Сінод Біскупаў, беатыфікацыйныя і кананізацыйныя ўрачыстасці з удзелам адразу двух Пантыфікаў, вялікая колькасць вернікаў на аўдыенцыях Папы Францішка – пра гэта і не толькі ў аглядзе Catholic.by
21 снежня Aпостальскі элемазінарый арцыбіскуп Конрад Краеўскі па просьбе Папы Францішка наведаў рымскую турму «Рэбібія», каб разам са зняволенымі цэлебраваць Эўхарыстыю і перадаць ім падарункі ад Святога Айца з нагоды Божага Нараджэння.
20 снежня Папа Францішак прызначыў камерленга Святога Рымскага Касцёла кардынала Жана-Луі Тарана, старшыню Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу. На пасаду віцэ-камерленга быў прызначаны арцыбіскуп Джампьера Глодэр, старшыня Папскай Касцёльнай Акадэміі.
У 2015 г. адкрые свае дзверы для турыстаў ферма, размешчаная ў летняй рэзідэнцыі Пантыфіка ў Кастэль Гандольфа. Менавіта з яе прывозяць малочныя прадукты, мяса і гародніну для кухні ў Доме св. Марты, дзе жыве Папа Францішак.
14 снежня пасля малітвы “Анёл Панскі” Папа Францішак благаславіў, згодна з даўняй традыцыяй, фігуркі нованароджанага Езуса, якія вернікі прынеслі з сабой на плошчу св. Пятра і якія будуць пазней пакладзены ў святочныя яслі. Прысутныя на ватыканскай плошчы атрымалі таксама спецыяльны падарунак ад Святога Айца – малітоўнік.
Падрыхтоўчы дакумент (Lineamenta) наступнага Сінода Біскупаў, які пройдзе ў Ватыкане восенню 2015 г., будзе мець форму пытанняў. Аб гэтым паведаміў Генеральны сакратар асамблеі кардынал Ларэнца Бальдзісэры.
Па ініцыятыве Апостальскай Сталіцы з 2015 г. ва ўсіх каталіцкіх дыяцэзіях і парафіях свету будзе адзначацца Міжнародны дзень малітвы і разважання супраць гандлю людзьмі. Датай яго святкавання было выбрана 8 лютага, бо ў гэты дзень Каталіцкі Касцёл адзначае літургічны ўспамін св. Жазэфіны Бакіты — суданскай жанчыны, якая прайшла шлях ад рабыні да законніцы, пазнаўшы шмат духоўных і цялесных пакут і прыніжэння.
Асабістыя падарункі Папы Францішка, атрыманыя ім з пачатку яго пантыфікату, выстаўлены ў якасці прызоў «Латарэі на карысць дабрачыннай справы Святога Айца».
«На зямлі спакой людзям добрай волі» — гэтыя словы з Евангелля паводле Лукі (2, 14) будуць тэмай адвэнтавых казанняў, якія падрыхтаваў прапаведнік Папскага дома айцец Раньера Канталамеса. На працягу Адвэнту святар тры разы — 5, 12 і 19 снежня — звернецца да Папы Францішка і супрацоўнікаў Рымскай Курыі са сваімі медытацыямі.
Дзяржсакратар Святога Пасаду кардынал Пьетро Паралін сустрэўся з палітычным кіраўніцтвам Чэшскай Рэспублікі. Іерарх знаходзіцца ў Празе па запрашэнні мясцовага арцыбіскупа кардынала Дамініка Дукі з нагоды святкавання 25-годдзя кананізацыі св. Агнешкі Чэшскай.
Папа Францішак прызначыў арцыбіскупа Пола Рычарда Галахера сакратаром па адносінах з дзяржавамі. Гэта трэцяя па значнасці пасада ў ватыканскай дыпламатыі, эквівалентная пасадзе міністра замежных спраў.
17 лістапада пачнецца рэканструкцыя санітарных пакояў для пілігрымаў, якія знаходзяцца пад каланадай Берніні, недалёка ад Бронзавай брамы — уваходу ў Апостальскі палац. Па ініцыятыве папскага элемазінарыя арцыбіскупа Конрада Краеўскага тут будуць размешчаны і тры душавыя кабінкі — спецыяльна для бяздомных, якім няма дзе памыцца.
8 лістапада Папа Францішак здзейсніў важныя прызначэнні ў структурах Апостальскай Сталіцы. Кардынал Рэйманд Лео Бёрк, які да гэтага дня з’яўляўся прэфектам Найвышэйшага Трыбуналу Апостальскай Сігнатуры, стаў патронам Суверэннага Ваеннага Мальтыйскага Ордэна. Яго месца заняў былы сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі арцыбіскуп Дамінік Мамбэрці.
З 19 красавіка па 24 чэрвеня 2015 г. у Турыне (Італія) будзе выстаўлена Турынская плашчаніца. Аб праграме будучай падзеі, цэнтральным пунктам якой будзе візіт у Турын Папы Францішка, паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Ватыкане мясцовы арцыбіскуп Чэзарэ Назілья.