Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
7 метадаў перамогі над злым духам (ч. 2)
Публіцыстычная старонка кс. Андрэя Рылкі
07.09.2012 03:34

Мы працягваем знаёмства з найважнейшымі спосабамі абароны ад злога духа і аздараўлення чалавека. Сярод шматлікіх метадаў хочацца звярнуць увагу на тыя, якія найбольш даступныя для кожнай асобы і адыгрываюць велізарнае значэнне ў жыцці хрысціяніна.

З першай часткай артыкула можна азнёміцца тут >>>

Біблія

Здаецца, сярод вернікаў малаацэненым спосабам абароны ад злога духа і паглыблення жыцця з Богам з’яўляецца Святое Пісанне. Варта штодзённа чытаць Біблію (асабліва Новы Запавет), але не як тэкст, а як адкрыццё, асабістае Божае аб’яўленне, адмысловы спосаб кантакту з Богам праз слуханне і разважанне Яго слова. У Святым Пісанні крыецца велізарная моц вызвалення і асвячэння чалавека.

Таму ад пачатку хрысціянства ў Касцёле сфарміраваліся разнастайныя спосабы малітвы словам Божым. Сярод іх асабліва вядомая Літургія гадзінаў (брэвіярый). Для духавенства яна з’яўляецца абавязковай штодзённай малітвай. Але ў наш час і многія свецкія вернікі актыўна звяртаюцца да гэтага спосабу малітвы па Бібліі. Божае слова мае па-людску неверагодную моц абароны ад злога духа і перамены чалавечага жыцця на лепшае.

Сакрамэнталіі

Магутным інструментам абароны ад злога духа і асвячэння чалавека з’яўляюцца т.зв. сакрамэнталіі. Гэта бласлаўленні і пасвячэнні, якія здзяйсняе святар. У практыцы найбольш распаўсюджаныя сакрамэнталіі — гэта благаслаўленне чалавека, асвячэнне вады, солі, іншых прадметаў ці месцаў. З пункту гледжання абароны ад злога духа велізарную ролю адыгрывае тое, што нейкае месца ці прадметы асаблівым чынам прысвячаюцца Богу, становяцца Яго «тэрыторыяй і ўласнасцю».

З гэтым звязаны просты вывад, што сатана не можа валадарыць над тым, што не яго. Бо злых дух распараджаецца поўнасцю тымі асобамі і рэчамі, якія былі прысвечаныя яму ва ўласнасць. Таму хрысціянін павінен заўсёды пазбаўляцца прадметаў, якія могуць быць уласнасцю дэмана і пашыраць вакол сябе прастору Бога.

У практыцы дзеянне Пана Бога праз сакрамэнталіі выражаецца ў тым, што католікі абавязкова просяць святара пры розных нагодах благаславіць іх дом, важныя прадметы ўжытку (напрыклад, машыны). Са старажытных часоў хрысціяне імкнуцца мець у сябе дома асвячоную або спецыяльна экзарцызмаваную ваду, соль ці алей, якія выкарыстоўваюцца як знакі прыняцця Божага бласлаўлення.

Моцнымі знакамі нашага аддання Богу з’яўляюцца насценныя крыжы і абразы ў пакоях кватэры. А знакам нашага асабістага аддання пад Божую апеку могуць быць такія сакрамэнталіі як нацельныя крыжыкі, шкаплер, медальёны з выявай Хрыста (напрыклад, медальён св. Бэнэдыкта або св. Кацярыны Лябурэ і інш.). Усе гэтыя знакі павінны абавязкова быць прысвечаныя Богу праз святарскае бласлаўленне.

Пры ўжыванні сакрамэнталіяў існуе вялікая небяспека адносіцца да іх як да магічных прадметаў. Варта не забываць, што дзейнічае не сама вада, соль ці абраз, але Пан Бог. Асвячоныя рэчы з’яўляюцца толькі знакамі, якія знешне выражаюць таямніцу Божага дзеяння.

Супольнасць Касцёла

Многія экзарцысты звяртаюць увагу на тое, што велізарную абарончую ролю ў нашым духоўным жыцці адыгрывае кантакт з Касцёлам, з супольнасцю веруючых людзей. Нават звычайная практыка паказвае, што грэх замыкае чалавека, стварае своеасаблівы мур паміж ім і знешнім светам. Калі ў жыццё асобы ўваходзіць злых дух (праз спакусы, грахі, апантанасць), то ён яшчэ болей імкнецца ізаляваць чалавека ад Бога і акружэння. У той самы час дэман вядзе велізарную працу, каб унутры гэтых «закрытых мураў» душы стварыць пекла, паволі разбураючы чалавека духоўна, псіхалагічна, а пасля і фізічна.

Таму найлепшым спосабам супрацьстаяння дэманічнай ізаляцыі, каб не дазволіць сябе знішчыць, з’яўляецца кантакт з супольнасцю Касцёла, дзе асаблівым чынам дзейнічае Пан Бог. Калі чалавек шчыра перажывае пакаянне, то ў яго ўзнікае натуральнае жаданне глыбокага паяднання з Богам і бліжнімі, ён пачынае шукаць Божую супольнасць. Асобу ў такі момант перапаўняе такая велізарная любоў, што ён не можа яе стрымліваць унутры сябе. У такі момант чалавек становіцца па-сапраўднаму нармальным: бязгрэшным, любячым, адкрытым на Бога і бліжняга. Супольнасць такіх людзей мае велізарную тэрапеўтычную моц.

На жаль, сатана ведае, што ў момант пакаяння чалавек шукае Бога і духоўнай супольнасці. Злы дух імкнецца перахапіць душу ствараючы імітацыю святой супольнасці. У выніку ўзнікаюць разнастайныя секты — замкнёныя групы згубленых у духоўных пошуках людзей. Звычайна месца Бога там займае гуру, прарок, лідар або нейкі (злы) дух. Сатана не можа поўнасцю імітаваць Божую супольнасць. Таму ў дэманічным асяроддзі духоўнае замяняецца эмацыянальным, разумная вера — забабонамі, вольнасць дзяцей Божых — таталітарным пакланеннем зомбі.

Цяжка выразіць словамі, на колькі важную ролю адыгрывае кантакт са здаровай хрысціянскай супольнасцю. Касцёл адкрывае перад чалавекам такія перспектывы духоўнага развіцця і творчасці ў адносінах з Богам, што некаторых людзей ажно пужае гэтая свабода і празрыстая мудрасць. Адказная і вольная супольнасць Касцёла — гэта прастора не толькі духоўнага, але і фізічнага кантакту з рэальна прысутным Богам (Эўхарыстыя). Ён тут дзейнічае асаблівым чынам (святыя сакрамэнты, святарства) і прамаўляе з велізарнай моцай (Біблія, малітва).

Фактычна 100% гарантыя забеспячэння поўным наборам інструментаў абароны ад злога духа і аздараўлення чалавека зводзіцца да аднаго месца і супольнасці — Касцёл. Можна быць упэўненым у перамозе толькі тады, калі прабываеш у адзінстве праверанай і разумнай Хрыстовай веры, якая не залежыць ад капрызаў разнастайных гуру і больш слухае Бога, чым людзей. Тым больш, што на гэтым шляху перамогі і вызвалення мы не першыя. Дастаткова зазірнуць у тысячагоддзі каталіцкага шляху і карыстацца досведам мільёнаў нашых папярэднікаў, вера якіх перамагла сатану і прывяла іх да Божага Валадарства.

Кс. Андрэй Рылка

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: Гэты e-mail абаронены ад спам-ботаў. Для яго прагляду ў Вашым браўзеры павінна быць уключана падтрымка Java-script
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.