У апошнюю нядзелю літургічнага года мы збіраемся на Эўхарыстыі ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету. Ён, які памёр і ўваскрос, падрыхтаваў для нас сваё валадарства, за наш кожны добры учынак, за тое, што мы нагадвалі свету, што Ён любіць усіх людзей.
Усё, што мы маем у нашым жыцці, што нас акружае — створана Богам. Але таксама і тое, што Ён дае нашаму сэрцу: вера, надзея, любоў. Толькі ад нас залежыць, ці будзем мы прымаць гэтыя дары, ці застанемся без благаслаўлення і Яго апекі…
Грэх часта гасіць нашы лямпы, аслабляе любоў і веру. Грэшныя і слабыя, мы прыходзім да Бога, бо Ён адзін мае прабачэнне, бо Ён адзін можа нас напоўніць мудрасцю, каб мы былі чуйнымі і заўсёды гатовымі да спаткання з Хрыстом.
Слова Божае, якое сёння пачуем, прыносіць нам надзею, што мы ўсе будзем стаяць перад Богам, які знішчыць смерць і дасць нам жыццё. Гэтым жыццём для нас з’яўляецца Хрыстус, які паказаў нам шлях, перамог смерць сваім уваскрасеннем і дае нам сваё Слова.
Бог дае нам сілу, каб мы вучыліся любіць, а таксама годна прымаць любоў да нас. Гэта адносіцца не толькі да любові між людзьмі: у сям’і, ці на працы, ці ў касцёле, але таксама і да ўзаемнай любові з Богам.
Літургія гэтай нядзелі прыводзіць нас да вельмі прыгожай і важнай думкі – Бог пра нас клапоціцца. Прычым не толькі ў нашыя радасныя хвіліны жыцця, але і ў час смутку. Папросту мы яшчэ не навучыліся ў поўнай меры разумець Божыя планы ў нашым жыцці і за гэта Яму дзякаваць.
Бог паслаў нам свайго Сына. Аддаў таксама ў нашыя рукі лёс свайго Касцёла і лёсы свету. Праз удзел у гэтай эўхарыстычнай Ахвяры мы выказваем сваю веру ў Сына Божага, прыслухоўваемся да Евангелля, каб выконваць Божыя словы ў сваім жыцці і такім чынам прыносіць плён дабра, уносіць свой уклад у перамяненне свету.
Касцёл, выконваючы Божую волю, заклікае да навяртання і напаўнення надзеяй на тое, што Бог клапоціцца аб людзях, любіць кожнага, усіх жадае адарыць збаўленнем. Праз ахвяру Хрыста да нас набліжаецца збаўленне, яно становіцца нашым удзелам. Няхай жа наш удзел у нядзельнай Эўхарыстыі будзе выразам нашага чакання і поўным веры выкананнем волі Бога, каб атрымаць прабачэнне, надзею і абяцанне збаўлення.
Усіх нас Бог запрасіў да свайго вінаградніку – Касцёла. Дзякуючы сваёй працы, сямейнаму і грамадскаму жыццю, мы павінны выконваць хрысціянскае пакліканне. Кожная хвіліна і кожная праца павінна нас набліжаць да Хрыста, каб мы атрымалі плату ад Бога.
Божае слова дакладна нам прыгадвае, што праз пакору і згоду Божага Сына на смерць чалавек быў падняты з грахоў. А крыж, які быў ганебным, стаў праслаўленым і кожнаму хрысціяніну нагадвае, што ён адкуплены і збаўлены праз кроў Езуса Хрыста.
Мы пыхлівыя, не хочам прыняць навучанняў іншых, іх парадаў і пункту гледжання. Ведаючы нашыя грахі і слабасці, станем перад Богам у пакоры, каб прыняць Яго Слова, якое нас навучае і дае нам жыццё вечнае.
Для хрысціяніна няма іншага шляху, як ісці за Хрыстом, які выратаваў нас праз сваю смерць і ўваскрасенне. Няхай наша прысутнасць у Эўхарыстыі будзе выказваннем таго, што мы ідзём за Хрыстом і хочам удзельнічаць у Яго перамозе.
Людзям часоў Езуса Хрыста было няпроста паверыць, што Ён ёсць Божым Сынам, сапраўдным, нягледзячы на цуды і словы, якія Ён рабіў і казаў. Але пасля смерці і ўваскрасення Езуса шмат людзей, нават тыя, хто не верыў, атрымалі магчымасць па-сапраўднаму адчуць Божую любоў і Яго прабачэнне.
Мы належым да Касцёла – паўсюднай сям’і збаўленых. Касцёл найбольш аб’яўляецца, калі сабраныя на Эўхарыстыі адным сэрцам і вуснамі вызнаюць веру і праслаўляюць Бога. Няхай нашае сённяшняе сабранне вакол Хрыста дапаможа нам усвядоміць нашую лучнасць з усімі, якія так, і як мы, складаюць Эўхарыстычную ахвяру.
Мы прыйшлі на нядзельную Эўхарыстыю, каб сустрэцца з Богам праз паўторную ахвяру Езуса Хрыста. Сярод бур і трывог сучаснага жыцця нам патрэбна хвіліна цішыні, малітвы і разважанняў. Хай гэтая святая Імша будзе для нас як подых веры і сустрэча з добрым Богам.