Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Асцярожна — дзеці! Не свае, але родныя…
Псіхалогія і вера. Cтаронка Наталлі Станкевіч
15.03.2012 15:39

Усынаўленне… Гэты крок так ці інакш трапляе ў поле бачання тых сужэнстваў, якіх па розных прычынах кранула няшчасце няплоднасці. Нехта адразу адмаўляецца ад яго: як гэта — узяць чужое дзіця і выхоўваць яго як сваё ўласнае? А калі нешта пойдзе не так, пачнуцца складанасці?.. Нехта, наадварот, не падыходзіць да гэтай справы дастаткова сур’ёзна, не ўлічваючы ўсіх «падводных камянёў».

На жаль, такія выпадкі часта заканчваюцца балючай сітуацыяй вяртання дзіцяці, якое нейкі час ужо пражыло ў сям’і і «не падышло», назад у прытулак. Мабыць, не трэба казаць, што больш страшную траўму для дзіцяці, ягонай самаацэнкі і ягонага даверу да дарослых цяжка нават прыдумаць.

Шанцы на ўсынаўленне і паспяховае выхаванне дзяцей узрастаюць у хрысціянскім асяродку, таму што ў гэтым сапраўды складаным і адказным працэсе мы спадзяёмся не толькі (і можа, нават, не столькі!) на свае сілы, колькі на дапамогу, натхненне і падтрымку Бога.

Усё ж ад памылак ніхто не застрахаваны, і каб зрабіць іх менш верагоднымі, я вырашыла ў гэтай размове разгледзець некалькі найбольш распаўсюджаных з іх, каб працэс прыняцця рашэння аб усынаўленні і далейшым выхаванні ўсыноўленага дзіцяці былі больш асэнсаванымі, рэалістычнымі і прынеслі вам сапраўдную радасць.

Вобраз дзіцяці з прытулку часта акружаны міфамі, на аснове якіх складаюцца страхі перад магчымасцю ўсынаўлення.

Адным з галоўных такіх страхаў з’яўляецца тое, што дзіця, трапіўшае ў прытулак, дакладна мае дрэнную спадчыннасць, бо ягоныя бацькі — алкаголікі, наркаманы, злачынцы, прастытуткі (спіс можна працягваць); яно пойдзе па іх слядах. Гэта міф. Праўда заключана ў тым, што схільнасці да антысацыяльных (злачынных) паводзінаў не перадаюцца ў спадчыну — яны выпрацоўваюцца пад уплывам асяроддзя дзіцяці. Фізіялагічным падмуркам для такіх паводзінаў можа быць павышаная агрэсіўнасць, але яна часта з’яўляецца вынікам радавых траўмаў галаўнога мозга, і такім чынам можа напаткаць і ваша біялагічнае дзіця.

У той жа час трэба звярнуць пільную ўвагу на стан здароўя дзіцяці і ягоных біялагічных бацькоў, бо дзеці наркаманаў, жанчын лёгкіх паводзінаў і г.д. могуць мець спадчынныя захворванні, напрыклад, сіфіліс і іншыя інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам, ВІЧ, СНІД і г.д. Пры гэтым, што вельмі важна, гэтыя хваробы зусім не абавязкова ў дзяцей ёсць, ці зусім не абавязкова, што яны пяройдуць у актыўную фазу. Трэба проста ведаць, што такім дзецям можа спатрэбіцца больш пільная медыцынская ўвага, напрыклад, будзе неабходна здаваць аналізы на маркеры сіфілісу ці іншых захворванняў.

Што ж тычыцца СНІДу, то, калі ён у дзіцяці ёсць, то праяўляецца да двухгадовага ўзросту. Калі ж аналізы, зробленыя ў гэтым узросце, адмоўныя — дзіця не хворае. Тут, на жаль, трэба, аднак, дадаць, што дзеці з падазрэннем на СНІД выхоўваюцца ў такой ізаляванасці і з такім страшэнным дэфіцытам любові, увагі, цеплыні, што іх псіхічнае развіццё амаль заўсёды парушанае значна больш моцна не толькі ў параўнанні з дзецьмі з сем’яў, але і з сіротамі, якія растуць у звычайных прытулках.

Стан псіхічнага і фізічнага здароўя дзіцяці-сіраты з’яўляецца своеасаблівым «папярэджваючым званочкам» для будучых бацькоў. Ён нібы кажа ім: «Асцярожна, лёгкім гэты шлях не будзе!», вымушаючы дарослых паглядзець на магчымасць усынаўлення сапраўды дарослымі, адказнымі вачыма.

Тут, мабыць, будзе да месца паразмаўляць аб матывах, па якіх людзі хочуць усынавіць дзіця. Для пачатку разгледзім тыя сітуацыі, калі дзіця ўсынаўляць НЕЛЬГА:

1. Вы, на жаль, з нейкіх трагічных прычынаў страцілі сваё роднае дзіця, вам падаецца, што ваш дом стаў пустым, і вы хочаце зноў «напоўніць» яго прысутнасцю дзіцятка. У такіх сітуацыях бацькі часта выбіраюць дзіця таго ж полу, узросту і нават падобнай знешнасці, як і загінуўшае.

ЧАМУ НЕЛЬГА? Дзіця — гэта жывы чалавек, гэта асоба са сваім характарам, жыццёвым шляхам і досведам, сваім светапоглядам, тэмпераментам, жаданнямі, чаканнямі… Яно не можа быць «заменай» кагосьці. У больш шырокім сэнсе гэта дарослыя павінны задавольваць псіхалагічныя патрэбы дзіцяці, суцяшаць ягоны боль, а не наадварот. Разглядаючы, свядома ці падсвядома, усыноўленае дзіця як замену загінуўшаму, вы перакладаеце на маленькага чалавека свае пакуты, вымушаеце яго іграць ролю вашага страчанага дзіцятка, а паралельна яшчэ і быць для вас суцяшальнікам, апорай — па сутнасці, быць вашымі бацькамі.

NOTA BENE. Калі, на жаль, вы страцілі сваё дзіця, гэта не значыць, што вам ніколі нельга будзе ўсынавіць кагосьці. Але перад тым, як для гэтага прыйдзе час, вам неабходна аднавіць сваё жыццё, перажыць гора, скончыць жалобу, адпусціць загінуўшае дзіця, навучыцца жыць без яго — зразумела, па-іншаму, чым з ім, але таксама паўнавартасна. Гэта даволі доўгі і пакутлівы працэс. Магчыма, вам спатрэбіцца дапамога спецыялістаў і, несумненна, дапамога Бога. Маліцеся за сябе, за дзіця, якое страцілі, аплаквайце страту, калі спатрэбіцца — звярніцеся па падтрымку да сяброў ці псіхатэрапеўта. Дайце жалобе адысці. І толькі калі скончацца слёзы, калі пройдзе жалоба і жыццё ізноў цалкам уступіць у свае правы — можна пачынаць, як варыянт, думаць аб усынаўленні. Калі ж вы рашыцеся на гэты крок — не патрапце ў пастку: вам абавязкова трэба будзе ўсынаўляць дзіця, якое ні ў чым не падобна да вашага страчанага. Яно мусіць АБАВЯЗКОВА быць іншага полу і іншага ўзросту. Гэта таксама можа стаць нялёгкай унутранай бітвай: гартаеце, напрыклад, альбом з фотаздымкамі сірот — і бачыце фота хлопца, якому столькі ж гадоў, як было б вашаму сыну… Гэта можа выклікаць цэлую буру эмоцый — але гэта не ваш кандыдат на усынаўленне. Лепей падыдзе нованароджаная дзяўчынка.

2. Вам паставілі дыягназ няплоднасці, і вы пачынаеце адчуваць сябе непаўнавартасным чалавекам: вам балюча глядзець на маладых мам з вазкамі, на малых, якія гуляюць у двары… Родныя і сябры, якія ведаюць пра вашу бяду, адорваюць вас спачувальнымі поглядамі, ад якіх толькі горш, — і вы вырашаеце ўсынавіць дзіцятка…

ЧАМУ НЕЛЬГА? З тае ж прычыны, што ў пункце 1: дзіця не павінна лячыць вашы душэўныя раны, дапаўняць вас сабою, каб вы адчувалі сябе паўнавартасным чалавекам.

NOTA BENE. Няплоднасць — адзін з самых распаўсюджаных матываў для ўсынаўлення. Гэты дыягназ не азначае, што вам нельга ўсынавіць дзіця — наадварот, магчыма, гэта будзе найлепшым выйсцем з сітуацыі. Але як і ў пункце 1: перажывіце сваё гора, аплачце тое, што ніколі не адчуеце дзіцяці ў сваім улонні… Навучыцеся жыць з гэтым як паўнавартасная асоба — і толькі ПАСЛЯ можна задумвацца аб усынаўленні.

3. Вы паглядзелі сацыяльную рэкламу ці фільм, прысвечаны дзецям-сіротам, доўга плакалі — і зараз жа вырашылі, што менавіта вы пакліканы да таго, каб дапамагчы «бедным дзеткам».

ЧАМУ НЕЛЬГА? Рашэнне аб усынаўленні занадта важнае, каб прымаць яго пад уплывам эмоцый, нават самых узнёслых. Дайце сабе час, каб супакоіцца, «перагарэць» гэтай ідэяй, пажывіце з ёю хаця б некалькі месяцаў — і калі яна не страціць сваёй прыцягальнасці, можна будзе пачынаць думаць аб ёй больш сур’ёзна: ці ёсць у мяне магчымасць усынавіць дзіця? Як да гэтага ставіцца мой муж (жонка)? Якія цяжкасці мы можам сустрэць і як будзем з імі спраўляцца?

NOTA BENE. Жаданне дапамагчы дзецям, пазбаўленым бацькоўскай апекі, безумоўна, вельмі добрае. Пры гэтым трэба памятаць, што ўсынаўленне — не адзіная форма такой дапамогі: вы можаце дапамагчы фінансава дзіцячаму дому — самі ці праз дабрачынныя арганізацыі, ці, напрыклад, далучыцца да валанцёрскіх рухаў, якія наведваюць дзяцей у прытулках.

4. Ваш шлюб на грані распаду, і вы лічыце, што дзіця стане той «цэглай», якая ўзмоцніць яго.

ЧАМУ НЕЛЬГА? Як і ў папярэдніх пунктах, дзіця — гэта асоба. Яно не павінна ратаваць ваш шлюб.

NOTA BENE. Спачатку разбіраемся з праблемамі ў шлюбе, потым думаем пра дзяцей — біялагічных ці ўсыноўленых.

Ілжывых матываў для ўсынаўлення можа быць вельмі шмат, але толькі адзін слушны: любоў, якой у вас так шмат, што вы можаце падзяліцца ёю з дзіцём. Пры гэтым, што важна, вы не маеце патрэбы ў дзіцяці, каб задаволіць вашы жаданні. Вы хочаце не браць, а даваць — шчыра, ад усяго сэрца, не патрабуючы нічога ўзамен. Часта людзі, якія хочуць усынавіць дзіця, свядома ці падсвядома ўяўляюць сябе «збавіцелямі», якія ўваходзяць у прытулак — і вырываюць ашчасліўленае дзіця са страшэнных умоваў жыцця там, прывозяць яго да сябе — і тут, быццам, гісторыя скончана, далей проста «рай на зямлі». (Мне гэта нагадвае канец шматлікіх дзіцячых казак — «яны ажаніліся і жылі доўга і шчасліва».) Але, як і са шлюбам, з падпісання папераў аб усынаўленні гісторыя толькі пачынаецца…

Часта такія бацькі, ізноў жа, свядома ці падсвядома чакаюць удзячнасці ад усыноўленага дзіцяці. Удзячнасці, якая, напрыклад, будзе праяўляцца ў паслухмянасці, выконванні бацькоўскіх жаданняў і надзей ці нават напрамую — можа, аднойчы дзіцятка падыдзе і скажа: «Як жа добра, што вы мяне забралі з прытулку!.. Мне так хораша з вамі, вы такія цудоўныя, лепей за ўсіх на свеце!..» Прыемна? Канешне, прыемна!

Аднак гэта толькі ілюзія. Канешне, выключыць варыянт, што дзіця ў нейкі момант адчуе ўдзячнасць да вас, нельга. Але паглядзіце на вашы знаёмыя сем’і: дзеці часта там праяўляюць удзячнасць у такой форме, як мы тут зараз апісалі? Мабыць, не вельмі. Рэальнасць — гэта і дзіцячыя капрызы, і вашы нервы, і скандалы, і ўпартасць, і раздражнёнасць, і хваробы… Адным словам — паўсядзённасць, у якой спалучаюцца як цудоўныя моманты, так і цяжкія. І калі вы лічыце, што тое, што дзіця ўсыноўленае, зменіць гэтую сітуацыю ў лепшы бок — вы памыляецеся.

Больш за тое: калі казаць усю праўду, то дзеці з прытулкаў, асабліва ўсыноўленыя не ва ўзросце немаўляці, а старэйшыя, больш цяжкія ў выхаванні, чым дзеці з сем’яў. Тлумачыцца гэта, праўда, не «спадчыннасцю», а тымі траўмамі, якія дзеці-сіроты атрымліваюць на пачатку жыцця. Гэта, перш за ўсё, траўма пакінутасці, адзіноты, адчування, што ты нікому не патрэбны, што ты дрэнны настолькі, што нават родная мама не захацела мець з табою нічога агульнага, а папросту выкінула цябе са свайго жыцця. Насамрэч, дзеці-сіроты — гэта дзеці, якія перажываюць каласальны боль і адчай, і проста той факт, што яны трапілі ў сям’ю, гэты боль і адчай не суцішыць. Неабходна доўгая, клапатлівая праца, намаганні з абодвух бакоў, каб сітуацыя палепшылася. Гэта таксама будзе бітвай. Бо нават вашае роднае дзіця ці падлетак не выказвае сваіх пакутаў напрамую. Тады ўсё было б значна прасцей. Калі б усыноўленае вамі дзіця магло проста сказаць: «Ведаеш, мне вельмі дрэнна. Я баюся, што ты разлюбіш мяне і вернеш у прытулак. Я не магу цалкам табе давяраць. Я не люблю, больш за тое — ненавіджу! — сябе самога. Я лічу сябе дрэнным і нікчэмным. Я баюся жыць…» — то з гэтым можна было б штосьці рабіць, шчыра спачуваць, клапаціцца аб тым, каб дзіця ўзрастала…

Але гэтыя пачуцці гневу, страху, недаверу, сораму будуць выражацца не словамі, а дрэннымі паводзінамі, злосцю, упартасцю, непаслухмянасцю — усім тым, чым выражае іх звычайны падлетак ці дзіця, толькі ў дзіцяці з прытулку гэтыя пачуцці значна больш моцныя.

З гэтага пункту гледжання найбольшая памылка ў выхаванні, якую могуць зрабіць усынавіцелі, — гэта выхоўваць сірату як сірату. Напрыклад: родная дачка ўсынавіцеляў гуляецца з мішкам. Падыходзіць дзяўчынка, якую нядаўна ўсынавілі, спрабуе адабраць цацку. Тая не дае. Пачынаецца сварка. Прыбягае маці і вымушае сваю дачку саступіць мішку другой дзяўчыне. На пытанне, чаму, тлумачыць: «Ну, яна ж з прытулку, так шмат нацярпелася, няхай ужо пагуляе…»

Важна памятаць: дзеці, якіх мы ўсынаўляем, становяцца НАШЫМІ ДЗЕЦЬМІ без аніякіх выключэнняў. Паміж імі цяпер проста няма розніцы. На іх распаўсюджваюцца тыя ж патрабаванні — і тыя ж прывілеі. Вы любіце іх аднолькава моцна. Калі вы не гатовыя так адносіцца да ўсыноўленага дзіцяці — не варта ўсынаўляць.

Акрамя гэтага, варта ведаць, што вам можа спатрэбіцца і прафесійная дапамога ў выхаванні дзіцяці з прытулку. Сітуацыі заўсёды розныя, розныя лёсы дзяцей і розныя ў іх раны, таму дапамога добрага спецыяліста будзе вельмі неабходнай.

Напрыканцы хацелася б сказаць, што, нягледзячы на ўсе цяжкасці, усынаўленне — гэта цудоўны крок, які стварае новыя сем’і, прыносіць радасць і дзецям, і дарослым. Яно дапамагае нам узрастаць, даючы магчымасць дзяліцца сваёю любоўю з іншымі.

Наталля Станкевіч

tt

З пытаннямі або прапановамі тэм можна звяртацца да аўтара на паштовую скрыню n.stankevich@catholic.by. Адказ можа быць як у выглядзе матэрыяла, так і асабістага характару.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме