Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«100 пытанняў — 100 адказаў». Ці шмат Пантыфікаў адмаўлялася ад Пасаду св. Пятра?
Рубрыка Ватыканскага радыё
12.02.2013 22:43

11 лютага Бэнэдыкт XVI абвясціў нечаканае рашэнне — ён вырашыў пакінуць Пасад св. Пятра. Пантыфік паведаміў аб гэтым падчас звычайнай кансісторыі — сустрэчы з кардыналамі, прысвечанай разгляду некаторых кананізацыйных спраў. Як вядома, на працягу 600 гадоў нічога падобнага ў гісторыі Касцёла не здаралася.

 Адкрыць у новым акне Download (7Мб)

У свядомасці вернікаў даўно ўсталявалася меркаванне, што Папы выбіраюцца пажыццёва, таму навіна з Ватыкана, паводле слоў кардынала Садана, прагучала «як гром сярод яснага неба». У сувязі з такой незвычайнай падзеяй у гісторыі Касцёла варта прыгадаць аб іншых падобных выпадках. Гэта мы зробім сёння.

На пачатку трэба адзначыць, што адмаўленне Пантыфіка ад Пасаду св. Пятра прадугледжана Кодэксам кананічнага права. Параграф 302 кажа: «Калі здарыцца так, што Рымскі Пантыфік адмовіцца ад сваёй пасады, то для сапраўднасці адмаўлення патрабуецца толькі адно: каб яно было здзейснена цалкам добраахвотна і абвешчана адпаведным чынам».

Зазірнуўшы ў гісторыю, можна ўбачыць, што апошнім Папам, які адмаўляўся ад Пасаду, быў Грыгорый ХІІ. Гэты Пантыфік быў абраны на Пасад св. Пятра ў 1406 г., у перыяд вялікага падзелу Касцёла. Папа тады знаходзіўся ў Рыме, але існаваў таксама і антыпапа, які меў сваю рэзідэнцыю ў французскім Авіньёне. На працягу доўгіх дзесяцігоддзяў падзел вельмі перашкаджаў жыццю Касцёла і выклікаў рознага роду маніпуляцыі і злоўжыванні. Абраны ў Рыме венецыянскі кардынал Анджэла Корэр вырашыў пакласці канец гэтаму цёмнаму перыяду. Ён абвясціў, што адмовіцца ад папскай улады, калі гэта зробіць таксама і той папа, што знаходзіцца ў Авіньёне. Пасля таго, як Пасад св. Пятра вызваліўся, Грыгорый ХІІ стаў звычайным кардыналам і пераехаў у Анкону, дзе і памёр праз 2 гады.

Самы першы ў гісторыі выпадак, калі Папа адмаўляўся ад сваёй пасады, здарыўся яшчэ ў І ст. хрысціянства. Яго здзейсніў пяты Наступнік св. Пятра Клемент І (88–97 гг.). Ён адмовіўся ад пасады па прычыне свайго арышту і выгнання. Пантыфік не жадаў, каб вернікі засталіся без пастырскай апекі, і таму палічыў лепшым, каб Касцёл узначаліў іншы чалавек. У першай палове ІІІ ст. падобны ўчынак зрабіў папа Панцыян.

Шмат разоў у гісторыі здараліся выпадкі, калі Папа пад ціскам быў вымушаны адмовіцца ад Пасаду св. Пятра: напрыклад Белізарый І. Аднак чалавек, які заняў папскі Пасад пасля яго, лічыўся узурпатарам.

Самым падобным да рашэння Бэнэдыкта XVI быў учынак папы Цэлестына V — сціплага і пакорнага святара, вядомага моцнай верай і любоўю да беднасці і прастаты. Ён жыў у XIII ст. у італьянскай Аквіле, а яго сапраўднае імя было Пьетра да Маронэ. Святар вельмі любіў адзіноту і шмат часу праводзіў на малітве ў горных пячорах. Яго прыклад быў вельмі прывабным для маладых людзей. Многія імкнуліся наследаваць гэтага святога чалавека і збіраліся каля яго. З іх Пьетра да Маронэ заснаваў ордэн Братоў Святога Духа, якія затым атрымалі назву «цэлестынцы».

Аб сваім абранні на Пасад св. Пятра гэты святар даведаўся ў адным з любімых горных месцаў, дзе жыў як пустыннік. Неспадзяваную навіну з Рыма яму прынеслі тры біскупы. Справа ў тым, што падчас канклаву кардыналы доўга не маглі пагадзіцца адносна кандыдатуры Папы. Каб знайсці кампраміс, яны вырашылі перадаць кіраванне Касцёлам простаму і святому чалавеку, якім і быў Пьетра да Маронэ. Канешне, апошні спрабаваў адмовіцца і пераканаць іерархаў у сваёй негатоўнасці да выканання такой адказнай місіі. Аднак пасля кароткага перыяду разважанняў і малітвы пагадзіўся.

Пантыфікат новага Папы, які абраў імя Цэлестын V, праходзіў у вельмі складаных умовах. Многія ўплывовыя людзі таго часу спрабавалі выкарыстаць Папу ў сваіх інтарэсах і маніпуляваць ім. З-за гэтага Пантыфік вельмі перажываў. Ён не бачыў сябе здольным несці цяжар папскай улады і супрацьстаяць хітрым палітыкам, якія яго атачалі. Таму ён вырашыў, што Пасад св. Пятра павінен заняць больш моцны і малады кандыдат. Папа пачаў шукаць магчымасці пакінуць нежаданую пасаду. Ён пацікавіўся ў спецыялістаў па Кананічным праве і да сваёй радасці даведаўся, што Пантыфік мае магчымасць па ўласным жаданні пакінуць свае абавязкі.

Скарыстаўшыся гэтай магчымасцю, праз пяць месяцаў пасля свайго абрання на Пасад св. Пятра Цэлестын V адмовіўся ад кіравання Касцёлам. Быў скліканы новы канклаў і абраны новы Пантыфік. Сам Цэлестын V памёр у хуткім часе, зняволены сваім наступнікам. Дантэ ў сваёй «Боскай камедыі» вельмі моцна асудзіў учынак Пантыфіка, назваўшы яго «баязліўцам». Аднак на самой справе гэтага Папу шануюць як чалавека незвычайнай веры і сілы духу, прыклад пакоры і здаровага розуму. Ён быў абвешчаны святым, а яго магілу ў італьянскай Аквіле двойчы наведваў Бэнэдыкт XVI — у 2009 і 2010 гг. Падчас апошняга візіту Святы Айцец памаліўся каля магілы святога і паклаў на яе свой палій — сімвал пастырскай улады.

Ужо ў перыяд новай гісторыі Папы разглядалі магчымасць адмаўлення ад Пасаду св. Пятра. Напрыклад, сакрэтныя дакументы, знойдзеныя ў ватыканскіх архівах, адкрываюць цікавую інфармацыю пра Пія ХІІ. У адным з іх Пантыфік заклікаў лічыць, што ён адмовіўся ад служэння Біскупа Рыма ў выпадку, калі нацысты выкрадуць яго па загадзе Гітлера. Пій ХІІ быў паінфармаваны аб планах нямецкага дыктатара арыштаваць яго і вывезці ў Германію.

Такім чынам, рашэнне Бэнэдыкта XVI, хоць і з’яўляецца новым і нечаканым, мае прэцэдэнты ў гісторыі. Яно было прынята ў зусім новых умовах і пры асаблівых абставінах, звязаных з узростам Папы. Яго ўчынак сведчыць таксама аб вялікай любові да Касцёла, якая з’яўляецца нават большай за любоў да старажытнай традыцыі.

 Адкрыць у новым акне Download (7Мб)

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.