Ураджэнец Беларусі Павел Лемех OMI з супольнасці айцоў аблатаў атрымаў дыяканскае пасвячэнне. Урачыстая святая Імша з нагоды ўдзялення дыяканскага пасвячэння адбылася 28 мая ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Обры (Польшча).
Выстаўка сучаснай іконы «Прыпавесці» будзе працаваць у Пінску да 26 чэрвеня. Некалькі дзясяткаў абразоў прадставілі пінчукам удзельнікі традыцыйных майстар-класаў па іканапісе ў Навіцах (Польшча).
28 мая ў Навагрудку адбыўся Фестываль сям’і, які стаў першым адмысловым «парадам сем'яў» у горадзе. Фестываль уключаў у сябе як духоўную частку, так і забаўляльную праграму.
Штогадовы пралайф марафон праходзіць у Гродна з 15 мая па 1 чэрвеня. Гэтая адмысловая акцыя, у якой удзельнічаюць католікі і праваслаўныя, уключала малітвы ў інтэнцыі ненароджаных дзяцей, вулічныя акцыі, сустрэчы і прэс-канферэнцыі, прысвечаныя абароне жыцця, а таксама аўта-мотапрабег вуліцамі горада.
29 мая ў Іўі прайшла працэсія Божага Цела вуліцамі горада, у якой прынялі ўдзел вернікі мясцовай парафіі Святых Апосталаў Пятра і Паўла і католікі Іўеўскага краю.
29 мая парафію Найсвяцейшай Тройцы ў Забалаці наведаў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі з нагоды ўрачыстага ўвядзення ў святыню грэміяльнага каноніка Гродзенскага катэдральнага капітула ксяндза Генрыха Яблонскага.
29 мая ў парафіі імя Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе (мк-н Індустрыяльны) падчас гамілій на нядзельных Імшах дк. Андрэй Ганчар распавядаў пра распазнанне свайго місіянерскага паклікання, а таксама пра ўчынкі міласэрнасці да бліжняга праз сведчанне любові.
29 мая ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе адбылося святкаванне ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста. Урачыстасць узначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
29 мая ў парафіі Святога Мікалая ў Міры дзеці прынялі першую Камунію. Аб тым, як адбывалася ўрачыстасць, піша парафіянка касцёла ў Міры Таццяна Пятрова.
29 мая пасля амаль 80-гадовага перапынку на вуліцах сталіцы Палесся адбылася працэсія Божага Цела з нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста. Працэсія стала для Пінска сапраўды гістарычнай падзеяй.
29 мая ў гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі 69 вернікам — моладзі і дарослым.
30 мая ў парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Волме адбылася пастырская сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
28 мая сотні вернікаў з усёй дыяцэзіі разам са святарамі і законнымі сёстрамі на чале з біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам прайшлі вуліцамі Віцебска ў працэсіі Божага Цела, каб такім чынам публічна даць сведчанне сваёй веры ў рэальную прысутнасць Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.
29 мая вернікі Магілёва сабраліся разам, каб адзначыць урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста і юбілейную ўрачыстасць з нагоды Надзвычайнага Года Божай Міласэрнасці для першакамунійных дзяцей.
«Цяпер па вуліцы ідзе Кароль каралёў — Езус Хрыстус! Хто можа быць важнейшым за Яго?» — з гэтым пытаннем звярнуўся да гомельскіх вернікаў дапможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, які ўзначаліў святочную Імшу і працэсію Божага Цела ў Гомелі 29 мая.