўся ў фемінізм. Галоўная ідэя фемінізму: жанчына павінна быць роўнай мужчыну ва ўсіх сферах жыцця — палітыцы, бізнесе, грамадскім жыцці. Аднак ва ўсёй гэтай роўнасці ёсць адно «але»: па самой сваёй прыродзе жанчына прывязана да хатніх клопатаў, бо менавіта яна нараджае дзяцей, і гаварыць пра абсалютную свабоду жанчыны немагчыма. Таму адным з галоўных заданняў феміністак стала вызваленне жанчыны ад нараджэння дзяцей. З гэтай задачай яны справіліся даволі хутка — усяго за паўстагоддзя, хаця гэта было складана, бо яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя аборт быў ва ўсім свеце крымінальным злачынствам, а любая кантрацэпцыя недапушчальнай і непрыстойнай для сужэнства. Аднак дзякуючы дзейнасці феміністак, у першую чаргу Маргарэт Зангер, у 1920-я гады на Захадзе з’явілася паняцце планавання сям’і, якое мела на ўвазе свабодны доступ да абортаў і кантрацэпцыі, а ўжо ў 1970-я гады аборты былі легалізаваны ў большасці краін свету. Феміністкі абвясцілі ідэю аб тым, што жанчына мае права распараджацца сваім жыватом, мае права выбару, захоўваць цяжарнасць або не. Гэтая ідэя стала фундаментам для сексуальнай рэвалюцыі канца 1960-х гадоў, бо жанчына ў роўнай ступені з мужчынам атрымала магчымасць уступаць у выпадковыя сувязі, пазашлюбныя стасункі, не вельмі турбуючыся пра цяжар нараджэння дзяцей. Мэта феміністак была дасягнута, жанчыны ў развітых краінах атрымалі поўную свабоду для самарэалізацыі, а краіны, дзе правы жанчын пакуль яшчэ абмежаваныя, падвяргаюцца моцнаму ўціску з боку міжнародных арганізацый. Уладзіслаў Валаховіч
|