Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Культура хвіліны
Духоўнае жыццё. Старонка а. Віталія Сапегі OP
13.06.2012 16:18

Кожны можа заўважыць, што сёння мы маем вельмі цікавыя часы. Навуковы прагрэс дае сучаснаму чалавеку незвычайныя, часам нават, здаецца, неабмежаваныя магчымасці, аб якіх не мог падумаць чалавек старажытнасці альбо Рэнесансу.

Дзякуючы сотаваму тэлефону можам лучыцца адзін з адным у любым месцы краіны альбо нават свету, а дзякуючы Інтэрнэту не толькі можам кантактаваць з ўсёй планетай, але таксама наведваць найбуйнейшыя музеі, удзельнічаць у літургіі, глядзець новыя альбо даўнейшыя стужкі, даведвацца аб падзеях у свеце адразу ж і ў дадатак з розных крыніц. Адлегласці ўжо не маюць значэння, а навіны перамяшчаюцца з хуткасцю святла. Ці ж гэта не цуд? Сучасны чалавек, жывучы ў такой глабальнай вёсцы, нават уявіць сабе зараз не можа, як мог абыходзіцца без гэтага раней. Насамрэч, цікавыя часы, але адначасова — цяжкія часы.

Наогул чалавек, асвойваючы сусвет, імкнецца да палягчэння сваёй працы, паляпшэння побыту, да ўпарадкоўвання сусвету згодна з наказам Пана (пар Быц 2, 8). А новыя тэхнічныя вынаходкі ў сваю чаргу павіны яму ў гэтым дапамагаць. Але часта яны не толькі не дапамагаюць, але становяцца прычынаю людскога зняволення, і чалавек, не ўсведамляючы гэтага, знаходзіцца пад уплывам такой новай з’явы, якую папа Бэнэдыкт XVI у сваёй прамове да святароў у варшаўскай катэдры св. Яна назваў «культурай хвіліны».

На самой справе трэба мець вельмі моцны духоўны корань духоўны, які магчымы дзякуючы шчырай сталай малітве (а такая малітва ў сваю чаргу раз’ясняе розум і ўзмацняе волю), каб не трапіць пад уплыў гэтай новай «культуры». Калісьці, памятаю, ехаў я ў цягніку і каля мяне сядзела група сталічных студэнтаў, якія вярталіся на выходныя дадому. Па нейкім часе большасць з іх выцягнула свае камп’ ютары, акунаючыся тым самым у віртуальную рэчаіснасць: хтосьці праглядаў стужкі, хтосьці знаходзіўся ў Інтэрнэце. Кожны быў у сваім свеце, кожны сам па сабе. Яшчэ адна карціна — інтэрнэт-кавярня. Большасць наведвальнікаў — дзеці ад шасці да дванаццаці гадоў, якія амаль увесь свой вольны ад школьных заняткаў час праводзяць ля камп’ютараў, «рэжучыся» ў віртуальныя гульні. Прызнаюся, што шкада мне такіх дзяцей. Бо, успамінаючы сваё дзяцінства, толькі зараз пачынаеш разумець, што яно было ў некаторым сэнсе поўным і шчаслівым. Таму што праводзілі мы яго ў забавах, часта на свежым паветры. Дзяўчынкі гулялі ў дочкі-маці, хлопцы ў вайнушку, пікара, чыжака; пазней падключаліся розныя спартыўныя гульні. Успамінаючы аб гэтым, шчыра прызнаюся, што сэрца пранізвае пэўная асалода. Але калі паглядаць сур’ёзней, то ў гэтых нявінных на першы погляд гульнях, памятаючы, што дзіця павінна ў дзяцінстве забаўляцца паміж іншымі, было шмат карыснага. Ужо ў гэтых першапачатковых дзіцячых кантактах з’яўляліся першыя сябры, а таксама паўставалі напружанні і канфлікты, якія трэба было неяк вырашаць. І ўжо тады мы, нават не ўсведамляючы гэтага, пакрысе ўваходзілі ў шырэйшую чалавечую супольнасць, тым самым рыхтуючыся да выканання сваіх будучых жыццёвых роляў і абавязкаў.

Цікава, што дзякуючы Інтэрнэту можна на самой справе мець шмат «кантактаў» (некаторыя з маладых людзей кантактуюць амаль усюды і заўсёды), але не мець блізкай, роднай душы, нават не пазнаць смаку сяброўства. Гэта чымсьці падобна да мегаполісаў, дзе ўсё больш назіраецца ананімнасць і раўнадушша, дзе кожны сам па сабе, дзе чалавек часта адчувае сабе згубленай, нікому не патрэбнай істотай. Менавіта віртуальная  залежнасць, між іншым, можа сведчыць аб унутранай адзіноце чалавека і, на жаль, можа стаць прычынай развіцця безадказнасці ў ім. Не падабаецца чалавек — дастаткова націснуць delete. Адным кантактам менш, адным больш — якая розніца?

Трэба прызнаць, што дзякуючы камп’ютарызацыі ёсць шмат рознай карыснай інфармацыі. Менавіта віртуальны свет дае магчымасць самаадукацыі, знаходжання адказаў на розныя пытанні і турбуючыя праблемы. Шмат цікавага можна знайсці ў Інтэрнэце, але шмат таксама ў ім розных так званых інфарматыўных вірусаў, якія сапраўды ашукваюць чалавека, маніпулююць ім, выкарыстоўваючы яго грэшныя схільнасці, забруджваючы тым самым яго свядомасць і заражаючы мысленне. Таму варта вучыцца аналізаваць інфармацыю, кажучы камп’ютарнай мовай, фільтраваць яе, проста мець пэўны крытычны падыход.

Таксама шмат інфармацыі з’яўляецца і ў каталіцкай прэсе. І часта чалавек, збіраючы розныя добрыя веды, забываецца аб першакрыніцах: Бібліі, працах першых Айцоў, навучанні Касцёла. Можа, у рэлігійнай галіне таксама варта было б расставіць прыярытэты і выпрацаваць нейкі крытычны падыход. Часам паміж добрымі рэчамі трэба таксама зрабіць выбар, аддаючы перавагу таму, што найлепш упарадкоўвае нашае мысленне і набліжае да Бога. У справах свайго збаўлення добра быць амбітным!

Наогул, жывём мы зараз у свеце, калі трэба ведаць шмат, каб паспяваць за часам. Змены адбываюцца ўсюды і ўвесь час: у заканадаўстве, у грамадскім жыцці, а што казаць пра тэхнічныя навінкі. Чалавек не паспеў падумаць, а ўжо мае новае вынаходніцтва. Патокі інфармацыі атакуюць нас усюды: па радыё, тэлебачанні, у аўтобусе, нават у метро. У душпастырскай практыцы можна заўважыць пэўную тэндэнцыю: усё больш з’яўляецца людзей, якія не паспяваюць за гэтымі інфарматыўнымі патокамі, за хуткімі зменамі і таму вельмі часта не даюць рады ў жыцці. А ці на самой справе трэба паспяваць? Можа, часам варта затрымацца, заўважыць тое, чаго раней не заўважаў, сказаць тое, аб чым раней нават падумаць не мог.

Шкада, што гэтая так званая «культура хвіліны» супрацьстаіць сапраўднай культуры, якая, зрэшты, ніколі не была папулярнай і хутчэй за ўсё не будзе, але якая ў сваю чаргу правакуе чалавека да самапошукаў, роздумаў і якая заахвочвае яго да ўдасканалення сябе.  Можна заўважыць, што ў сучасным свеце губляецца звычка чытання кніг (асабліва класікі), паходаў у тэатры, слухання музыкі (ізноў жа, добрай музыкі), прагляду кінастужак, якія заахвочваюць чалавека да мыслення. Наогул, дзякуючы карыстанню пэўнымі чалавечымі творамі (а іх на самой справе так шмат) чалавек адухаўляецца, робячыся тым самым штораз больш культурным, чалавечым, пачынае разважаць аб сваім месцы ў гэтым жыцці, вучыцца выражаць свае думкі, а таксама разумець іншага чалавека і, што самае важнае, спачуваць яму. Адным словам, чалавек, будучы прасветленым, пачынае несці святло іншым. На жаль, усё часцей спатыкаюцца не высока адухоўленыя, а ў большасці так званыя «камп’ютарныя людзі», якія выглядаюць часта ўнутрана спустошанымі: эмацыянальна і духоўна.

Сёння сучасны чалавек нават не падазрае аб тым, што вельмі спрытна абкрадаецца. А найкаштоўнейшае, што крадзе так званая «культура хвіліны», —  яго час. А час ёсць дарам, дадзеным чалавеку Богам, каб той духоўна развіваўся, каб чыніў дабро, каб нарэшце збавіўся. Але мы гэты час, асабліва сёння, прафесійна марнуем. І яшчэ як марнуем! Прапаную зрабіць вечарам рахунак сумлення і паразважаць над пражытым днём, беручы пад увагу свой час (думаю, што ў кожнага набярэцца пэўная торба гэтага змарнаванага дару). Ёсць над чым задумацца. Часам смешна гучыць тое, калі хтосьці з хрысціянаў непрысутнасць у Божым храме тлумачыць недахопам часу. Знаходзім час на ўсё, толькі не для Бога, а калі не знаходзім для Бога, то, напэўна, не знойдзем і для бліжняга. Варта таксама памятаць аб тым, што калісьці кожнаму з нас трэба будзе даць рахунак Пану Богу з падараванага нам часу. Каб потым не шкадаваць!

Наогул карыстанне рознымі сённяшнімі прапановамі, якія дае нам тэхніка, можа агаліць адну схаваную ад цялесных вачэй праблему — духоўную пустку. Бо калі мы не поўныя Богам, то тады напаўняем сябе ўсім іншым, і не заўсёды, на жаль, добрым. «Культура хвіліны» стварае незвычайную нагоду для ўцёкаў у свет ілюзій ад сябе, ад сваіх праблемаў (эмацыянальныя раны, комплексы, унутраная нестабільнасць), ад цяжкіх размоваў, нарэшце, ад прыняцця важных рашэнняў. А вынікам камп’ютарнай залежнасці ёсць тое, што чалавек часам ужо не ў стане адрозніць свет віртуальны ад рэальнага. Жахліва гучыць, ці не праўда?

Калісьці кардынал Ратцынгер, будучы папа Бэнэдыкт XVI, даў цікавую інтэрпрэтацыю акапалітычным лічбам 666 (Ап 13, 18). На яго думку, гэтыя лічбы сімвалізуюць тэхнічны прагрэс, які павольна, але эфектыўна і стала знявольвае чалавека. Думаю, што будучы Папа меў добрую інтуіцыю, адчытваючы тым самым Божыя знакі. На самой справе сучасны чалавек становіцца ўсё больш рабом тэхнікі, а тая, у сваю чаргу, нішчачы яго духоўнасць, расчалавечвае яго.

Мы, хрысціяне, павінны вучыцца чытаць знакі часу. І, напэўна, больш радыкальна супрацьстаяць розным негатыўным свецкім уплывам. Слова «радыкальны» мае лацінскае паходжанне і перакладаецца як «корань». Калі мы шчыра молімся, калі разважаем аб Божых справах, калі не бярэм прыкладу з гэтага свету, то літаральна ўкараняемся ў Бога, насычаемся Божым сокам, Яго збаўленчай ласкай і такім чынам пускаем карані ў вечнае жыццё.  

А. Віталій Сапега ОР


tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: witalias@gazeta.pl

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме