17 красавіка, у Вялікі чацвер, калі пачынаецца Пасхальны Трыдуум і калі Хрыстус устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі і абмыў ногі сваім вучням, такі абрад выконваюць і святары, абмываючы ногі 12 парафіянам-мужчынам. У Гомелі падчас Імшы Вячэры Пана абрад абмывання ног здзейсніў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец.
17 красавіка, у Вялікі чацвер, адбылася Імша Хрызма ў пінскім катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Імшу з удзелам духавенства Пінскай дыяцэзіі ўзначаліў біскуп Антоні Дзям’янка.
У свята Пальмовай нядзелі ў гомельскай парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі прайшла святая Імша на англійскай мове для католікаў з афрыканскіх рэспублік, якія вучацца ў Гомельскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце.
13 красавіка, у Пальмовую нядзелю, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка ўзначаліў урачыстую Імшу ў пінскім катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Іерарх падкрэсліў, звяртаючыся да вернікаў, што Езуса важна разумець “як нашага духоўнага правадніка”, “каб Ён быў Панам нашых душаў”.
6 красавіка ў Баранавічах адбылася працэсія Крыжовага шляху вуліцамі горада. Удзел прынялі вернікі горада і ваколіц. Працэсія пачалася ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа.
З 11 красавіка ў палацы Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі дзейнічае выстава «Светлае Хрыстова Уваскрасенне», прымеркаваная да Вялікадня. Упершыню ў Гомелі выставяць працы мастачкі Алены Гордан, якая працуе ў тэхніцы мінеральнага россыпу.
У гомельскай парафіі Нараджэння Божай Маці пасля заканчэння катэхез, якія праходзілі ў студзені-сакавіку, утварылася новая Нэакатэхуменальная суполка. У яе ўвайшлі вернікі розных узростаў, прафесій, сацыяльных груп.
У Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску 28-29 сакавіка адбылася фармацыйная сустрэча міністрантаў Пінскай дыяцэзіі. У сустрэчы прынялі ўдзел 33 міністранты з розных парафій усёй дыяцэзіі.
24-26 сакавіка ў парафіі Святых Пятра і Паўла Апосталаў у Мядзведзічах (Пінская дыяцэзія) адбылася фармацыйная сустрэча Літургічнай службы алтара беларускіх парафій, дзе служаць хрыстусоўцы.
У Пінскай дыяцэзіі праходзіць двухдзённая сустрэча катэхетаў. Яна адкрылася 26 сакавіка ў капліцы Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі ў Пінску Імшой, якую ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
Падчас Імшы 25 сакавіка, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, у гомельскай парафіі Нараджэння Божай Маці маліліся аб усіх цяжарных жанчынах і медыках-гінеколагах, каб яны адмовіліся ад правядзення абортаў. Таксама гомельскія католікі прынялі ўдзел у традыцыйнай акцыі “Духоўнага ўсынаўлення” - 9-месячнай малітвы за ненароджанае дзіця, якому пагражае аборт. Каля 200 вернікаў парафіі заявілі пра свой намер такога духоўнага ўсынаўлення.
23 сакавіка біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка наведаў парафіі ў Жыткавічах, Лельчыцах, Ельску, Жлобіне і Петрыкаве. Адбылася сустрэча іерарха з душпастырамі гэтых парафій, а таксама з вернікамі.
21 сакавіка ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску адбылося ўдзяленне паслуг лектарату і акалітату. У якасці кандыдатаў на прыняцце былі прадстаўлены восем семінарыстаў: чатыры кандыдаты да паслугі лектарату і чатыры – да паслугі акалітату. Удзяленне гэтых “бачных ступеняў” на шляху паклікання і падрыхтоўкі да святарскага служэння адбылося падчас Імшы, якую ў семінарыйнай капліцы ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
У Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску адбыліся велікапосныя рэкалекцыі. Яны працягваліся з 14 па 18 сакавіка.