Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«З даверам да міласэрнасці Тваёй»: чытаем урыўкі з «Дзённіка» св. Фаўстыны Кавальскай
Пераклады
03.04.2016 00:00

«Учыніла ў сваім сэрцы невялічкую келлю, дзе заўсёды прабывала з Езусам», — так зрабіла яна, калі склала ў глыбіні свайго сэрца абяцанні вечнай чыстасці, дзякуючы якім адчувала большую сувязь з Богам, сваім Абраннікам.

Такое абяцанне ў 20-гадовым узросце яна склала перад тым, як пераступіць кляштарныя брамы.

 «Дачка Мая, ты жывеш не для сябе...»

Па сутнасці ўсё яе жыццё стала келляй, у якой яна старалася прабываць у Божай прысутнасці, якая раскрывала перад манахіняй — а праз манахіню перад усім светам — таямніцу Божай Міласэрнасці.

Яе «Дзённік», які яна пакінула пасля сябе, стаў сведчаннем не толькі яе асабістых думак, развагаў, шуканняў, але і дыялогу, які яна вяла з Хрыстом.

Яе «Дзённік» — гэта сведчанне жывых адносін з Богам, адносін, без якіх немагчыма ані сяброўства, ані супрацоўніцтва. Гэта не маналог узвышанай душы, але дыялог душы даверлівай з Тым, хто Найбольшы.

Самае дзіўнае, што яна, Гэлена Кавальская, а ў манастве с. Фаўстына, не мела ані вышэйшай адукацыі, ані надвычайных навыкаў, апрача толькі таго, што магла вельмі ўважліва слухаць сябе і Таго, хто да яе звяртаўся.

І пачутае і заўважанае занатоўваць у сваіх сшытках, што, па сутнасці, было таксама Яго наказам: «Дачка Мая, ты жывеш не для сябе, а для душаў, пішы для іх карысці».

І яна пісала, а сёння яе душа, спалучаная з Хрыстом, адгукаецца ў многіх хрысціян, да якіх трапляе ў рукі «Дзённік».

Аднойчы яна занатавала словы, якія потым занатаваў у сваіх дакументах Каталіцкі Касцёл, устанавіўшы адзначаць свята Божай Міласэрнасці. А ў «Дзённіку» пазначана, што менавіта такой была воля Бога. У прыватным аб’яўленні, якое адбылося ў Плоцку ў 1931 годзе, Езус паведаміў ёй аб сваім жаданні ўстанавіць свята Божай Мілсэрнасці такімі словамі:

«Я прагну, каб першая нядзеля па Вялікадні была святам Міласэрнасці» (Дз. 299)

«Чалавецтва не знойдзе супакаення, пакуль не звернецца з даверам да Маёй Міласэрнасці».

«Скажы, што міласэрнасць — найвялікшая ўласцівасць Бога. Усе справы Маіх рук укаранаваныя міласэрнасцю» (Дз. 300).

2016 год у Паўсюдным Касцёле абвешчаны Юбілейным Годам Міласэрнасці. Ён распачаўся ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, 8 снежня 2015 года, і працягнецца да 20 лістапада 2016 года, нядзелі Хрыста Валадара Сусвету.

Чытайце таксама:

У гэты час на нашым партале будуць адзін раз на тыдзень змяшчацца фрагменты з «Дзённіка» св. Фаўстыны Кавальскай, каб разважаць над Божай Міласэрнасцю, спаўнення якой Бог патрабуе ад кожнага з нас.

Пераклад з польскай на беларускую мову «Дзённіка» здзейсніла пісьменніца, паэтка і таленавітая перакладчыца Крыстына Лялько.

У «Дзённіку» с. Фаўстыны можна знайсці шэраг духоўных вершаў, якія па сутнасці ўяўляюць сабой тэксты прыгожых малітваў.

Пачнем з аднаго з іх — «О Божа мой».

«Калі гляджу я ў будучыню, трывога мяне ахапляе,
Але навошта ў будучыню мне паглыбляцца?
Для мяне толькі гэта хвіліна дарагая,
Бо душа можа будучыні не дачакацца.

Час, што мінуў, мне ўжо не падуладны,
Каб штосьці змяніць, паправіць, дадаць,
Бо над ім ні мудрэц, ні прарокі няўладны,
А таму ўсё, што ў мінулым, трэба Богу аддаць.

О гэта хвіліна, толькі ты мне належыш цалкам,
Цябе хачу скарыстаць, наколькі мне хопіць моцы,
І хоць я такая слабая змалку, 
Ты даеш мне ласку ўсёй сваёй моцы.
А таму з даверам да міласэрнасці Тваёй
Іду па жыцці, як дзіця малое, 
І штодзённа складаю ў ахвяры сэрца маё,
Што гарыць любоўю для большай хвалы Тваёй». (Дз.2)

(AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.