18 жніўня 2014 г. у санктуарый у Лагішыне (Пінская дыяцэзія) вырушылі дыяцэзіяльныя пілігрымкі з Бярозы і Баранавічаў. Традыцыйныя ўрачыстасці з нагоды свята абраза Маці Божай Каралевы Палесся адбудуцца ў Лагішыне 21-22 жніўня. Імшу на пачатак пілігрымкі Баранавічы-Лагішын у касцёле св. Зыгмунта ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Пілігрымка ў Лагішын з Бярозы пачалася Імшой у касцёле Найсвяцейшай Тройцы.
15 жніўня 2014 г., ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, у аднайменнай гомельскай парафіі адбылася ўрачыстая Імша, якую ўзначаліў яе пробашч, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец.
15 жніўня 2014 г. біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка наведаў парафію ў Пружанах, а 16 жніўня - у Асавой. У абедзвюх парафіях іерарх цэлебраваў адпустовыя святыя Імшы з нагоды ўрачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
15 жніўня 2014 г. у пінскай катэдральнай базыліцы адбылася адпустовая ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Менавіта такі тытул носіць старажытная пінская святыня, у галоўным алтары якой знаходзіцца старадаўні абраз з выявай узнясення Маці Божай у нябесную хвалу.
З 8 па 12 жніўня 2014 г. у Баранавічах праходзілі рэкалекцыі для старэйшых школьнікаў, арганізаваныя сёстрамі Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і, у якіх прынялі ўдзел 17 дзяўчын. Падчас рэкалекцый удзельніцы разважалі над шляхам святога Пятра.
Рэспубліканская акцыя «Разам у абарону жыцця», або «Тыдзень без абортаў», хутка пачнецца ў Гомельскай вобласці. Як паведамілі ва Упраўленні аховы здароўя аблвыканкама, плануецца, што ў верасні акцыя пройдзе ў медустановах Гомеля, а пазней - у раёнах вобласці.
6 жніўня 2014 г. у парафіі Перамянення Пана ў Новай Мышы (Пінская дыяцэзія) святкавалася адпустовая ўрачыстасць. У парафію прыбыў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, які ўзначаліў святую Імшу.
З 1 па 3 жніўня 2014 г. у Баранавічах адбыліся рэкалекцыі для ўдзельнікаў руху “Equipes Notre-Dame”. У духоўных практыкаваннях удзельнічалі сужэнствы з Брэсцкай і Мінскай абласцей.
1 жніўня 2014 г. у Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску адбыўся ўступны экзамен для тых, хто жадае прысвяціць сваё жыццё служэнню Богу і людзям. Кандыдаты на першы год навучання прадставілі веды па Катэхізісу і актуальным жыцці Касцёла, а таксама падзяліліся сваім бачаннем паклікання і месца Святога Пісання ў жыцці чалавека.
З 28 па 31 ліпеня 2014 г. у Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску прайшлі рэкалекцыі для юнакоў, якія жадаюць распазнаць сваё пакліканне. Рэкалекцыі праводзіў кс. Павел Ярашэвіч.
16 ліпеня, ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль, парафія Маці Божай Шкаплернай у Палонцы (Баранавіцкі дэканат) адзначала сваю ўрачыстасць. Імшу ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
12 ліпеня 2014 г. у парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Ляхавічах святкавалася 20-годдзе з часу пабудовы касцёла. Урачыстую Імшу ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Падчас яе група вернікаў атрымала сакрамэнт канфірмацыі.
6 ліпеня ў Гомельскай скаўцкай дружыне імя святога Андрэя Баболі Федэрацыі скаўтаў Еўропы афіцыйна з’явіліся першыя «ваўчаняты» — самыя малодшыя дзеці, якія прыняты на першую прыступку скаўтынгу. Стаць сапраўднымі скаўтамі яны змогуць па спаўненні 12 гадоў.
6 ліпеня ў Гомелі прайшла працэсія Божага Цела, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. Звычайна яна праходзіць у чэрвені, а ў Гомелі была перанесена з-за рамонту дарогі, па якой планавалася працэсія.