З такім пытаннем да мяне звярнулася адна мая знаёмая. Сітуацыя падалася мне актуальнай не толькі для гэтай маладой сям’і, але і для многіх іншых. Сапраўды, калі для сям’і надыходзіць час, каб задумацца аб нараджэнні дзіцяці, часам можна назіраць дзве супрацьлеглыя сітуацыі. На жаль, вельмі часта сужонкі падыходзяць да гэтага кроку ў сваім жыцці недастаткова адказна, спадзеючыся, як кажуць, «на рускі авось». У выніку маладыя бацькі аказваюцца не дастаткова дарослымі і не ў стане задавольваць патрэбы свайго дзіцяці.
Супрацьлеглая сітуацыя — гэта сітуцыя маёй знаёмай. «Ці гатовыя мы завесці дзіця? Ці мы ўжо дастаткова сталыя, ці маем усе неабходныя якасці, каб наш маленькі мог добра і гарманічна развівацца з нашай дапамогай?» Гэтыя і падобныя пытанні турбуюць бацькоў, якіх, у добрым сэнсе, можна назваць гіперадказнымі. Яны шчыра імкнуцца даць сваім дзеткам самае лепшае, стацца для іх як мага лепшымі бацькамі. Натуральна, што ў іх узнікае пытанне аб тым, ці гатовыя яны ўзяць на сябе такі цяжар адказнасці.
Мне падаецца, аднак, што цалкам пазнаць ступень сваёй гатоўнасці да прыняцця дзіцяці немагчыма. Звязана гэта з тым, што для людзей, якія дагэтуль не мелі дзіцяці, бацькоўства становіцца абсалютна новым досведам. Жыццё цалкам змяняецца, і прадбачыць, як усё будзе пасля з’яўлення дзіцяці, няма магчымасці. У гэтым не дапаможа нават камунікаванне з людзьмі, якія ўжо маюць дзіця. Гэтаксама нават калі сцісла камунікуеш з цяжарнай жанчынай, усё роўна не адчуеш таго, што адчувае яна. Таму да прыняцця дзіцяці нельга быць цалкам гатовым. Можна толькі падрыхтавацца да таго, каб выконваць усё тое, што будзе патрабаваць тая ці іншая канкрэтная сітуацыя. Такая пазіцыя звязана таксама з хрысціянскім разуменнем пакоры: маладыя бацькі разумеюць, што яны не ідэальныя, шмат чаго не ведаюць і не ўмеюць. Але тым большая для іх нагода спадзявацца на Пана. У астатнім дапаможа здаровы сэнс і, зразумела, любоў да дзіцятка.
Дарэчы, і псіхалогія падрыхтавала для бацькоў суцяшэнне: знакаміты псіхолаг Д.В. Вінікот распрацаваў паняцце «дастаткова добрая маці», якое супрацьстаіць паняццю маці ідэальнай. Ніводная жанчына не можа быць ідэальнай маці, гэта значыць — на сто працэнтаў задавольваць патрэбы немаўлятка ў той самы момант, як яны ўзнікнуць, не дазваляючы яму адчуваць нават самай маленькай фрустрацыі. Але Вінікот, па сутнасці, змог паказаць, што жанчыне і не трэба быць гэтай ідэальнай маці і што, калі б гэта камусьці і ўдалося, то прынесла б немаўляці не карысць, а шкоду: дзіця, якое ніколі не сустракала б непрыемных пачуццяў і сітуацый, проста не навучылася б адрозніваць сябе ад навакольнага свету, не змагло б выйсці са стану немаўляці, не кажучы ўжо аб тым, каб навучыцца пераадольваць цяжкасці ў дарослым жыцці. «Дастаткова добрая маці» інтуітыўна ведае, што добра, а што дрэнна для яе дзіцяці. Гэтымі ведамі валодаюць амаль усе жанчыны, якія нараджаюць немаўля. Трэба толькі прыслухоўвацца да сябе самой і пільна назіраць за дзіцяткам.
Такім чынам, можна сказаць, што ў перыяд цяжарнасці і наступнага выхавання дзіцяці варта выкарыстоўваць «метад дробных крокаў»: кожны дзень маладыя сужонкі будуць сустракацца з разнастайнымі маленькімі выклікамі-заданнямі: нешта купіць, прайсці тыя ці іншыя даследаванні і г.д. Адказваючы штодня на гэтыя выклікі, мы і становімся гатовымі да прыняцця Божага дару бацькоўства. Наталля Станкевіч
|