Шмат пытанняў па выхаванні дзяцей звязаны з адносінамі паміж братамі і сёстрамі ў сем’ях, дзе двое ці больш дзяцей. У сённяшняй размове мы разгледзім тыя сітуацыі, якія сустракаюцца найчасцей і болей за ўсё непакояць бацькоў.
Найбольш няпростая, падаецца, сітуацыя, калі ў сям’і з’яўляецца другое дзіцятка. Зразумела, што гэта вельмі адказны і радасны момант для ўсёй сям’і — новае жыццё, новы чалавек, які ўваходзіць у сямейнае жыццё, новыя звычаі, абавязкі… На гэтым фоне бацькоў часта здзіўляюць паводзіны старэйшага дзіцятка: здавалася б, яно так чакала маленькага, цікавілася маміным жывоцікам, разважала, як будзе дапамагаць у выхаванні малодшанькага, — і раптам паўстаюць цяжка вытлумачальныя адхіленні ў ягоных паводзінах. Напрыклад, такія (усе прыклады ўзяты з маёй практыкі кансультавання на псіхалагічных форумах): дзіця 4–5 гадоў пачынае паводзіць сябе, «як маленькае»: балбоча, як немаўля, «развучваецца» рабіць простыя рэчы, якія ўжо выдатна выконвала, сваёй бездапаможнасцю імкнецца прыцягнуць увагу; адмаўляецца ісці ў садок, пачынаюцца ранішнія істэрыкі, хоча заставацца дома з мамай; уначы, калі мама ўстае да немаўлятка, старэйшая дачушка ўстае разам з ёю, на просьбы класціся спаць не рэагуе, кажа, што не хоча пакідаць маму адну; у старэйшай дзяўчынкі з’явілася навязлівая ідэя быць заўсёды першай: усё першай зрабіць, першай падбегчы да мамы, першай паесці, першай схадзіць на гаршчок і г.д.; часам з’яўляюцца таксама псіхасаматычныя рэакцыі, напрыклад, узнікненне запораў і інш.
Усе гэтыя з’явы могуць суправаджацца ці не суправаджацца схаванай ці яўнай агрэсіяй у дачыненні да немаўляці, аднак прычына менавіта ў ёй.
Агрэсія старэйшага дзіцятка супраць малодшага не азначае, канешне, што старэйшае дзіця — кепскае, злое ці ў чымсьці вінавата. Насамрэч, гэта нармальная рэакцыя дзіцяці, якая з цягам часу пройдзе, калі правільна з ёю абысціся. З чаго яна вынікае? Трэба памятаць, што з’яўленне другога дзіцяці для першынца становіцца момантам «скідання з трону»: дагэтуль ён адзін прыцягваў увагу і любоў мамы і ўсёй сям’і. У выніку ўсе цукеркі — яму, уся ўвага — яму, усе гульні — з ім, усе ягоныя патрэбы задавальняюцца ў першую чаргу — і раптам з’яўляецца немаўлятка, якое, натуральна, перацягвае на сябе значную частку мамінай увагі, пяшчоты, часу і г.д. Наш «прынц» застаецца нібыта пакінутым. Відавочна, што мама і яму дае сваю ўвагу і любоў — а ўся справа ў гэтым «і»: цяпер ён не адзін, ён вымушаны дзяліць маму з немаўляткам, у яго з’яўляецца канкурэнт. Для цёплых пачуццяў тут падстава невялікая. Часам дзеці хаваюць сваю рэўнасць і зайздрасць да немаўляці пад гіперапекай яго: яны гатовыя, здаецца, клапаціцца пра маленькага ледзьве не болей, чым мама: назіраць за кармленнем, дапамагаць купаць, пераапранаць, калыхаць, вадзіць на прагулкі… Аднак пры (падкрэсліваю!) нармальным развіцці сітуацыі рэўнасць і злосць на маленькага ў старэйшага дзіцяці прысутнічаюць.
Што ж з гэтым рабіць?
Перш за ўсё, як бы гэта ні было цяжка, маме варта пастарацца акрэсліць час для старэйшага дзіцяці, час, які будзе належаць менавіта яму, а не яму-з-дзіцяткам. Можа, гэта будзе некалькі хвілін перад сном ці калі дзіця вяртаецца з садка — але гэты час павінен быць прысвечаны яму і толькі яму.
Зразумела, што ў астатні час маці таксама не можа забывацца пра старэйшае дзіця. Добра будзе, калі па меры магчымасці яна будзе ўключаць яго ў клопат пра немаўлятка — і абавязкова падкрэсліваць сваю ўдзячнасць і важнасць ролі старэйшага дзіцяці ў гэтым працэсе, дзякаваць яму за дапамогу. Калі старэйшае дзіця яшчэ занадта малое, каб дапамагаць, можна запрасіць яго разам прылашчыць маленькага, паспяваць яму, пакалыхаць… Яно можа таксама назіраць за тым, як маці даглядае немаўлятка.
Ёсць некаторыя асаблівасці, звязаныя з полам і розніцай ва ўзросце паміж першым і другім дзіцём, але гэта адначасова і вельмі аб’ёмная, і вельмі індывідуальная тэма, таму ў фармаце гэтай размовы мы яе апусцім. Раю вам, дарагія чытачы, на гэты конт пазнаёміцца з артыкуламі Кацярыны Бурмістравай, праваслаўнага псіхолага. Яны выкладзены ў Інтэрнэце, і сярод іх ёсць некалькі прац, прысвечаных менавіта выхаванню ў шматдзетных сем’ях.
Нараджэнне трэцяга дзіцяці ставіць у новае становішча ўжо не першае, а другое дзіця, якое са статусу «малодшанькага» пераходзіць у статус «сярэдняга», быццам імгненна сталеючы. У гэтай сітуацыі, як зазначае Кацярына Бурмістрава, важна аб’яднаць старэйшых дзяцей у адну «каманду»: раней вы былі быццам «па розныя бакі барыкады»: старэйшы — малодшы, але цяпер важна, каб вы былі разам, падтрымлівалі адно аднаго і разам вучыліся любіць і прымаць нованароджанага.
Парадак нараджэння мае ўплыў на характар дзіцяці, на тое, як складзецца ягонае жыццё. Зразумела, што залежнасць тут не стопрацэнтная, але аб некаторых асаблівасцях кожнага дзіцяці трэба ведаць. Так, першынцы, як правіла, з’яўляюцца лідарамі: бацькі звычайна ўскладаюць на іх шмат чаканняў, надзей, больш падтрымліваюць у дасягненні мэтаў. Гэтая сітуацыя, аднак, можа пагражаць павышаным страхам неспаўнення надзей бацькоў, неапраўдання даверу, павышанай залежнасцю ад бацькоўскага меркавання і г.д.
Малодшыя дзеці (без аднясення да іх агульнай колькасці) часта застаюцца «вечнымі дзецьмі»: на іх сканцэнтравана менш бацькоўскай увагі, яны маюць больш самастойнасці, могуць больш свабодна выражаць сябе. Часта менавіта малодшыя дзеці ідуць у творчыя прафесіі, абіраюць нязвыклыя формы заняткаў і г.д. У той жа час роля «вечнага дзіцятка» можа павярнуцца інфантылізмам, станам, калі чалавек так і не становіцца дарослым, не вучыцца прымаць адказнасць за сваё жыццё.
Сярэдняе дзіця часта вымушана «лавіраваць» паміж малодшым і старэйшым, а таксама часам паміж бацькамі і дзецьмі, улоўліваць адценні настрою, светапогляду тых і іншых. З сярэдніх дзяцей часта вырастаюць добрыя дыпламаты, перамоўшчыкі: яны заўжды добра знаходзяць кампрамісныя рашэнні, паспяхова вырашаюць складаныя сітуацыі. У той жа час такое «лавіраванне» можа прыводзіць да адсутнасці ўласнай пазіцыі, меркавання ці недастатковай рашучасці для яго абароны.
Пытанням асаблівасцяў характару розных па парадку нараджэння дзяцей прысвечана цікавая кніга Кевіна Лемана «Успаміны дзяцінства: што яны кажуць аб табе сёння?» (рускі пераклад: Кевин Леман, «Воспоминания детства: что они говорят о тебе сегодняшнем?»).
Напрыканцы хацелася б, аднак, яшчэ раз падкрэсліць, што асноваю выхавання дзяцей, незалежна ад іх колькасці, з’яўляецца любоў. Менавіта на ёй будуецца ўвага да дзіцяці, ягоных талентаў і схільнасцяў, якія закладзены ў яго Богам. Калі бацькі маюць дастаткова мужнасці, каб сказаць Пану Богу: «няхай станецца Твая воля» ў дачыненні да канкрэтнага дзіцяці, то тады кожнае дзіця, незалежна ад парадку нараджэння, незалежна ад сваіх першасных пачуццяў да братоў і сясцёр, зможа рэалізаваць на зямлі волю Божую і тым самым пашырыць Ягонае Валадарства, якое ёсць «сярод нас».
Наталля Станкевіч
|