Радасць праз дысцыпліну духу. Навошта хадзіць на Рараты? |
Пераклады |
01.12.2015 17:41 |
Дзеці з заплечнікамі, бацькі з торбамі — розныя людзі сярод штодзённай мітусні заходзяць у касцёл для ўдзелу ў раратніх Імшах. Гэта прыгожае сведчанне таго, што заўсёды можна знайсці час для Бога. Адвэнт — асаблівы час для Касцёла, час чакання і падрыхтоўкі да перажывання Божага Нараджэння. Хрыстус, які нарадзіўся, прыходзіць да нас як Сонца, усход якога ратуе чалавека ад цемры граху. «Дзякуючы сардэчнай міласэрнасці нашага Бога, у якой наведаў нас Усход з вышыні; каб асвятліць тых, хто сядзіць у цемры і ў ценю смяротным; каб накіраваць ногі нашыя на шлях спакою» (Лк 1, 78-79).
Таму мы раніцай прыходзім у касцёл, каб, трымаючы ў руцэ лампадку, рабіцца сведкамі святла Хрыста, якое носім у сэрцы. Аднак часам з душпастырскіх меркаванняў раратнія Імшы праводзяцца ў другой палове дня, перш за ўсё для тых, хто пачынае вучыцца ці працаваць яшчэ раней. Назва «Рараты» бярэ свой пачатак ад лацінскай песні «Rorate coeli desuper» («Дайце, нябёсы, росы з вышыняў»), якая спяваецца ў перыяд Адвэнту, звычайна на пачатку раратняй Імшы. Падчас раратняй Імшы раскрываецца старажытная традыцыя сімволікі святла ў хрысціянстве. Удзельнікі Раратаў запальваюць свечкі ці лампадкі, якія сімвалізуюць няспыннае чуванне Марыі. Значэнне гэтага святла моцна звязана з евангельскай прыпавесцю пра разумных і неразумных дзяўчат, якія чакалі жаніха (Мц 25, 1-13). Больш падрабязна пра сімволіку і гісторыю раратніх Імшаў — гл. артыкул «Рараты — падзяка Панне Марыі за Яе "так"» Раратнія Імшы адбываюцца ў буднія дні, таму на іх рэдка збіраецца шмат людзей, аднак варта паспрабаваць наведаць іх хоць аднойчы. Нават вельмі занятыя людзі знаходзілі час на іх — напрыклад, нашыя старажытныя валадары Вялікія князі Літоўскія. Гэтак штодзённа ўдзельнічалі ў Раратах Жыгімонт І Стары, ягоная жонка Бона Сфорца, Жыгімонт ІІ Аўгуст, жонка Стэфана Баторыя Ганна Ягелонка. Калі князі, якія кіравалі адной з найвялікшых дзяржаў Еўропы, мелі час на Рараты, то што казаць пра нас? Каб з карысцю для душы пражыць час Адвэнту і ўдзельнічаць у Раратах, трэба разумець дзве ісціны: прысутнасць Хрыста тут і цяпер, а таксама тое, што Ён вядзе нас да вечнага жыцця. У нядоўгі перыяд Адвэнту варта трошкі спыніцца і задумацца, каб не забыцца ў завірусе клопатаў перад Калядамі, інакш вашыя святы могуць застацца без Святога Духа. Раратняе чуванне дае цудоўныя духоўныя дары і выпрацоўвае добрыя рысы характару: гатоўнасць працаваць над сабой, гатоўнасць сустрэць Пана чыстым сэрцам. Таму варта пражыць Адвент з Раратамі, наведваць іх з дзецьмі ўсёй сям'ёй, прыступаць да сакрамэнту пакаяння і ўдзельнічаць у парафіяльных рэкалекцыях. Аляксандр Гелагаеў паводле Deon.pl Фота Аляксандры Шчыглінскай і Віталія Палінеўскага |