Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамеапатыя: лячэнне ці падман? (II частка)
Публіцыстычная старонка кс. Андрэя Рылкі
27.11.2011 03:26

 Духоўная небяспека гамеапатыі

Акрамя псіхалагічнай інтэрпрэтацыі ўздзеяння гамеапатычных прэпаратаў, варта звяруць увагу на духоўны фактар. Існуе нямала экзарцыстаў, якія выяўляюць існаванне сувязі паміж апантанасцю асобы злым духам і пачаткам ужывання гамеапатычных прэпаратаў. Наколькі абгрунтаванымі могуць быць такога роду асцярогі? Некаторыя спецыялісты звяртаюць увагу на акультычнае вучэнне гамеапатаў аб духоўных сілах (энергіі, інфармацыі), якія пераходзяць на чалавека з момантам прыняцця лека. Іншыя даследчыкі звяртаюць увагу на акультычныя і магічныя вытокі самога вучэння і тэхнікі гамеапатычнага «лячэння».

З духоўнага пункту гледжання, гамеапатыя можа быць небяспечная тым, што пацыент праз іррацыянальную веру адкрываецца на дзеянне духоўных сіл, не звязаных з Богам. Кожны хрысціянін добра ведае, што звяртанне да нябожых сілаў азначае парушэнне першай запаведзі (ідалапаклонства і звяртанне да дэманаў). Існуюць шматлікія перасцярогі Бога ў Святым Пісанні перад такімі дзеяннямі (Дрг 18, 10 12; 2 Тэс 2, 9-10).

Таксама Катэхізіс Касцёла перасцерагае: «усе практыкі магіі і чараў, праз якія чалавек імкнецца атрымаць патаемныя сілы, каб імі карыстацца і дасягнуць надзвычайнай улады над бліжнім — нават з мэтай яго лячэння — знаходзяцца ў сур’ёзнай супярэчнасці з цнотай рэлігійнасці (г. зн. з’яўляюцца цяжкім грахом)» (ККК 2117).

Трэба адзначыць, што гамеапаты або самі да канца не разумеюць, або не кажуць пацыентам, у чым сутнасць уздзеяння іх прэпаратаў. Калі навукай даказана, што няма ніякага фізічнага ўздзеяння, то застаецца толькі псіхалагічнае або духоўнае. Для тых, хто не прызнае хрысціянскага светаўспрымання, сілы, якія нясе ў сабе гамеапатычны прэпарат, будуць чымсьці «неспазнаным». А для хрысціяніна становіцца відавочнай пагроза таго, што духоўныя сілы, звязаныя з магіяй, акультызмам і астралогіяй, маюць дэманічнае паходжанне.

Кантакт з такімі сіламі вельмі часта маскіруецца пад лячэнне, дапамогу ў вырашэнні праблем. Бо чалавека ў бядзе найпрасцей купіць. У стане псіхалагічнай прыгнечанасці або эмацыйнага пабуджэння абмяжоўваюцца здольнасці да крытычнага мыслення, а абвастраецца схільнасць да спантанных, іррацыянальных учынкаў. Варта хрысціянам усведамляць, што не кожны сродак апраўдвае мэту. Асабліва такі сродак, які звяртаецца да таямнічых духоўных сілаў.

Вывады

На заканчэнне можам спытацца: ці хрысціяніну (католіку) маральна дапушчальна прымаць гамеапатычныя лекі? Адказ будзе залежаць ад таго, з якім намерам (інтэнцыяй) асоба сягае па гэты лек. Калі нехта прымае гамеапатычны лек, лічачы яго звычайным фармацэўтычным сродкам, то няма сур’ёзнай падставы, каб лічыць гэта грахом. Калі вернік прымае лек, спадзеючыся на яго духоўнае (энергетычнае) ўздзеянне, то такі ўчынак можа прыраўноўвацца да чараў і будзе цяжкім грахом супраць першай Божай Запаведзі.

У канчатковым выніку аб’ектыўная маральная ацэнка дзеяння будзе залежаць ад здольнасці хрысціяніна да самакрытычнай ацэнкі сваіх намераў і ўчынкаў. А ўлічваючы чалавечы фактар, варта хрысціяніну перад тым, як звяртацца да гамеапата, абмеркаваць праблемы са сваім духоўнікам і адукаваным медыкам. Можа аказацца так, што прычына хваробаў зусім не там, дзе мы яе шукаем.

Кс. Андрэй Рылка

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: Гэты e-mail абаронены ад спам-ботаў. Для яго прагляду ў Вашым браўзеры павінна быць уключана падтрымка Java-script
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.