У першым тысячагоддзi паміж непадзеленымi тады яшчэ хрысціянамi Захаду i Усходу голас Апостальскага Пасаду гучаў часам вельмі цвëрда i рашуча. Цi не з’яўляўся ëн адным з тых выпрабаванняў веры, калі мы павінны прыняць бачны знак прысутнасці нябачнага Хрыста ў Ягоным Касцёле?
Хаця большасць некатолікаў адкажа на гэтае пытанне негатыўна, аднак варта пра гэта з імі размаўляць. Справа ў тым, што кожны хрысціянін прызнае, што таямніца прысутнасці і дзеяння Бога ў Хрыстовым Касцёле з’яўляецца шматграннай і глыбокай. Нават святыя пастыры, тэолагі і абаронцы веры не заўсёды маглі выразіць яе ва ўсёй поўні. Толькі паступова Божы Народ набліжаецца да пазнання гэтай поўні Таямніцы ў пілігрымцы веры — не без выпрабаванняў.
Канец ІІ стагоддзя. Пасля заканчэння зямнога жыцця Апосталаў сярод хрысціянаў паўстала шмат фальшывых настаўнікаў, якія навучалі пра існаванне дадатковых крыніцаў хрысціянскага Аб’яўлення, акрамя таго, што вядома ўсім агульна ў Касцёле (т. зв. «гностыкі»). У гэтай сітуацыі, калі ў хрысціянстве з’явілася мноства падзелаў і сект, Касцёл мусіў ясна адказаць на важныя пытанні:
- Якія крыніцы хрысціянскага Аб’яўлення?
- Як адрозніць Касцёл Каталіцкі ад супольнасцяў з фальшывым навучаннем?
Адзін з найбольш значных у той час тэолагаў — св. Ірэнэй, біскуп Ліёна — напісаў трактат «Супраць ерасяў». Крыніцы хрысціянскага Аб’яўлення, піша ён, добра вядомыя ва ўсіх Касцёлах. Гэта — Святое Пісанне і Традыцыя, пераказаная ад Апосталаў. Тыя, хто хоча ведаць праўду, павінны пільнаваць, каб навучанне згаджалася з навучаннем у Касцёлах, дзе захавалася пераемнасть біскупаў ад Апосталаў. Менавіта праз пераемнасць біскупаў захоўваецца Апостальская Традыцыя. Найбольш надзейным у гэтым сэнсе св. Ірэнэй бачыць Касцёл Рыма, аб якім піша:
«З гэтым Касцёлам, з нагоды яго найбольшай важнасці, павінен згаджацца кожны Касцёл, г.зн. усе ўсюды вернікі, бо ў ім (…) заўсёды захоўваецца Апостальская Традыцыя»1.
Крыху далей, абгрунтоўваючы свае словы, св. Ірэнэй пералічвае па імёнах усіх біскупаў Рыма і прыгадвае гістарычную падзею, калі пры папу Кліменце Рымскі Касцёл умяшаўся сваім лістом ва ўнутраны канфлікт Касцёла ў Карынце2.
Такі быў агульны прынцып, прадстаўлены св. Ірэнэем, — прынцып, якога трымаліся прававерныя хрысціяне. Аднак, калі Бог пачынае дзейнічаць праз чалавека ў звычайных умовах нашага жыцця, вельмі часта даводзіцца прайсці праз выпрабаванне веры. Магчыма, штосьці падобнае перажыў і св. Ірэнэй, калі папа Віктар І вырашыў адлучыць ад каталіцкага адзінства Касцёлы Малой Азіі за тое, што яны не згадзіліся перайсці на святкаванне Вялікадня ў нядзелю. Вось што піша біскуп Эўзэбій Памфіл, гісторык ІV ст.:
«Гэтае рашэнне папы Віктара, аднак, не спадабалася ўсім біскупам. Наадварот, радзілі яму паклапаціцца больш пра супакой, адзінства і любоў да бліжняга. Аж дагэтуль захаваліся іх поўныя горычы выказванні адносна Віктара. Між іншымі напісаў ліст таксама Ірэнэй» (Гісторыя Касцёла кн.5; разд.24,10-11)3.
Якое дакладна было стаўленне св. Ірэнэя ў гэтым выпадку? Ці ён быў абураны і асудзіў Папу, ці толькі звярнуўся да яго з міратворчай братняй радай, даводзячы, што за справы звычаю не варта адлучаць ад Касцёла цэлы рэгіён? На жаль, маем мала гістарычных дакументаў пра гэтую падзею, і сучасныя гісторыкі з розных канфесій схіляюцца да адрозных інтэрпрэтацый. Гэта бачна таксама і па існуючых перакладах (гл. зноскі).
Не ведаем іншых дыскусій з ІІ–ІІІ стст. адносна гэтай тэмы, але ў рэшце рэшт ва ўсім Касцёле ўстанавіўся звычай святкавання Вялікадня ў нядзелю, на чым настойваў папа Віктар І.
Бр. Яраслаў Крыловіч 1. Св. Ірэнэй Ліёнскі «Супраць ерасяў» кн.3, разд. 3,2. Пар. па-польску: разд.2 Sukcesja Apostołów Piotra i Pawła w Rzymie. 2. Пар. там жа, разд. 3,3. 3. Вось польскі пераклад і падобны да яго рус. пераклад XІX ст.: «Nie podobało się to jednak wszystkim biskupom. Owszem, zwrócili się do niego z upomnieniem, by się starał o pokój, o jedność i miłość bliźniego. Aż po dni nasze przechowały się ich głosy, pełne gorzkich wyrzutów wobec Wiktora. Pomiędzy innymi pisał list także Ireneusz». «Но это не всем епископам нравилось; многие из них напротив советовали ему позаботиться лучше о мире, единении и любви с ближними. Известны и доныне их послания, в которых они сильно порицают Виктора. Из числа сих посланий одно написано Иринеем». А вось найбольш распаўсюджаны сучасны рус. пераклад, у якім больш рэзка паказана супрацьстаянне: «Не всем, однако, епископам пришлось это по душе; Виктора уговаривали подумать о мире, единении с ближними, о любви. Известны послания с резкими нападками на Виктора. Среди противников Виктора был Ириней».
|