Ігнацыянская малітва мае ў сабе шмат інструментаў і складнікаў. Лягчэй пра яе чуць, чым чытаць; пераймаць у айцоў езуітаў, чым вучыцца па кніжках. Але друкаванае слова таксама бывае карысным. Першыя паслядоўнікі святога Ігнацыя Лаёлы, як і мы, мелі няшмат магчымасцяў і часу, каб маліцца з раніцы да вечара, таму ён прапанаваў ім інтраспектыўную малітву на заканчэнне дня. Можна назваць яе праглядам, экзаменам, даследваннем – не толькі сумлення, але ўсёй свядомасці. Але гэта не проста саманазіранне, што па сутнасці азначае інтраспекцыя; гэта малітва, якая можа прынесці вельмі шмат радасці, свабоды і разумення ў нашае жыццё, малітва, якая дапамагае пачуць Бога і сваё сэрца.