Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«100 пытанняў — 100 адказаў». Чаму і як быў кананізаваны заснавальнік «Opus Dei»?
Рубрыка Ватыканскага радыё
26.09.2012 10:43

Рым. 6 кастрычніка 2002 г. У гэтую сонечную нядзелю на плошчы св. Пятра сабралася вялікая колькасць людзей. Яны запоўнілі таксама бліжэйшыя вуліцы. Тут праходзіла кананізацыя — падзея нярэдкая і даволі звычайная для часоў Пантыфікату Яна Паўла ІІ.

 Адкрыць у новым акне Download (8Мб)

6 кастрычніка яна была ўжо 465-й для гэтага Папы. Аднак атмасфера, якая вісела ў паветры, была іншай. Не было чуваць воклічаў і гучных плясканняў, хоць вочы прысутных ззялі ад радасці. Не было іспанскіх і польскіх сцягаў, якія традыцыйна дамінуюць на папскіх урачыстасцях. Ніхто не крычаў: «Няхай жыве Папа!» на розных мовах свету. Нават шматлікая моладзь, прысутная на цырымоніі, была апранута ў гарнітуры і гальштукі. За парадкам на плошчы назіралі каля 2 тысяч валанцёраў. У першых радах сядзелі прадстаўнікі свету палітыкі, эканомікі, спорту, дыпламаты з розных краін свету, а таксама іспанскі доктар Мануэль Невада Рэй — аздароўлены цудоўным чынам праз заступніцтва новага святога. Побач з алтаром — 400 біскупаў і 42 кардыналы. Усе яны сабраліся для таго, каб святкаваць узнясенне да хвалы алтара Хасэмарыі Эскрывы дэ Балагуэра, заснавальніка «Opus Dei». Аб ім і яго арганізацыі мы паразмаўляем сёння.

Хасэмарыя Эскрыва і «Opus Dei» з’яўляюцца аднымі з найбольш крытыкаваных аб’ектаў у сучаснай гісторыі Касцёла. Узгадкі аб іх часта негатыўныя, не толькі ў секулярызаваных асяродках ці СМІ, але нават з боку святароў і вернікаў. Святога абвінавачваюць у падтрымцы іспанскіх фашыстаў, адданасці строгасці і жалезнай дысцыпліне, якая дамінуе над любоўю. Але большая крытыка звязана з арганізацыяй, якую ён заснаваў, — «Opus Dei» («Справа Божая»). Яна часта прадстаўляецца як рэакцыйнае і аўтарытарнае каталіцкае аб’яднанне, строга артадаксальнае, і нават інтэгралісцкае. Арганізацыю абвінавачваюць у маніпуляванні Касцёлам у сваіх інтарэсах, уплыве на Папу для хуткай беатыфікацыі і кананізацыі свайго заснавальніка.

Але пачнем па парадку. Хасэмарыя Эксрыва быў іспанцам. У 1931 г., пасля абвяшчэння гэтай краіны рэспублікай, тут пачаўся сапраўдны антырэлігійны пераслед, па прыкладзе французскай ці савецкай рэвалюцыі ў Расіі: тысячы святароў і законнікаў былі забіты за сваю веру. Касцёл, які нагадваў аб старых парадках, абвяшчаўся ворагам, якога неабходна было знішчыць. У гэтым драматычным кантэксце, калі касцёлы былі зачынены, рэлігійная дзейнасць забаранялася, нашэнне сутаны ці святарскага каўнерыка магло стаць прычынай забойства, Эскрыва вырашыў стварыць рух свецкіх вернікаў, якія выконвалі звычайную працу сярод іншых і распаўсюджвалі Евангелле прыкладам свайго жыцця. Ён назваў сваю ініцыятыву «Opus Dei». У той час ён шмат разважаў: штодзённая дзейнасць, чалавечая праца — ці не з’яўляюцца яны найлепшым шляхам для дасягнення святасці і выканання апостальства? Калі святасць — гэта не толькі справа святароў, законнікаў ці містыкаў, тады трэба дапамагчы свецкім дасягнуць яе ў іх штодзённасці? Праз 35 гадоў гэтыя ідэі былі акрэслены ў знакамітай «схеме ХІІІ» (аб апостальстве свецкіх) Другога Ватыканскага Сабору.

У 1939 г. генерал Франка разбіў рэспубліканскія войскі і ўстанавіў новую дыктатарскую ўладу. Многія біскупы і святары падтрымлівалі яго, бо бачылі ў ім сапраўднага абаронцу каталіцтва ад ваяўнічых бязбожнікаў. Менавіта гэта з’яўляецца адным з галоўных аргументаў крытыкі «Opus Dei» — руху, які ў той час ужо шырока распасюдзіўся ў Іспаніі і быў дапоўнены святарскай галіной.

Сапраўды, многія члены «Opus Dei» былі міністрамі генерала Франка. Аднак Эскрыва ніколі не падтрымліваў ідэалогію фашысцкага рэжыму. Трэба адзначыць, што члены «Opus Dei» выконвалі тэхнічныя функцыі: яны былі экспертамі ў праве і эканоміцы. Яны працавалі дзеля дабра краіны і намагаліся вывесці Іспанію за рамкі фашысцкай ідэалогіі. Напрыклад, міністры з «Opus Dei» былі прыхільнікамі адкрытасці краіны і ўстанаўлення сяброўскіх адносінаў з іншымі дзяржавамі Еўропы, што супярэчыла пазіцыям франкісцкіх ідэолагаў.

Члены «Opus Dei» не ўяўлялі сабой палітычнай партыі, клана ці групы. Яны падзялялі супольныя каштоўнасці і дзейнічалі ў палітыцы не ад імя арганізацыі, але ад свайго ўласнага, як патрабавалі правілы «Opus Dei». Многія гісторыкі прызнаюць вялікі ўклад, які зрабілі члены гэтай арганізацыі для мірнага і паступовага пераходу Іспаніі ад дыктатуры да дэмакратыі.

Хасэмарыя Эскрыва карыстаўся аўтарытэтам і павагай з боку Пія ХІІ, Яна ХХІІІ і Паўла VI, каля яго магілы перад канклавам маліўся Ян Павел І, а ўзняў да хвалы алтара Ян Павел ІІ. Часта кажуць, што хуткая беатыфікацыя (усяго праз 17 гадоў пасля смерці) і кананізацыя Эксрывы звязана з ціскам, які «Opus Dei» аказала на Папу. Аднак гэта не так.

Адразу пасля смерці будучага святога ў 1975 г. зварот аб пачатку яго беатыфікацыйнага працэсу падпісалі 1200 біскупаў — незвычайна вялікая колькасць. Ян Павел ІІ, які вельмі любіў моладзь і шмат працаваў з ёй у Польшчы, у 1979 г. упершыню сустрэўся з моладдзю «Opus Dei» ў Кастэль Гандольфа. Ён убачыў акуратных, выхаваных, адукаваных маладых людзей, якія ведаюць сваю веру, прыступаюць да споведзі і Эўхарыстыі, жывуць паводле хрысціянскіх каштоўнасцяў і з радасцю сведчаць аб іх у сваіх асяродках. «Я шмат ад іх навучыўся!» — сказаў Папа напрыканцы гэтай сустрэчы. Ён цалкам падзяляў ідэю Хасэмарыі Эскрывы: святасць даступна кожнаму! Гэта вызначыла будучыню арганізацыі.

У 1982 г. Папа надаў «Opus Dei» статус «персанальнай прэлатуры», дзякуючы чаму яна стала падпарадкоўвацца асабіста Святому Айцу. Кіраўніком Залы Друку Пантыфік прызначыў члена «Opus Dei», свецкага верніка Ёахіма Навара-Вальса — паліглота і журналіста. Папа пачаў казаць аб «новай евангелізацыі» — місіі, якая ў першую чаргу павінна тычыцца свецкіх вернікаў. А ў 1991 г. абвясціў: Хасэмарыя Эскрыва будзе беатыфікаваны! Гэта выклікала вялікую хвалю крытыкі: чаму так хутка?

Хуткасць тлумачаць дзве прычыны. Па-першае, яшчэ ў 1983 г. Ян Павел ІІ зрабіў беатыфікацыйныя працэдуры больш простымі, чым раней. Цяпер не трэба было чакаць 50 гадоў пасля смерці кандыдата і замест двух цудаў было дастаткова аднаго, каб пацвердзіць цноты будучага благаслаўлёнага. Эскрыва быў першым у гісторыі благаслаўлёным, у дачыненні да каго былі ўжыты гэтыя новыя нормы. Менавіта таму здавалася, што працэс прайшоў «занадта хутка». Па-другое, раней патрабавалася шмат часу, каб сабраць разам і апрацаваць дакументы, якія датычыліся кандытата да беатыфікацыі. Аднак са з’яўленнем камп’ютараў, ксераксаў, прынтэраў і іншай сучаснай тэхнікі гэты працэс стаў нашмат хутчэйшым.

У 2002 г., праз дзень пасля кананізацыі Хасэмарыі Эксрывы, у інтэрв’ю «L’Osservatore Romano» кардынал Ратцынгер патлумачыў, што «цяпер зразумеў аблічча „Opus Dei“, здзіўляючую сувязь паміж абсалютнай вернасцю вялікай традыцыі Касцёла, верай, бяззбройнай прастатой, безумоўнай адкрытасцю на ўсе выклікі гэтага свету...». Кардынал Ратцынгер, які ў той час быў прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння, павінен быў казаць, што з’яўляецца каталіцкім, а што не; што адпавядае каталіцкаму духу, а што яму супярэчыць. Паводле яго, «Opus Dei» — гэта цалкам каталіцкае аб’яднанне і адпавядае яго духу. Гэты рух такі, як і ўсе іншыя.

 Адкрыць у новым акне Download (8Мб)

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме