Вялікі чацвер — гэта свята Эўхарыстыі. Перш за ўсё, свята тых, хто ў ёй удзельнічае, для каго яна займае важнае месца ў жыцці. Наша свята. На Пасхальных святах ляжыць цяжар цыклічнасці, з якім не кожны можа справіцца. Кожны год — паўтарэнне таго, што мы добра ведаем, шмат разоў перажылі і пазналі. Гэта настолькі ж складана, наколькі і небяспечна. Самыя жыццевызначальныя рэчы такім чынам можна ператварыць у банальнасць. Каб гэта ніколі не адбылося, трэба весці з сабой дыялог, задаваць сабе пытанні і адказваць на іх. Шчыра.