Міласэрнасць — дзверы ў неба: ва Уздзе адбыўся дабрачынны канцэрт |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
09.08.2012 09:58 |
«Багацей не золатам, а верай, і зямных багаццяў не збірай. Міласэрнасць — вось у неба дзверы. Іх ключом любові адчыняй», — пад такім дэвізам, напэўна, маглі б падпісацца ўдзельнікі дабрачыннага канцэрта, які адбыўся ў суботу 4 жніўня ў мястэчку Узда. Канцэрт быў запланаваны як адна з акцый дабрачыннага марафона «Узда — тэрыторыя дабра», і сродкі ад яго будуць накіраваны на дабрачынную ініцыятыву «Першы рукзак» (дапамога дзецям са шматдзетных сем’яў у падрыхтоўцы да школы). Калі ў мінулым годзе ідэю дабрачыннага канцэрта падаў пробашч уздзенскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа айцец Дзяніс Шастаковіч MSF, яго ініцыятыву ўхвалілі Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, адміністрацыя Уздзенскага раёна і «Caritas» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі на чале з яго дырэктарам ксяндзом Аляксандрам Фаміных. Леташні канцэрт меў поспех, і сёлета да арганізатараў далучыўся Рэгіянальны дабрачынны фонд «Дзеці мары». І зноў ва Уздзе віравала свята. У дабрачынным канцэрце прынялі ўдзел Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская, спявачка Патрыцыя Курганава, дзіцячы ансамбль песні «Буслік», танцавальны клуб «Спатканне» (мастацкі кіраўнік Валянціна Ермакова) і іншыя шчырыя і адкрытыя на міласэрнасць людзі добрай волі і творчасці. Падчас канцэрта была арганізавана дабрачынная латарэя, сродкі ад якой таксама будуць скіраваны на дапамогу шматдзетным сем’ям. Былі рэалізаваны 400 лотаў бяспройгрышнай латарэі, прызы для якой прадаставіў «Caritas» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Галоўным лотам стаў веласіпед, які амаль да апошняга білета заставаўся без гаспадара. Урэшце лёс прыза вырашыўся, і гледачы пераключыліся на атракцыён «Аквагрым»: на пляцоўцы з’явіліся маленькія матылькі і казачныя істоты (найбольшай цікавасцю да «Аквагрыма» вызначаліся юныя ўздзенцы). |
Фотарэпартаж |