Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Бізнес-план» з Кнігі прарока Ісаі
Малое для большага. Старонка Тэрэсы Клімовіч
06.01.2013 18:59

Што-што, а мадэлі развіцця бізнесу прааналізаваны эканамістамі ўздоўж і ўпоперак, асабліва ў апошнія дзесяцігоддзі, і мае разважанні не прэтэндуюць на тэорыю або практычныя парады. Але некалькімі назіраннямі захацелася падзяліцца.

Так праз прарока Ісаю Бог наказаў дзейнічаць цару Эзэкіі.

А гэта будзе табе знакам:
у гэтым годзе хай спажываюць тое, што змагло быць сабрана,
і на наступны год — што само нарадзілася,
а на трэці год — сейце і жніце, закладайце вінаграднікі і ешце іх плады.

Іс 37, 30

Такі «бізнес-план» часта адлюстроўвае пачатак і прадпрымальніцкай дзейнасці. Першы год пасля заснавання кампаніі сапраўды з’яўляецца збіраннем кліентаў, патрэбных сувязяў і кантактаў паўсюль, дзе толькі можна: прымяненне сваіх уменняў, найм персаналу з напрацаванымі базамі, распрацоўка лагістычных схемаў, пошукі найбольш эфектыўнай рэкламы і г.д.

Наступны год прыносіць тое, што «нарадзілася» з гэтай першапачатковай бурнай дзейнасці. Памылкі і паразы першага года вучаць большай асцярожнасці і разважлівасці. Не ўсё атрымліваецца добра. Адзін гаспадар збярэ больш, чым за першы год, а другому цяжка зводзіць канцы з канцамі.

І толькі на трэці год існавання кампаніі яе ўладальнік — асабліва той, які не з’яўляецца толькі інвестарам, але ўвесь гэты час працаваў над развіццем сваёй справы, — набіраецца той дасведчанасці, каб «сеяць, жаць і закладаць вінаграднікі». Ён адчуў наступствы памылковых рашэнняў, вызначыў слабыя месцы і перспектыўныя накірункі, дасканала ведае канкурэнтаў, здольны ставіць доўгатэрміновыя задачы свайму бізнесу. Пры гэтым добра разумее, што без долі рызыкі не абыйсціся, але далей стаяць на месцы і збіраць тое, «што само вырасла», не толькі недальнабачна, але пагражае спадам. Сумленнае стаўленне да работнікаў дазволіла стварыць каманду людзей, з якімі можна развівацца далей. Незразумелыя і туманныя пытанні, якія мелі месца на пачатку дзейнасці, зараз становяцца амаль празрыстымі, вывучанымі. Час думаць пра большае і працаваць над здзяйсненнем сваіх мараў, не губляючы здаровы сэнс, вядома.

Можна сказаць нават больш дакладна: развівацца, не губляючы сувязі з рэальнасцю, г.зн. усведамлення таго, што менавіта Бог дае «сеяць і жаць». Гэта дазваляе памятаць пра ўдзячнасць Яму, пра пакліканне да супрацоўніцтва з Ім. Можна і ўвесь свет здабыць, толькі карыснасць гэтага для ўласнай душы так і застанецца пад вялікім пытаннем.

Таму з цягам часу павінна ўзрастаць і чуйнасць, каб аднойчы шпаркім крокам не абмінуць непрыкметнага Лазара каля сваіх шыкоўных брамаў, спяшаючыся агледзець новыя ўтульныя складскія памяшканні з апошнімі сістэмамі вентыляцыі для свайго тавару.

Тады можна задаволена сказаць: «Усё супер! Нарэшце! Еш, душа, пі і весяліся!» — або, як варыянт, вярнуцца да Лазара, а значыць — да самога сябе.

Тэрэса Клімовіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.