Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
На шляху да Маці Божай Будслаўскай. Пілігрымаў з Мінска благаславіў Апостальскі нунцый і Мітрапаліт
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
02.07.2012 13:53

Пілігрымка павінна быць спосабам евангелізацыі. Невядома, як іншыя глядзяць на «дзівакоў», што дзясяткі кіламетраў ідуць пешшу ў той час, калі да мэты можна даехаць. Таму будзьце тымі, хто пакажа іншым шлях да Бога, у якім наша збаўленне. Такімі словамі да ўдзельнікаў пілігрымкі «Мінск—Будслаў» звярнуўся Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Гэты заклік датычыць усіх пілігрымаў, што ў гэтыя дні пакінулі свае дамы, месцы працы і пайшлі ў шлях — шлях пакутаў і ахвяры, але шлях, які вядзе да Маці Божай у цудоўным будслаўскім абразе.

Ужо XXII пешая пілігрымка з Мінска ў Будслаў распачала шлях 2 ліпеня, акурат ва ўрачыстасць Маці Божай Будслаўскай. Як вядома, з гэтага года святкаванне ўрачыстасцяў перанесена на першую пятніцу і суботу ліпеня (сёлета гэта 6–7 ліпеня), аднак літургічны ўспамін Маці Божай Будслаўскай па-ранейшаму адзначаецца 2 ліпеня.

Першы дзень пілігрымкі распачаўся святой Імшой у мінскай архікатэдры. Напачатку гаміліі Мітрапаліт Кандрусевіч нагадаў, што традыцыя пілігрымавання ў хрысціянаў ідзе яшчэ са Старога Запавету, разам з тым такая форма малітвы практыкуецца і  ў нехрысціянскіх рэлігіях.

Сярод каталіцкіх санктуарыяў свету, куды штогод прыбываюць тысячы пілігрымаў, пачэснае месца займае будслаўская святыня.

«У наш час пошуку шляхоў адраджэння веры пілігрымка можа стаць новым спосабам новай евангелізацыі. Таму на пілігрымаў ускладаецца вялікая адказнасць сваім сведчаннем падчас пілігрымкі несці святло Евангелля іншым людзям», — дадаў арцыпастыр і заклікаў пілігрымаў да сваіх малітоўных просьбаў далучыць інтэнцыю аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця.

Благаславіць у шлях каля 300 пілігрымаў з Мінска, іншых гарадоў Беларусі, Масквы і Санкт-Пецярбурга прыбыў таксама Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

«Ідзіце і зрабіце так, каб зямля задрыжэла ад вашай радасці, — звярнуўся да пілігрымаў нунцый. — У Будславе вы зможаце пахіліць галовы на плячо Марыі і ў яе знайсці сілы для штодзённага жыцця».

Ну што ж, да сустрэчы ў Будславе!

Святлана Жылевіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме