«Натхнім маленькіх вернікаў да шчырай малітвы да нашай агульнай Маці — Марыі» — пад такім дэвізам 27 верасня ў Катэхетычным каледжы ў Баранавічах прайшла дабрачынная акцыя «Вянок ружаў». Напярэдадні кастрычніка — месяца асаблівага ўшанавання Найсвяцейшай Панны Марыі праз ружанцовую малітву — студэнты каледжа сабраліся, каб супольнымі намаганнямі зрабіць невялікія падарункі для дзяцей.
29 верасня парафія Св. Міхала Арханёла ў Міхалішках адзначыла адпустовую ўрачыстасць. Прыгожы парафіяльны касцёл — «пярліна» Астравеччыны — збірае вернікаў не толькі раз у год: амаль кожны дзень там шмат турыстаў з Беларусі і з-за мяжы, якія прыбываюць у групах і ў індывідуальным парадку, каб пабачыць хараство архітэктуры і ўбранства святыні. У дзень адпусту касцёл таксама быў напоўнены: прыбылі святары і вернікі з наваколля.
Кастрычнік — месяц, які ў Каталіцкім Касцёле прысвечаны малітве Ружанца. Гэта малітва, спалучаная з роздумам пра падзеі з жыцця Езуса Хрыста і Панны Марыі, што ўтвараюць чатыры часткі Ружанца — радасныя, балесныя, хвалебныя таямніцы і таямніцы святла.
Пробашч гродзенскай катэдры кс. Ян Кучынскі, дэлегат Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, прыбыў у Ватыкан для ўдзелу ў пасяджэнні спецыяльнага папскага камітэта, які займаецца арганізацыяй Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэса. Кангрэс пройдзе 25-31 студзеня 2016 года ў Філіпінах.
29 верасня сёстры змёртвыхпаўстанкі з Наваполацка разам з апосталкамі Змёртвыхпаўстання наведалі родныя мясціны сваёй заснавальніцы бл. Цэліны Бажэнцкай - в. Антавіль, што каля Оршы.
29 верасня ў пінскім катэдральным касцёле прайшла ўрачыстая святая Імша, адной з нагодаў якой стаў пачатак новага навучальнага года ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску. Урачыстую цэлебрацыю ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка. Імша адбылася таксама ў межах пастырскай сустрэчы святароў і кансэкраваных асобаў Пінскай дыяцэзіі.
У маладой парафіі, што знаходзіцца ў новым мікрараёне горада, арцыпастыр цэлебраваў святую Імшу і маліўся разам з вернікамі аб атрыманні пляцу пад будову новай святыні.
28 верасня ў Мінск са Свята-Троіцкага жаночага манастыра ў Сімферопалі прыбыў каўчэг з рэліквіямі свяціцеля Лукі, архіепіскапа Сімферопальскага і Крымскага, паведамляецца на church.by.
28 верасня ў мінскім араторыі імя св. Яна Боско адбылося свята для дзяцей, прысвечанае пачатку навучальнага і аратарыйнага года. Спачатку арганізатары сустрэчы запрасілі дзяцей і іх бацькоў на святую Імшу, на якой усе разам разважалі над Божым словам, дзякавалі Богу за атрыманыя дары і прасілі аб патрэбных ласках для сваіх сем’яў.
Чуванне для моладзі Віцебскай дыяцэзіі прайшло ў парафіі Св. Андрэя Баболі ў Полацку з 27 на 28 верасня. На чуванне прыехала моладзь з розных куткоў дыяцэзіі: Віцебска, Наваполацка, Мёраў, Глыбокага, Шаркаўшчыны, Браслава, Друі, Слабодкі.
У выдавецтве «Pro Christo» пабачыў свет «Дзённік» святой сястры Фаўстыны Кавальскай. Кнігу, упершыню выдадзеную на беларускай мове, пераклала Крыстына Лялько.
«Заахвочваю ўсіх дыяцэзіян да руплівай малітвы ў інтэнцыі нашых сем’яў, каб яны былі моцныя Богам. Запрашаю ўсіх, каму ляжыць на сэрцы дабро сужэнства і сучаснай сям’і, да ўключэння ў малітву за Сінод падчас кожнай святой Імшы і іншых набажэнстваў, на працягу ўсяго часу трывання сінадальных прац», — адзначае біскуп Гродзенскі.
Сёлета адзначаецца 100-годдзе нараджэння кс. інфулата Станіслава Кучынскага. Гэтага душпастыра вернікі называлі «Святаром з вялікім сэрцам». Ксёндз Станіслаў Кучынскі застаўся для беларускіх католікаў прыкладам нязломнай веры, непахіснай надзеі на магутнасць Бога і гарачай любові да Найсвяцейшай Панны Марыі.
З 23 па 27 верасня ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску прайшлі рэкалекцыі на распачацце новага навучальнага года. Праводзіў іх ксёндз Павел Врубель, выпускнік гэтай навучальнай установы.
28 верасня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў сваю родную парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску (Гродзенская дыяцэзія), дзе цэлебраваў святую Імшу падзякі за 25 гадоў біскупскага служэння і маліўся за свайго былога пробашча ксяндза прэлата Пятра Барташэвіча з нагоды юбілею 100-годдзя яго нараджэння.